Улада1414

Ларын расказаў, як адмовіўся страляць у губернатара Саўчанку

У Вярхоўным судзе на працэсе над Аўтуховічам працягвае даваць паказанні Аляксандр Ларын, які нібыта мусіў быць выканаўцам замахаў на высокапастаўленых чыноўнікаў.

У Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе над абвінавачанымі ў падрыхтоўцы тэракту працягвае даваць паказаньні Аляксандар Ларын, якому Мікалай Аўтуховіч нібыта замовіў замах на тагачаснага старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку.

Спробу замаху на Ўладзімера Саўчанку, паводле Ларына, ён зрабіў раніцай 31 кастрычніка 2005 году. Спачатку Ларын на адмыслова набытым аўтамабілі прывёз у Горадню пакунак з гранатамётам і самаробным выбуховым прыстасаваньнем, які выкапаў з тайніка ў лесе. Потым з пакункам Ларын пранік на тэрыторыю ліцэю непадалёк ад дома Ўладзімера Саўчанкі. Была прыкладна 5‑я гадзіна раніцы, паведаміў суду падсудны.

Далей Ларын распавёў, як усталяваў і прывёў у гатоўнасьць самаробную бомбу, а за 30 мэтраў ад яе разьмясьціўся сам. Бомба яму нібыта спатрэбілася, каб напужаць магчымую пагоню. Назіраў за домам Саўчанкі Ларын нібыта са старога пня каля куста бэзу. Неўзабаве ён убачыў каля дома Саўчанкі службовы аўтамабіль «Волга», зь якога вышлі два чалавекі. Гэта па «губэрнатара», як Ларын называў Саўчанку, прыехалі ахоўнікі.
Судзьдзя Аляксей Цяцюхін зацікавіўся адлегласьцю паміж Ларыным і домам Саўчанкі. «Каля 200 мэтраў», — адказаў Аляксандар Ларын і дадаў, што ўжо пачало сьвятлець. Варта нагадаць, што гаворка пра 31‑га кастрычніка, калі сьвятлее досыць позна.

Але зрабіць замах Ларын так і ня здолеў. Нібыта, убачыўшы, як ходзяць туды‑сюды ахоўнікі, ён спужаўся і «вырваў чаку з гранатамёту». Але страляць ён ня стаў. Чаму? Вось што тлумачыў Ларын пракурору Сафараву і судзьдзі Цяцюхіну:

Ларын: «Той чалавек, які зайшоў у двор дома губэрнатара, выйшаў ніжэй, спыніўся, паглядзеў і зноў зайшоў».

Пракурор Сафараў: «І што?»

Ларын: «Ну, і я забаяўся, што гэта «падстава».

Пракурор Сафараў: «Падстава? Што вы маеце на ўвазе? Выкажыцеся чалавечаю мовай».

Ларын: «Што мяне проста ці арыштуюць, ці заб’юць на месцы з гэтым гранатамётам».

Пракурор Сафараў: «А навошта вы вырвалі чаку гранатамёту?»

Ларын: «Спужаўся».

Пракурор Сафараў: «Вы зьбіраліся яго выкарыстоўваць?»

Ларын: «Дык там не было сэнсу яго выкарыстоўваць».

Пракурор Сафараў: «Тады патлумачце: вы вырвалі чаку з гранатамёту, паколькі баяліся за сваё жыцьцё. Вы ж гэтак сказалі?»

Ларын: «А іншай зброі ў мяне не было».

Пракурор Сафараў: «А абрэз?»

Ларын: «Абрэз ляжаў у аўтамабілі. І ўсё роўна ён вялікі».

Судзьдзя Цяцюхін: «Яшчэ раз, калі ласка, дзе ляжаў абрэз? Вы сказалі, што абрэз ляжаў у аўтамабілі? Дык вы ўжо забралі абрэз з тайніка ў лесе?»

Ларын (няўпэўнена): «Так».

Судзьдзя Цяцюхін: «А што тады заставалася ў лесе?»

Цікаўнасьць судзьдзі тлумачыцца, відаць, тым, што раней Ларын пэўна казаў, што забіраў з тайніка ў лесе гранатамёт і самаробную бомбу, а пра абрэз вінтоўкі ня згадваў. Неўзабаве пасьля таго, як Ларын гэтак спужаўся за сваё жыцьцё, ён пераапрануўся і сышоў з тэрыторыі ліцэю, пакінуўшы на месцы гранатамёт і бомбу. «Было ўжо каля 8 гадзіны раніцы», — канчаткова зьдзівіў прысутных на працэсе Ларын.

Адвакат Уладзімера Асіпенкі Тамара Сідарэнка гэтак пракамэнтавала супярэчнасьці ў паказаньнях Аляксандра Ларына:

«Справа ў тым, што на сьледзтве ён крыху па‑іншаму казаў. Ён там казаў, што адпачатку не зьбіраўся нічога рабіць. Тады ўзьнікае пытаньне, чаму, паводле сёньняшніх паказаньняў, ён так сур’ёзна ўсё раскладваў. Цяпер ён робіць намёкі, што баяўся нейкага сачэньня. Каго? Быццам кажа пра майго падабароннага і іншых асобаў. Будзем высьвятляць у яго падчас допыту».

Былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка, якога суд прызнаў пацярпелым, на працэс не зьяўляецца. Месца яго знаходжаньня журналістам дакладна не вядомае.

Каментары14

Цяпер чытаюць

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю48

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю

Усе навіны →
Усе навіны

Сікорскі — Расіі: Пасля не ныйце. Мы вас папярэдзілі30

Пасля арышту таксіста-шпіёна польскія спецслужбы масава цягаюць беларусаў на допыты9

У Магілёве затрымалі брата палітвязня Чавусава

У Заслаўі чалавек сотнямі разводзіць у кватэры пацукоў. Суседзі стогнуць і скардзяцца2

Расследавальнікі знайшлі дубайскага кашалька Лукашэнкі, які пабудаваў бізнэс-імперыю ў Літве і застаўся па-за санкцыямі9

Барселонская Саграда Фамілья ў наступным годзе стане найвышэйшым хрысціянскім храмам Еўропы2

У Беларусь даставілі буйную партыю боепрыпасаў5

Жонка Чарлі Кірка публічна прабачыла забойцу яе мужа. Трамп з ёй не пагадзіўся5

Канал МЗС Беларусі абвінаваціў Польшчу ў шантажы Кітая па ўказцы Вашынгтона22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю48

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць