«Усё хутка разваліцца — а мы тут жывём». Жыхары барака ў Рэчыцы звярнуліся да Лукашэнкі
У Рэчыцы жыхары старых дамоў скардзяцца на жахлівыя ўмовы жыцця: адсутнасць рамонту з 2010 года, праблемы з каналізацыяй і вадой, пячное ацяпленне, а таксама высокія камунальныя плацяжы, у тым ліку за капітальны рамонт, які не праводзіўся.

Чарговы адкрыты відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі заўважыў «Флагшток». Гэтым разам з Рэчыцы, дзе мясцовы жыхар распавёў пра ўмовы жыцця ў мясцовых «бараках». Гаворка ідзе пра двухпавярховыя жылыя дамы па вуліцы Пралетарскай у прыватным сектары недалёка ад цэнтра горада.
«Рамонту няма ніякага з 2010 года, усё валіцца, каналізацыі няма, вады няма, пячное ацяпленне, пад'езды ніхто не прыбірае. Усё цячэ, усё плыве, страшна жыць. А сумы [за паслугі ЖКГ] — па 50‑60 рублёў. У тым ліку за капрамонт, які не робіцца», — кажа аўтар відэа.
Па яго словах, «усё хутка разваліцца — а мы тут жывём». Сапраўды, на відэа добра заўважныя расколіны ў сценах, падмурку, дзіркі каля вокнаў.
Мясцовы жыхар сцвярджае, што «ЖКГ нічога не робіць, райвыканкам таксама нічога не робіць»:
«Кідаюць з кабінета ў кабінет. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, мы звяртаемся да вас: дапамажыце, калі ласка. Гэта ўжо невыносна. За што мы плацім, жывучы ў бараку? А побач жа «Еўраопт» — не паверу, каб сюды ніхто не ездзіў з райвыканкама і не бачыў гэтыя баракі».
Аўтар таксама паказаў квітанцыю за аплату паслуг ЖКГ — за двухпакаёвую кватэру 43 рублі на месяц. Гэтая цана супастаўная з аплатай за камунальныя паслугі жыхароў кватэр у шматпавярховых дамах.
Каментары