Устаноўка вокнаў скончылася пажарам у доме і вялікай прычыненай шкодай
Незвычайны выпадак адбыўся ў снежні 2024 года ў Кіраўскім раёне ў прыватным доме.

У той дзень у доме двое спецыялістаў мянялі вокны. У нейкі момант гаспадыня вырашыла распаліць агонь у печы ў зале, аднак дровы не загараліся, і адзін з работнікаў прапанаваў жанчыне дапамогу, ад якой яна адмовілася, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

Затым яна пайшла ў іншы пакой да дзіцяці, і ў гэты момант 34-гадовы ўстаноўшчык вокнаў прынёс з аўтамабіля бутэльку з бензінам і выліў у печ. Адразу ж адбылася ўспышка паліва — загарэлася адзенне на мужчыне і бутэлька з бензінам, якую ён паставіў на падлогу.
Далей агонь распаўсюдзіўся па падлозе, перакінуўся на столь. Людзі, якія знаходзіліся ў доме, эвакуяваліся, узгаранне ліквідавалі супрацоўнікі МНС, што прыбылі па выкліку.

Пашкоджаны дах дома, знішчаныя рэчы і маёмасць у зале, абвуглены канструкцыі перакрыцця, агонь пашкодзіў таксама іншыя пакоі ў доме.
Супраць мужчыны завялі крымінальную справу.
Каментары