Гісторыя77

«Мы фарбавалі яйкі толькі ноччу». Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя Вялікдзень у Беларусі святкавалі інакш

Модных булак, пазалочаных яек ды інстаграмных кошыкаў яшчэ не было, але былі свае адметныя рытуалы рыхтавання да свята, новыя хусткі, якімі хваліліся, святочныя песні і традыцыі, перадаваныя з пакалення ў пакаленне. У вёсках — яшчэ болей. Там Вялікдзень быў не проста рэлігійнаю датаю. Гэта было галоўнае свята, да якога пачыналі рыхтавацца яшчэ з зімы. «Белсат» старанна сабраў велікодныя ўспаміны нашых бабуль і дзядуляў ды бацькоў з розных куткоў Беларусі, каб і мы не забыліся, як беларусы святкавалі Вялікдзень 50 гадоў таму.

Жанчыны з Данілевічаў Лельчыцкага раёну ў святочных строях на Вялікдзень. Фота: t.me / lelchitsy_telegram

«Вялікдзень — гэта было як новае жыццё. Прачынаешся — і быццам увесь свет чысцейшы стаў, — згадвае спадар Мікола з-пад Пінску. Ён памятае Вялікдзень, калі яму было дванаццаць. — На дварэ — шасцідзясятыя. Тады нават тэлевізараў амаль ні ў каго не было, аднак у кожнай хаце былі велікодныя яйкі, цёплая печ і спечаныя булкі».

Свята, якога чакалі з зімы

У вёсках Вялікдзень быў галоўным святам года. Больш чаканым за Новы год.

«Мы да Вялікадня гатаваліся з лютага. Мама казала: «Калі не будзеш добра сябе паводзіць, яйка будзе бялявае». А ў нас жа ж без чырвонага яйка — сорамна! — смяецца суразмоўца. — Яшчэ ў лютым мама квасіла буракі. Казала: «Будзе смачны боршч і чырвоныя яечкі».

У 1960—70-ыя гады ў вёсцы людзі не чакалі календара. Гаварылі: «Калі сонца інакш пацяплела — час рыхтавацца да вялікага свята».

Усё пачыналася з чысціні. Печ мылася, хата выскрабалася з кутоў, выбіваліся посцілкі, перабіраліся ўсе скрыні.

Хата мусіла быць як душа — чыстая, гатовая прыняць святло. Да Вялікадня яе належала выбеліць — сцены і столі. Для гэтага з хаты выносілі ўсю мэблю, часам нават адну ноч спалі на падлозе.

«Чакалі гэтага дня, дагэтуль памятаю, як спалі ў голай хаце, смяяліся ўсю ноч, а на душы — адчуванне надыходу свята», — згадвае мужчына.

Пафарбаваныя велікодныя яйкі — асобны від мастацтва ў вёсцы. Фота: bobruisk.ru

«Не проста ўпрыгожванне: то была магія»

Яйкі фарбаваліся толькі натуральным. Цыбульнае шалупінне — амаль ува ўсіх. А на Палессі часцяком яшчэ і кваснымі буракамі. Яшчэ клалі на яйка лісточкі, абгортвалі ніткай і варылі. Гэта было не проста ўпрыгожванне: то была магія. Яшчэ для колеру дадавалі настой дубовае кары, лушпінне ад яблыкаў, траву — усё надавалася. Яйкі можна было фарбаваць нават бярозавымі лісточкамі, каб яны зялёныя былі.

Усё рабілася ў цішыні.

«Мы фарбавалі яйкі толькі ноччу. Каб ніхто не бачыў, а то не атрымаецца прыгожа. Трымалі іх у квасе, а потым націралі салам — дык бляск быў, як у шкла», — успамінае спадарыня Геня з-пад Талачына.

Фарбавалі яйкі нават тыя, хто не хадзіў у царкву, бо верылі: гэтая традыцыя — мацнейшая за любыя палітыкі і часы.

«Кожны з нас, хто хаця б раз у жыцці трымаў у руках яйка, пафарбаванае бурачком, адчуваў, што гэта не пра ежу, а для некаторых нават не пра веру, а нешта пра дом, маці і сувязь з продкамі. Кожная дробязь была важная. Бо людзі верылі: як сустрэнем Вялікдзень, так увесь год і пражывём», — згадвае спадар Мікола.

Булкі ягоная маці пякла ў Чысты чацвер, а калі яны ўжо былі гатовыя, не ставіла іх астываць на стол — несла акуратненька на свой ложак і прыкрывала, каб правільна дайшлі, «у цеплыні ды ў пашане».

Ежы на Вялікдзень гатавалі столькі, каб хапіла на ўсю сям’ю і гасцей. Фота: sputnik.by

«Як звычайна на Вялікдзень з хаты не выходзілі»

«Ой, дзеці мае дарагія, каб жа вы ведалі, як мы Вялікдзень раней чакалі, — пачынае аповед спадарыня Ганна з Гарадзеншчыны. — Ноччу ішлі ў царкву, там служба доўгая была, але цікава! А як дамоў вярталіся, то трэба было ісці па расе на раку, басанож, каб на ўвесь год здароўе было».

Як звычайна на Вялікдзень з хаты не выходзілі, усё мусіла быць асаблівае. Гэта быў дзень, калі дзверы нібыта адчыняліся ў новае жыццё. Гэта нават складана патлумачыць, але нібыта дыхалася ў гэты дзень інакш.

«Не паспееш выйсці з хаты, як з усіх бакоў: «Хрыстос Уваскрос!» На гэта адказвалі: «Сапраўды Уваскрос!» — і цалаваліся тры разы, як у вялікай сям’і, і абдымаюць, і яйка сунуць у рукі», — згадвае спадар Мікола.

Яйка было сімвалам міру і ладу. Не толькі асвячонае, але і падоранае з рукі — як жэст зычлівасці. Часам нават казалі: «Ты мне не вораг, як маё яйка не пустое».

«Мы з братам хадзілі па вуліцы і біліся яйкамі. У каго яйка трывалае, той пераможца! Былі свае чэмпіёны з цвёрдым бокам, усе вёскі ведалі, у каго непрабіўное», — смяецца спадарыня Людміла з-пад Карэлічаў.

У шмат якіх мясцовасцях былі свае традыцыі. На Лідчыне ў Вялікдзень гулялі ў качанне яек з гары: чыё даляціць далей, таму будзе шчасце. На Палессі вадзілі карагоды вакол царквы ці на кладцы, спявалі велікодныя песні, адмысловыя «велікодныя гаі» — адразу пасля сканчэння ў царкве службы.

А ў Данілевічах Лельчыцкага раёну ёсць незвычайны каменны крыж: яго мясцовыя жыхары называюць не інакш як «дзяўчынкаю». Гэты старажытны знак шануюць не толькі як хрысціянскую святыню, але і як язычніцкае капішча — месца, дзе здаўна просяць добрага лёсу. На Вялікдзень да крыжа прыносяць яйкі, булкі, цукеркі, а часам нават жаночыя аздобы — сукенкі, каралі. Людзі вераць: калі пакінуць на свята «дзяўчынцы» падарунак і загадаць жаданне, яно споўніцца.

У некаторых вёсках заходняй Беларусі існаваў звычай адведаць хросных. Не хросныя дзяцей, як цяпер, а наадварот: дзеці і моладзь ішлі да хросных бацькоў з падарункамі ды песнямі, а тыя частавалі і давалі «на яйкі».

«Мне неяк хросная падарыла чырвоныя панчохі. Самыя прыгожыя! Я іх потым увесь травень насіла і нават у царкву хадзіла толькі ў іх», — з усмешкаю згадвае спадарыня Ніна з Лепельскага раёну.

Жыхаркі вёскі Данілевічы ўлагоджваюць і водзяць святочны карагод вакол «дзяўчынкі», каменнага крыжа. Фота: t.me / lelchitsy_telegram

«Вялікая нядзеля без шчасця не бывае»

«Нават калі хлеба не хапала, на Вялікдзень павінна было быць нешта новае: хустачка, фартушок ці хаця б пацеркі. Інакш — сорам перад Богам і людзьмі», — згадвае спадарыня Ніна.

Дзяўчаты мераліся хусткамі, як сённяшні Instagram — вобразамі.

«Ты бачыла, што Надзя з Заходняй вуліцы сабе набыла? Блакітная, з залатымі кветкамі — мусіць, дзядзька з Полацку прывёз». Гэта быў ціхі конкурс прыгажосці, але без зайздрасці. Во як было, — згадвае жанчына. — Хлопцы ў свята выходзілі ў першых чаравіках пасля валёнак».

Для кагосьці Вялікдзень быў найлепшым успамінам дзяцінства, для кагось — днём, калі ўпершыню пабачылі будучую жонку ля царквы. А яшчэ казалі: «Вялікая нядзеля без шчасця не бывае». Таму людзі свяцілі не толькі яйкі, але і марылі ў гэты дзень — маўкліва, праз сціплую малітву.

На стале не мусіла быць нічога лішняга, але было ўсё найлепшае. І нават калі не ставала грошай, да Вялікадня пакідалі самае добрае. Сала хавалі на свята, курачак не білі, каб якраз перад святам падаць «нешта добрае». У каго былі каровы — пакідалі масла. У каго была печ — пяклі хлеб. А калі не было сваёй — суседзі дзяліліся.

«Тата штогод рабіў квас на хлебе. Ён да свята акурат даспяваў — быў моцны, як воін, — смяецца спадарыня Вера з Віцебшчыны. — На стале была вымачаная ў гарачай вадзе каўбаса, нарыхтаваная яшчэ восенню; тварожны сыр, адціснуты ў марлевым вузельчыку; салодкія булачкі, хлеб. А з імі — халаднік з яечкам ды з бурачком. Пах гэты дагэтуль памятаю. Яшчэ рабілі халадзец, таркавалі хрэн, гуркі з бочкі даставалі».

«Як Вялікдзень правядзеш, так год і пражывеш»

Для дзяцей гэта быў найшчаслівейшы дзень у годзе. Бо хто ж не чакаў велікоднага «прылунання» — калі тата ці маці кажуць: «Глядзі, што табе зайчык прынёс!» Гэта мог быць кавалак шакаладу, прыгожа пафарбаванае яйка ці невялічкая цацка. Але тое, як гэта падавалася, рабіла з дробязі цуд.

А яшчэ важны быў кошык. Не які прыйшоўся пад руку, а асобы, прыгожы, аздоблены вышываным ручніком. У ім — яйкі, кавалак хлеба або булкі (калі быў), кавалачак сала, часам — сыр або кавалачак каўбасы. Але галоўнае — усё мусіла быць зробленае сваймі рукамі. Ніхто не нёс у царкву крамнага.

«У нас у кошыку было восем яек. Па адным на кожнага — тату, маці, ну і на нас пяцярых. Яшчэ адно — для тых, каго ўжо няма. Мы яго потым клалі на магілку, калі ішлі на Радаўніцу», — апавядае спадар Мікола.

Але не ўсе ў Беларусі наведвалі могілкі на Радаўніцу. На другі ці трэці дзень пасля Вялікадня — у розных рэгіёнах на свой лад — людзі ішлі на могілкі. Гэта быў святы абавязак.

«І гэта не было сумнае — гэта было светлае: памяць, павага, частка жыцця, у якім мёртвыя і жывыя — побач», — расказвае спадарыня Геня з Віцебшчыны. Ейны бацька заўсёды казаў: «Памерлыя таксама чакаюць Вялікадня».

Могілкі прыбіралі загадзя. У белых хусцінках, кошыкамі з ежай — для тых, хто адышоў.

«Мама вучыла: на магіле — не плакаць. Трэба сесці, згадаць, пагаварыць ціха. Пакласці кавалачак хлеба, а астатняе з’есці разам, памаліцца і пайсці дадому», — адзначае суразмоўца.

Часам на могілках спявалі. Старэйшыя жанчыны — памінальныя песні.

«А дзеці бегалі паміж крыжамі і не баяліся. І гэта не лічылася чымсьці дрэнным, як цяпер у царкве кажуць. Бо смерць не падавалася нам як нейкі жах, мы разумелі гэта як працяг жыцця. Проста мы тут, а яны ўжо там, пайшлі далей», — тлумачыць спадарыня Геня.

На Палессі на могілкі насілі не толькі ежу, але і новую хустку або кашулю — «каб не мерзлі там». У некаторых мясцовасцях нават ставілі на крыж падсвечнік — «каб было відаць, што пра яе памятаюць».

«Мы, можа, і Бога не разумелі, але чамусьці ведалі: калі ў Вялікую нядзелю не прыйсці да памерлых — яны пакрыўдзяцца. І год будзе цяжкі», — кажа спадар Мікола.

Каментары7

  • Sz
    20.04.2025
    Ёсік, у вёсках нічога не змянілася. Мне 40 гадоў, а свята святкуюць так, як і ў дзяцінстве — з яйкамі, пафарбаванымі ў цыбульніку, з булкамі, і традыцыйна збіраецца ўся сям’я. Калі яшчэ дзядуля быў жывы, то на Вялікдзень за адным сталом збіраліся чатыры пакаленні.
  • Спасибо
    20.04.2025
    Спасибо за культуру - гигантский вклад, а теперь иди на полку, где мифы стоят.
  • Žvir
    20.04.2025
    «Як Вялікдзень правядзеш, так год і пражывеш» ? Vos` tak vo i budu žyc` ? O-o-o-o... Vos` i vypala mnie, vypala dyk vypala... Alie ž, vynikaje, NN čytac` budu, i dziakuj...:)
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ8

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнту Украіны Януковічу завочна далі 15 гадоў

Пуцін адправіў сваіх «Начных ваўкоў» у Германію12

Сабаленка: Натуральна, я хачу яхту, самалёт6

«Не пашпарт мяне робіць беларусам». Пагутарылі з эмігрантамі з розных краін, у якіх скончыліся пашпарты6

Якія мікрараёны Мінска самыя дарагія?1

Трамп сказаў, што Зяленскі можа адмовіцца ад Крыма2

У гарадскіх маршрутках павінны з'явіцца рамяні бяспекі

Канада сёння абірае новы парламент і прэм’ер-міністра на фоне канфлікту з Трампам1

Самую дарагую кватэру ў Мінску спрабуюць здаць за 10 тысяч даляраў штомесяц9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ8

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць