Мальдывы, Занзібар і Італія: куды панесла адпачываць прыхільнікаў Лукашэнкі
Сезон адпачынкаў на моры-акіяне (і не толькі) распачаты. Паглядзелі, дзе ж адпачываюць прапагандысты, праўладныя спартсмены і іншыя прыхільнікі рэжыму.
Марыя Пятрашка з бацькамі на Занзібары
Прапагандыстка Марыя Пятрашка летась пераехала з Мінска ў Маскву і цяпер корміць фэйкамі гледачоў тэлеканала «Расія 24».
Зараз яна паляцела адпачываць на Занзібар. Гэты архіпелаг, які ўваходзіць у склад Танзаніі, апошнім часам карыстаецца папулярнасцю сярод заможных прыхільнікаў Лукашэнкі — раней фотаздымкамі адтуль выхваляліся спявачкі Ірына Дарафеева і Алена Ланская.

Пятрашка ў адпачынку разам з бацькамі. Дарэчы, жанчына не ўпершыню распавядае аб тым, што адпачывае з мамай.
Марыя вырашыла разбавіць цюленевы адпачынак і паехала на сафары ў Танзанію.
— Заўсёды марыла паехаць сям’ёй на сафары. Бо бацькі ўключалі мне Animal planet. За што і паплаціліся.
Прапагандыстка распавяла, што зебры ды і антылопы надакучылі ёй праз пяць хвілін, бо яны літаральна ўсюды.
— А потым наша машына захрасла. І нам прыйшлося выйсці ў адкрытую мясцовасць. Побач былі буйвалы — мы вырашылі, што яны смачнейшыя для льва. Што вы ведаеце пра экстрым? — пажартавала ў сторыс тэлевядучая.

Марыя любіць бываць на беразе Індыйскага акіяну. Але любуецца яна не толькі хвалямі. Ужо не адну сторыс прапагандыстка прысвяціла мускулістым хлопцам, якія перыядычна гуляюць на пляжы ў футбол. Яна захапляецца прыгожымі мужчынамі.
Біятланісты Смольскія з малым у Італіі
Біятланісты Дзінара і Антон Смольскія, якія перыядычна выказваюць крыўду на тое, што не могуць выступаць у Еўропе, паехалі туды ў адпачынак.
Дзінара прызналася, што яна і Антон неаднаразова былі ў Італіі на спартыўных зборах, але падчас іх ніколі не атрымлівалася паглядзець турыстычныя месцы. Таму цяпер яны разам з маленькім сынам Сафронам адправіліся вандраваць па Мілане, Венецыі, Рыміні (зганялі ў Сан-Марына, што побач з курортным горадам). Сфатаграфаваліся і на фоне алімпійскіх колцаў, якія ўжо паставілі ў італьянскіх гарах у чаканні зімовых Алімпійскіх гульняў. Дзінара вельмі спадзяецца, што ў іх атрымаецца трапіць туды ў 2026 годзе як спартоўцам.

У Рыме сям’я пасялілася побач з Ватыканам. Дзінара распавяла, што, каб пабачыць фантан Трэві і Калізей адносна без натоўпу, ім прыйшлося прыйсці туды а сёмай раніцы.
Не абышлося без шопінгу. Колькі б Лукашэнка ні казаў пра тое, што не трэба захапляцца заходнімі брэндамі, яго прыхільнікі гэта ігнаруюць. Дзінара радасна напісала ў тэлеграме: «Зайшлі ў аўтлет, а далей усё як у тумане». На фотаздымках бачны пакеты і каробкі з лагатыпамі Guess, New Balance і Under armour. Нават Сафрон, якому няма яшчэ 2 гадоў, пазіруе з фірмовай кофтай Adidas.

Смольскія ўжо вярнуліся ў Мінск і не забылі паведаміць, што ў чарговы раз зразумелі: Беларусь — найлепшае месца для жыцця.
Ксенія Санковіч з сям’ёй на Мальдывах
Былая гімнастка, а цяпер генеральная сакратарка Нацыянальнага алімпійскага камітэта абрала для сваёй сям’і люксавы адпачынак. З мужам і дачкой Ксенія Санковіч паляцела на Мальдывы.

Сама Ксенія не вельмі імкнецца паказваць свой адпачынак у экзатычным месцы. Спачатку яна апублікавала сямейнае фота ў самалёце. Але потым не ўтрымалася і дадала фота з пляжа. Сюжэт класічны: голыя ногі і келіх белага віна. Праўда, Ксенія ўдакладніла, што ўсё роўна працягвае працаваць.

Затое яе муж, расіянін Ілля Папоў, які займае пасаду дырэктара па маркетынгу Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі, запісвае рылсы на фоне Індыйскага акіяна.
Аляксандр Глеб з сям’ёй выбраў Мальдывы і Дубай
Блогерка і жонка аднаго з самых вядомых футбалістаў Беларусі Святлана Глеб распавяла ў сваім інстаграме, што летась яна ўпершыню змагла ўгаварыць мужа на адпачынак не ў Дубаі, а на Мальдывах.

Святлана прызналася, што яна даўно марыла пра гэтае месца, але лічыла, што дачкам лепш у Дубаі, дзе няма камароў, затое ёсць знаёмая ежа. Плюс у самога Аляксандра быў стэрэатып, што на Мальдывах сумна. Але жонка яго пераканала.
У выніку ўсе засталіся задаволены адпачынкам, а пасля экзатычнага вострава правялі яшчэ некаторы час і ў Дубаі.
Таццяна Трацяк: Шры-Ланка, Арменія, Дубай
Твар ГУБАЗіКа і вядучая АНТ Таццяна Траццяк не саромецца паказваць сваё шыкоўнае жыццё. Яна рэгулярна фатаграфуецца ў дарагіх рэстаранах ды кафэ, куды носіць свайго любімага сабачку. Жанчына ігнаруе тое, што ў Беларусі цяпер забаронена браць пітомцаў у крамы і аб’екты грамадскага харчавання.

Адпачываць Таццяна ездзіць часцей, чым сярэднестатыстычны беларус гадоў за пяць. Летась у жніўні і верасні яна выхвалялася адпачынкам у ААЭ ў Фуджэйры. Сёлета ўжо ў сакавіку паляцела на Шры-Ланку. Потым была Арменія і, канечне, любімы Дубай.
Цяпер жа жанчына зноў паляцела з Беларусі — гэтым разам каб адсвяткаваць свой дзень нараджэння ў расійскім Санкт-Пецярбургу.

Таццяне вельмі падабаецца тое, што на яе люксавыя будні ды адпачынкі звяртаюць увагу. Бо публікацыямі ў «Нашай Ніве» яна любіць пахваліцца ў сторыс перад падпісчыкамі. Быццам бы забываецца, што простых людзей за такое адпраўляюць на Акрэсціна.
Анжаліна Мікульская — Італія
Рыжэсёрка канцэртаў для Лукашэнкі Анжаліна Мікульская (яна цяпер кіруе прадзюсарскім цэнтрам «Спамаш») святкавала Раство і сустракала 2025 год у Вялікабрытаніі.

А ў чарговы адпачынак вырашыла праехацца пра розным гарадам Італіі. Яна фатаграфавалася з Пізанскай вежай, наведвала галерэю Уфіцы ва Фларэнцыі і любавалася фантанам Трэві ў Рыме.
Ланская на Занзібары, Дарафеева на Кубе, Сярога ў Швейцарыі: дзе адпачываюць зімой лукашэнкаўскія спевакі
Дзе сёлета адпачываюць Тур, Мірончык-Іванова, вядучая ГУБАЗіКа ды іншыя лукашысты і якія гатэлі яны выбіраюць?
«Ну кайф жа!» Каментатарка «Беларусь 5» Дарына Запольская адпачывае ў Францыі ФОТА
«Я, можа, і не магу паехаць у ваш засраны Парыж…» Лебедзеву зусім не бамбіць у адпачынку
Каментары