На абед падала атрутныя грыбы. Жанчыну ў Аўстраліі судзяць за забойства траіх сваякоў
Аўстралійка, якую абвінавачваюць у прыгатаванні атручанага абеду, прызнала, што збірала дзікія грыбы, хлусіла паліцыі і знішчыла доказы. Пра гэта заявілі ў судзе горада Морвел, піша Бі-бі-сі — Украіна.

У Вярхоўным судзе штата Вікторыя распачаўся судовы працэс над 50-гадовай Эрын Патэрсан. Яе абвінавачваюць у прыгатаванні стравы з атрутнымі грыбамі, што прывяло да смерці людзей. Адначасова абарона настойвае, што гэтая «трагедыя» была проста «жудасным няшчасным выпадкам».
Эрын Патэрсан абвінавачваюць у забойстве траіх сваякоў і замаху на забойства яшчэ аднаго чалавека. Абвінавачанне мяркуе, што ў сябе дома ў ліпені 2023 года Эрын прыгатавала абед, на якім наўмысна атруціла людзей. Гэта здарылася, калі жанчына прыгатавала класічную страву брытанскай кухні з ялавічынай і грыбамі — Біф-велінгтан.
Спадарыня Патэрсан не прызнае віны. Яе адвакаты заяўляюць, што яна «панікавала», калі выпадкова накарміла атручанай стравай людзей, «якіх шчыра любіла».
Гэтая гісторыя пачалася з таго, што Гэйл і Дон Патэрсаны прыехалі наведаць сваіх унукаў і засталіся на абед у доме сваёй нявесткі Эрын Патэрсан у мястэчку Леангата — за дзве гадзіны язды на паўднёвы ўсход ад Мельбурна.
З імі была сям’я Уілкінсанаў — Хізэр (сястра Гэйл) і яе муж Іэн.
Усе чацвёра — паважаныя члены супольнасці суседняга мястэчка Карумабура, дзе Іэн служыць пастарам у мясцовай баптысцкай царкве.
На працягу некалькіх дзён пасля абеду ў бальніцы памерлі: былыя свёкры Патэрсан — Дон і Гэйл Патэрсаны, абодвум было па 70 гадоў, а таксама сястра Гэйл — Хізэр Уілкінсан, ёй было 66 гадоў.
Адзіны, хто выжыў пасля абеду, — мясцовы пастар і муж Хізэр — Іэн Уілкінсан. Яго лячылі ў бальніцы некалькі тыдняў.
У судзе адзначылі, што няма сумневаў у тым, што ў страве Біф Велінгтан былі атрутныя грыбы (мухаморы смертаносныя) і менавіта яны сталі прычынай атручвання і смерці гасцей.
Суддзя Крыстафер Біл патлумачыў: «Ключавое пытанне, ці сапраўды яна мела намер забіць або прычыніць вельмі цяжкую шкоду».
Пракурорка Нанэт Роджэрс адкрыла судовы працэс заявай, што спачатку справу разглядалі як масавае харчовае атручванне.
Аднак, бок абвінавачання настойвае, што насамрэч Патэрсан «наўмысна атруціла» гасцей з намерам іх забіць. Яна запрасіла гасцей пад выглядам таго, што ў яе выяўлены рак. Яна выдумала хваробу, устанавіў суд.
Нанэт Роджэрс паведаміла, што Эрын Патэрсан сама хадзіла па дзікія грыбы паблізу свайго дома ў Леангаце. У гэтым месцы, паводле дадзеных прыродазнаўчага сайта, раслі смертаносныя грыбы. А пасля абеду, сцвярджае абвінавачанне, яна хацела схаваць сляды.
У прыватнасці, яна нібыта зманіла паліцыі пра паходжанне грыбоў, заявіўшы, што купіла іх у азіяцкай краме ў Мельбурне і ніколі не збірала дзікія грыбы.
Таксама, паводле версіі абвінавачання, яна выкінула сушылку для ежы, якую выкарыстоўвала для прыгатавання стравы.
«Вы можаце спытаць: «Які матыў?» Магчыма, нават пасля заканчэння суда мы не даведаемся адказ», — заявіла пракурорка.
Яна патлумачыла, што абвінавачанне не абавязана даказваць наяўнасць матыву.
Чакаецца, што сведчанні дадуць: пастар, які выжыў — Іэн Уілкінсан, былы муж абвінавачанай Сайман Патэрсан, медыкі, якія лячылі гасцей, і паліцэйскія.
Абарона, адкрываючы сваю справу, нагадала прысяжным, што яны пакуль не пачулі ніводнага доказу, і заклікала захоўваць непрадузятасць.
Адвакат Колін Мендзі адзначыў, што паводзіны Эрын Патэрсан пасля абеду не варта адназначна трактаваць як доказ віны: «Ці могуць людзі нешта сказаць або зрабіць у паніцы, што выглядае дрэнна?».
«Пазіцыя абароны — яна запанікавала, бо была ашаломленая тым, што чатыры блізкія людзі цяжка атруціліся ежай, якую яна прыгатавала. Трое памерлі», — адзначыў адвакат.
Паводле яго слоў, Патэрсан не мела намеру нікога атруціць.
«Яна не жадала нікому зла. Тое, што адбылося, — трагедыя, жудасны няшчасны выпадак», — лічыць юрыст.
Пракуратура таксама ўпершыню на судзе расказала пра падзеі, што папярэднічалі абеду.
У 2023 годзе Патэрсан была ў працэсе разводу з мужам Сайманам Патэрсан, які праходзіў даволі мірна.
Сайман яшчэ нейкі час спадзяваўся на прымірэнне. Ён хацеў прыйсці на абед, але ў апошні момант адмовіўся. Мужчына сцвярджае, што адчуў змену ў адносінах з былой жонкай і пэўны дыскамфорт у зносінах.
Гэта засмуціла Патэрсан, якая падкрэсліла, што прыклала шмат намаганняў да прыгатавання абеду.
У судзе паведамілі, што Патэрсан падавала гасцям ежу на шэрым посудзе, а сабе — на іншай, карычнева-аранжавай талерцы. Адзін з гасцей нават спытаў, ці хапае ў яе посуду.
Пасля малітвы і жартаў падчас трапезы госці пачалі гаварыць пра тое, як Эрын мела б распавесці дзецям пра «рак». Насамрэч хворай яна не была.
Пасля абеду ўжо той жа ноччу ўсім гасцям стала блага. На працягу сутак усе чацвёра трапілі ў бальніцу з цяжкімі сімптомамі.
Дональд Патэрсан, які з’еў сваю порцыю і частку порцыі жонкі, сказаў лекару, што яго ванітавала 30 разоў за некалькі гадзін.
Сям’я Уілкінсанаў пыталася, ці Эрын Патэрсан таксама ў бальніцы, бо яна ела тое самае. Яна прыходзіла, скардзілася на самаадчуванне, але не пагаджалася на шпіталізацыю.
Адзін з дактароў, занепакоены яе станам, нават звярнуўся ў паліцыю.
Таксама адзначалася, што Патэрсан адмаўлялася весці дзяцей да лекара, хаця яны елі рэшткі мяса — праўда, грыбы, паводле яе слоў, адтуль забралі.
«У многіх людзей могуць быць думкі або здагадкі, але яны не грунтуюцца на доказах», — заявіў абаронца, звяртаючыся да прысяжных.
Каментары