Не баяцца ні бога ні чорта. Як тайныя пакупнікі кашмараць крамы пад Мінскам
Крамы пад Мінскам накрыла хваля ўважлівых купцоў. Яны пагражаюць падаць на прадаўцоў у суд. Гэты цікавы від дзейнасці на час схаваўся ў цень, каб вярнуцца з новай хваляй актыўнасці.

Сутнасць у чым: нехта знайшоў у краме пратэрміноўку, і, каб не прыйшла скарга, прадаўцу трэба пайсці на лекцыю. Вядома, не бясплатную: абазнаны пакупнік працуе на кампанію, якая якраз праводзіць такія семінары. Крама пазбегла пакарання ад санстанцыі і павінна быць задаволена? Але гандаль сцвярджае: актыўнасць гэтых «кантралёраў» пагражае маленькім крамам вялікімі праблемамі, піша Onliner.by.
«Кашмараць гандаль»
Схема не новая: у краму прыходзяць вельмі ўважлівыя пакупнікі і знаходзяць пратэрмінаваны сырок або пракіслае малако — агулам, робяць усё, каб гэтыя прадукты не трапілі да вас. Такой ежы ж не павінна быць у краме ў прынцыпе, а за пратэрміноўку трэба пакараць?
Так што на касе «кантралёры» прапануюць прадаўцу вырашыць пытанне мірна: яны не будуць пакідаць запіс у кнізе заўваг і прапаноў і не напішуць у санстанцыю, а прадаўцу ўзамен трэба прыйсці на адну або некалькі платных лекцый.
Алена сцвярджае, што аналагічная гісторыя адбылася ў краме пад Мінскам, дзе яна працуе загадчыцай. Дваццаць чацвёртага лютага ў краму прыйшлі мужчына і жанчына, узялі бутэльку піва і на касе сказалі, што знайшлі ў краме пратэрміноўку.
Для Алены гэта знаёмы сцэнар: жанчына кажа, што апошні раз сутыкалася з такім дзесяць гадоў таму і потым з-за псеўдакантралёраў, якія «кашмарыць гандаль», проста пайшла з прадуктовай сферы ў прамысловыя тавары. Як аказалася, за гэты час вопытныя пакупнікі нікуды не зніклі.
Прадавец Ірына, якая ў той дзень была на касе, раней з імі асабіста не сутыкалася.
— У той дзень яны падышлі да касы: «У вас пратэрміноўка, дайце кнігу заўваг». Вядома, што я спалохалася і не ведала, што рабіць, — разводзіць рукамі Ірына.
— Яны адразу кажуць: «Калі мы напішам скаргу, то краму пазбавяць ліцэнзіі, бо дзіцячае харчаванне і алкаголь — самыя балючыя тэмы». Вядома, яны націснулі на прадаўца, што будзе пазбаўленне ліцэнзіі, — працягвае Алена.
— А гэта на самай справе пазбаўленне?
— Не. У першы раз санстанцыя звычайна дае штраф. Калі гэта паўторна, то шмат што залежыць ужо ад галоўнага доктара.
Ірына ўпэўнівае, што «кантралёр» сама падказала выхад з сітуацыі: прадавец падпісвае дамову і купляе дзве лекцыі па 210 рублёў. Яна сцвярджае, што яе апрацавалі так, што яна пакінула свой подпіс, хаця кошт двух лекцый складае больш за палову яе зарплаты.
— Я падпрацоўваю на паўстаўкі ў дэкрэце, то бок вылічыць з маёй зарплаты ў памеры 700 рублёў яшчэ 420 за лекцыі — самі разумееце…
Алена кажа, што прыехала ў краму пасля званка Ірыны і высветліла, што ў базах даных у іх нават не было такога піва, па дакументах яно прададзена раней. Відэаназіранне таксама не дапамагло вызначыць, была гэтая банка ў краме ці хтосьці мог прынесці яе. Па словах загадчыцы, у краме падвойны кантроль за пратэрміноўкай: за гэтым сочаць самі прадаўцы, і ёсць праграма, якая дапамагае правяраць, у якіх пазіцый заканчваецца тэрмін прыдатнасці.
— Раз у тыдзень глядзяць рэшткі і тэрміны, якія скончацца ў бліжэйшыя 60 дзён. І ў нас у любым выпадку пратэрмінаваны тавар па касе не праб'ецца. І прадавец яго не прабіў, перад ёй проста паставілі бутэльку і сказалі, што напішуць скаргу.
— Пратэрміноўку на самай справе так складана кантраляваць?
— Не ва ўсіх крамах ёсць такая сістэма, каб адсочваць астаткі. «Кантралёры» актыўна ходзяць па Мінскім раёне і ідуць у такія крамы, дзе няма магчымасці, напрыклад, паставіць камп'ютар, каб сачыць за гэтым усім. То бок там стаяць звычайныя касы, і людзі таксама могуць не заўважыць.

Разумееце, раней яны хадзілі толькі па Мінску. Я глядзела на ўскраіны і думала: божа мой, якія шчаслівыя людзі, што да іх не ездзяць. А цяпер наадварот: я абзваніла калегаў у Мінску і спытала, як яны з імі ваююць, а яны кажуць, што да іх ужо пяць гадоў ніхто не ходзіць.
«Сума павялічыцца ў два разы»
Па дакументах прадавец павінна была аплаціць адну лекцыю да 15 сакавіка, другую — да 15 красавіка.
— Пасля першага тэрміну па аплаце мне патэлефанавала дырэктар гэтага таварыства, — кажа загадчыца крамай. — Я сказала, што ў нас гэтага піва ў наяўнасці не было, таму аплачваць мы не будзем. Яна кажа: «Вы хочаце сказаць, што я падкінула?» Я адказала, што не ведаю, адкуль узялося гэта піва.
Дырэктар таварыства сказала, што падасць у суд, выйграе яго, і нам прыйдзецца заплаціць больш, чым каштавала гэтая лекцыя.
Чацвёртага красавіка жанчына вярнулася ў краму і пакінула скаргу. Алена напісала адказ, але лічыць, што яго не адпраўлялі ў санстанцыю, інакш у краму ужо прыйшла б праверка.

То-бок для крамы ніякіх наступстваў пакуль не было, а вось прадаўцу прыйшла прэтэнзія: трэба заплаціць за лекцыю, бо ёсць дамова, а іначай суд, і сума выплат можа вырасці ў два разы.

Ірына напісала заяву, каб скасаваць дамову, але гэта адбылося ўжо пасля той даты, на якую была прызначана лекцыя.
— У гэтых сітуацыях я не ведаю, што страшней: шантаж работнікаў ці тое, што такая дамова лічыцца дзеючай. Звярталася да адваката, і ён сказаў, што так, такія суды ўжо былі. Вынікі розныя, але камусьці з работнікаў гандлю ўдавалася выйграваць.
Ірына пачынае разважаць, што калі б за лекцыю трэба было заплаціць рублёў 50, то яна зрабіла б гэта, а тут велізарныя для яе сумы. У дамове пазначана, што адна лекцыя ад «Статуса спажыўца» каштуе 210 рублёў і доўжыцца акадэмічную гадзіну, то бок 45 хвілін.

— Нават падрыхтоўка да ЦТ каштуе 500 рублёў за чатыры месяцы, і там не адна гадзіна заняткаў. Што гэта за цэны такія? — здзіўляецца Алена.
— Як крамы змагаліся з «кантралёрамі» раней?
— Раней яны ставілі перад выбарам: аплачваць лекцыю або скарга ў санстанцыю. Калі яны нічога не атрымлівалі, то былі ўпэўнены, што прыйдзе санстанцыя і ў крамы будуць праблемы. Дзесяць гадоў таму мая работа заканчвалася на тым, што я пісала адказ на іх скаргу, і ўсё. А тут яны перайшлі на новы ўзровень і падаюць у суд.
Мае калегі ў гандлі вырашалі пытанні па-рознаму. Некаторыя сапраўды плацілі, некаторыя прынцыпова адмаўляліся. Даходзіла да ўсяго: загадчыцы нават маглі пратэрмінавы ёгурт выліць на галаву «кантралёрам»…
Каб працаваць такім «кантралёрам», трэба не баяцца ні бога ні чорта. Памятаю, яшчэ дзесяць гадоў таму адна правяраючая ў мяне ў кабінеце плакалася, што будзе сыходзіць. Пры гэтым просіць: «Давайце я вам хоць адну лекцыю выпішу, ну я ж павінна гэта зрабіць, вы зразумейце». І адначасова кажа, што яе муж просіць звольніцца, таму што нельга так па крамах хадзіць: людзі праклянуць.
Ірына дадае: раней яна працавала мерчандайзерам, і адзін з яе калег таксама сышоў працаваць такім «правяральшчыкам» (такія структуры перыядычна пераманьваюць людзей з гандлю).
Да размовы падключаецца адзін з уладальнікаў крамаў у Мінскім раёне. У яго тая ж праблема: народныя «кантралёры» прыходзяць мэтанакіравана па пратэрміноўку і для продажу лекцый.
— Апошні раз перарылі ўсю краму, нічога не знайшлі і сыходзілі са словамі «Ой, не пашанцавала». Як з імі змагацца, не зразумела, бо паводле закону правяраць могуць толькі ўпаўнаважаныя дзяржорганы, санстанцыя, МАРГ, але не гэтыя таварышы. Пры гэтым выставіць іх з крамы мы не можам.
— Як пазбегнуць пратэрміноўкі, каб у «кантралёраў» і думкі не было прыходзіць да вас?
— У цэлым хацелася б данесці такую думку: у любым гандлёвым аб’екце можна нешта знайсці, нават пастаўшчыкі могуць прывезці паводле дакументаў адно, а па факце тэрміны не тыя. Мы самі ў першую чаргу не зацікаўлены прадаваць пратэрмінаваную прадукцыю, інакш пакупнікі да нас не прыйдуць — гэта самы галоўны пасыл.

Часам такія «кантралёры» трапляюць у навіны міліцыі. Так, у сакавіку стала вядома пра затрыманне трох чалавек, якія правяралі беларускія запраўкі, шантажавалі работнікаў і атрымалі буйную суму грошай. Калі «кантралёры» знаходзілі парушэнні, то пагражалі напісаць скаргу або патрабавалі набыць у іх навучальныя семінары на тэму правілаў рознічнага гандлю, паведамлялі тады ў МУС.
Такім чынам за некалькі гадоў мужчыны атрымалі ад работнікаў АЗС больш за мільён рублёў. Заведзена крымінальная справа за вымагальніцтва ў асабліва буйным памеры — затрыманым пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Пасля выхаду гэтай навіны ў рэдакцыю прыйшлі дзясяткі паведамленняў ад работнікаў гандлю, якія таксама сутыкаліся з настойлівымі прадаўцамі семінараў, што прыходзілі да касы і казалі пра парушэнні ў краме. Пра праблему згадвалі прадаўцы і з Мінска, і з рэгіёнаў. Хтосьці прызнаваўся, што аплачваў лекцыі, каб пазбегнуць праблем, іншыя спрабавалі змагацца, але безвынікова.
— Мы тут паміж молатам і кавадлам: з аднаго боку, строгае ўнутранае начальства карае за парушэнні, з другога — санстанцыя з немалымі штрафамі. Паўгода таму мы выклікалі на «правяральшчыцу» міліцыю, дык нас ніхто не падтрымаў, ні адзін прадавец з суседніх пунктаў не захацеў пісаць заяву — увогуле ніхто, а гэта ж было і ў іх інтарэсах. Ды не, будуць цярпець і маўчаць. Прадаўцы запалоханыя, баяцца слова сказаць. Дык вось, пасля выкліку міліцыі нам дасталося ад начальства, што няма чаго падымаць гэтае пытанне, і ў наступны раз нам «адкруцяць галовы».
Дык чым займаецца кампанія «Статус спажыўца»
ТАА «Статус спажыўца» зарэгістравана 5 сакавіка 2021 года. Асноўны від яе дзейнасці — іншыя віды адукацыі, не ўключаныя ў іншыя групоўкі. У інтэрнэце інфармацыі пра «Статус спажыўца» практычна няма — толькі згадкі на сэрвісах з інфармацыяй пра зарэгістраваныя юрыдычныя асобы. Таксама журналісты не змаглі знайсці сайт кампаніі або яе акаўнты ў сацсетках.
Журналісты звязаліся з дырэктаркай кампаніі Аксанай. Спачатку яна распавяла сваю версію падзей, але пасля ўдакладняючых пытанняў адмовілася размаўляць па тэлефоне і прапанавала ператэлефанаваць ёй, але пасля 20 чэрвеня (размова адбылася 29 мая, запіс ёсць у рэдакцыі).
Па яе словах, у краме было пяць пратэрмінаваных бутэлек піва, а калі прадавец патэлефанавала загадчыцы, тая сама папрасіла адправіць прадаўца на семінар, бо баялася наступстваў ад вышэйшага кіраўніцтва.
Дырэктарка апісала дзейнасць «Статуса спажыўца» як збор інфармацыі пра прадукты з мінулым тэрмінам прыдатнасці і прапанаванне семінараў на платнай аснове.
На ўдакладняючае пытанне, як менавіта шукаюць слухачоў на платныя семінары (толькі ў крамах з пратэрміноўкай ці не), дырэктар заявіла, што «на вуліцы таксама магу прапанаваць чалавеку». Як на вуліцы вызначаюць тых, каму трэба на семінар, дырэктар не патлумачыла і вырашыла спыніць размову: занадта шмат пытанняў, і лепш задаць іх пасля 20 чэрвеня.
На самой справе пытанняў яшчэ больш. Колькі такіх семінараў прадала арганізацыя? Чаму выбралі варыянт прыязджаць у крамы для продажу лекцый і чаму пры гэтым прыносяць на касу пратэрмінаваны тавар? З колькіх прадаўцоў спагналі грошы праз суд? Якія веды дае 45-хвілінны семінар, які каштуе 210 рублёў? Пакуль яны без адказу, але «Статус спажыўца» можа расказаць пра сваю працу, не чакаючы канца чэрвеня.
Ці можна адмовіцца ад семінара?
Нават калі дамова падпісана, яе можна разарваць, але гэта не так проста.

Як тлумачыць юрыстка Таццяна Равінская, пункт 2 артыкула 735 Грамадзянскага кодэкса прадугледжвае, што калі аказанне паслугі немагчыма па віне заказчыка, то паслугі трэба аплаціць у поўным аб’ёме, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам ці дамовай аб узнагароджаным аказанні паслуг.
Юрыстка звяртае ўвагу, што заключаная паміж бакамі дамова ўтрымлівае ўмову аб тым, што заказчык (г. зн. у гэтым выпадку прадавец) абавязваецца пацвердзіць свой удзел у семінары загадзя не менш чым за тры дні да пачатку семінара па тэлефоне (пункт 2.3.1), а таксама аплаціць паслугу выканаўцу, пры гэтым непацверджанне свайго ўдзелу па паважных прычынах (хвароба), неяўка і адсутнасць на семінары не вызваляе заказчыка ад аплаты паслуг (пункт 2.3.4).
— Сыходзячы з гэтых умоў, ТАА «Статус спажыўца» і прад’явіла прэтэнзію прадаўцу аб кампенсацыі кошту паслуг, а таксама са спасылкай на пункт 5.1 дамовы ўказала на спагнанне неустойкі ў выпадку неаплаты кошту паслуг (у дамове такая адказнасць прадугледжана ў памеры 3%, а ў прэтэнзіі ўказана 10% — тут ёсць разыходжанне).
Таццяна Равінская адзначае, што ў гэтым выпадку паміж ТАА і прадаўцом заключана дамова аб узнагароджаным аказанні паслуг. Паводле артыкула 736 Грамадзянскага кодэкса яна можа быць разарваная кожным з бакоў у аднабаковым парадку. Але такім правам прадавец да даты выканання ТАА сваіх абавязкаў (даты правядзення семінара) не скарыстаўся.
— Улічваючы канкрэтную сітуацыю, у выпадку, калі спрэчка ўсё ж такі будзе вырашацца ў судовым парадку, прадавец мае права заявіць пазоўныя патрабаванні аб прызнанні заключанай дамовы несапраўднай — як заключанай пад уплывам уводу ў зман, прадастаўляючы адпаведныя доказы.
Юрыстка таксама звяртае ўвагу на тое, што бакі дамовы маюць права самі вызначаць яе ўмовы ў парадку і межах, прадугледжаных заканадаўствам (частка 1 пункта 3 артыкула 391 ГК).
— І калі пасля падпісання дамовы бок захоча адмовіцца ад выканання яе ўмоў або прызнаць такую дамову несапраўднай, спатрэбяцца важкія прычыны, і не заўсёды такое аспрэчванне бывае паспяховым. Пры разглядзе падобных спраў суды ўлічваюць, што грамадзяне і юрыдычныя асобы свабодныя ў заключэнні дамовы, а ўмовы дамовы вызначаюцца па ўласным меркаванні бакоў у парадку і ў межах, прадугледжаных заканадаўствам (артыкул 391 ГК).
Каментары