Пад Віцебскам пачалі вырабляць бялковыя батончыкі. Праўда, пакуль што не для беларусаў
У Віцебскім раёне пачынае працу новая вытворчасць: завод, які раней перапрацоўваў сушаныя гародніну і садавіну, цяпер будзе вырабляць бялковыя батончыкі, паведамляе тэлеканал СТБ.

Прадукцыю плануюць рабіць толькі з беларускіх інгрэдыентаў: сухафруктаў, лясных арэхаў, семак, збожжавых. Абавязковым складнікам стануць сушаныя яблыкі ўласнай вытворчасці. Батончыкі будуць без цукру — яго заменяць натуральныя падсалоджвальнікі і сухафрукты.
Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Усціновіч адзначыў, што першыя серыі зрабілі спецыяльна для заказчыкаў з Расіі. Гэта батончыкі на аснове сухафруктаў — разынак, курагі і арэхаў.
Для вытворчасці абралі дзесяць рэцэптаў. Надалей завод мае намер заняцца таксама вытворчасцю сублімаваных ягад і садавіны, паколькі такі спосаб дазваляе максімальна захаваць карысныя рэчывы.
Падобную лінію высокабялковых батончыкаў раней планавалі запусціць і на фабрыцы «Чырвоны мазыранін».
Каментары