Буйны польскі банк пагражае заблакаваць карты беларусам без ДНЖ
Шмат беларусаў атрымалі ад польскага банка PKO Bank Polski (PKO) паведамленні пра магчымую блакіроўку аперацый па рахунку, калі яны не прад'явяць дзейны дазвол на жыхарства (ДНЖ). Most патэлефанаваў у банк ад імя кліента і высветліў падрабязнасці

У папярэджанні гаворыцца, што кліенты павінны прыйсці ў аддзяленне і пацвердзіць свае персанальныя дадзеныя. Для гэтага патрэбен ДНЖ або іншыя дакументы, якія даюць права на знаходжанне ў Польшчы.
У адваротным выпадку банк папярэджвае пра: страту доступу да мабільнага і інтэрнэт‑банкінгу, тэлефоннага сэрвісу; немагчымасць рабіць пераводы і аплаты праз сістэму імгненных плацяжоў BLIK; блакаду карткі, якая прывязана да рахунку.
Пры гэтым адзначаецца, што кліент зможа абслугоўваць свой рахунак толькі ў аддзяленнях банка.
На інфалініі PKO, куды журналіст MOST тэлефанаваў ад імя кліента — грамадзяніна Беларусі, пацвердзілі, што такія дзеянні могуць быць прынятыя. Кансультант спаслалася на рашэнне Рады Еўрапейскага саюза ад 23 кастрычніка 2025 года, датычнае абмежавальных мераў у сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам яе ў агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Прымаюцца пашпарт або id‑картка краіны ЕС/ЕЭЗ, ці дзеючы часовы або пастаянны ДНЖ (карта побыту).
Кансультант адзначыла, што іншых дакументаў у спісе няма. Але кліентам з часовым пасведчаннем асобы чужаземца (TZTC — выдаецца на час чакання міжнароднай абароны) варта звярнуцца ў аддзяленне банка для вырашэння пытання.
На пытанне, што рабіць тым, хто падаў дакументы на ДНЖ, але яшчэ не дачакаўся рашэння, кансультант адказала, што пра такія выпадкі нічога не вядома
Каментары