Еўрасаюз хоча ўвесці поўную забарону на закупку прадуктаў з расійскай нафты
Еўрапейская камісія прапануе новыя санкцыі супраць Расіі — ужо 18-ы пакет, у якім прадугледжваецца поўная забарона на куплю нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты, нават калі яны прайшлі перапрацоўку ў трэціх краінах.

Хоць прамое эмбарга на расійскую нафту ў ЕС дзейнічае з лютага 2023 года, кампаніі з Індыі і Турцыі працягваюць купляць танную расійскую нафту, перапрацоўваць яе і прадаваць нафтапрадукты ўжо ў Еўропу.
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Еўрасаюз хоча спыніць такія «абыходныя шляхі» паставак расійскай нафты і ўвесці забарону на імпарт прадуктаў, вырабленых з яе. Таксама плануецца знізіць цэнавую столь з 60 да 45 даляраў за барэль.
Напрыклад, у Індыі адна з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых кампаній Nayara Energy на 49% належыць «Раснафце». А Турцыя нават без уласных заводаў значна павялічыла закупкі нафты і паліва з Расіі, адначасова рэзка нарошчваючы экспарт у ЕС.
Паводле аналітыкаў, з лютага 2023 да лютага 2024 года Турцыя імпартавала расійскіх нафтапрадуктаў на 17,6 мільярда еўра — на 105% больш, чым у мінулы перыяд. За той жа час экспарт турэцкага паліва ў ЕС вырас на 107%.
Нягледзячы на абмежаванні, многія пасярэднікі працягваюць абыходзіць санкцыі, у тым ліку праз перагрузку нафты ў моры або яе змешванне з іншымі гатункамі. Цалкам спыніць паступленне расійскіх нафтапрадуктаў у ЕС будзе складана.
Каментары