Здароўе88

У мінскіх аптэках размялі расійскі аналаг «Аземпіка». Людзей не палохала нават цана

Ужо некалькі дзён на форуме сэрвісу па пошуку лекаў tabletka.by карыстальнікі пішуць, што ў Мінску знік «Семавік». Гэта расійскі аналаг папулярнага прэпарата «Аземпік», які выкарыстоўваюць для лячэння дыябету і (дзякуючы аднаму з спадарожных эфектаў ад прыёму) пахудзення.

«Калі ён з'явіцца?» і «Ці будзе ў найбліжэйшы час?» — удакладняюць жыхары сталіцы. Па даных tabletka.by, на 17.00 19 чэрвеня ў сталіцы «Семавік» быў толькі ў адной аптэцы. Праўда, калі «Люстэрка» туды патэлефанавала, аказалася, што лекі ўжо выкупілі.

Застаецца варыянт паехаць па яго ў рэгіёны. Але і там сродак на вагу золата: па ўсёй краіне яго можна знайсці ўсяго ў 60 аптэках, і гэтая колькасць пастаянна памяншаецца. 

«Людзі прасілі: «Калі ласка, адкладзіце. Ужо бягу па рэцэпт»

У раёне, дзе правізарам працуе Ірына (імя зменена), жыве шмат маладых сем'яў. Яны асноўныя пакупнікі ў іх невялікай аптэцы. Наколькі памятае жанчына, «Семавік» на прылаўках іх пункту стаў з'яўляцца яшчэ зімой. Паступаў ён у невялікай колькасці, яго хутка раскуплялі, і «ён знікаў».

— Пасля ўсе насіліся, шукалі яго. Дзесьці ў красавіку ён з'явіўся апошні раз. Тады загадчыца паспрабавала замовіць максімальна вялікую колькасць упаковак, якую можа адгрузіць склад. Але трэба разумець: тут сістэма такая, што калі прэпарат папулярны, то не факт, што атрымаеш столькі, колькі выпісаў, ці ўвогуле хоць нешта, бо ўсе аптэкі хочуць тавар у рэалізацыю. Калегі маглі яго ўжо расхапаць, і ты нават не паспяваеш гэтага ўбачыць, — усміхаецца суразмоўца. — Таму стараліся браць шмат: парадку 10-15 упаковак. Камусьці ўдалося і па 20 узяць.

У аптэцы Ірыны вясновую партыю «Семавіка» раскупілі да пачатку чэрвеня.

Жанчына мяркуе, калі б прэпарат быў толькі ў іх, 10-15 пачкаў сышлі б за пару дзён. Не спыніў б нават кошт — 253-265 рублёў за ўпакоўку.

Зараз фармацэўты чакаюць новую пастаўку. Дакладнай даты, калі гэта адбудзецца, суразмоўніца не ведае. З таго, што чула ад калегаў, усё павінна здарыцца да канца гэтага тыдня.

— Думаю, ажыятаж вакол прэпарата з дзвюх прычын. Па-першае, людзям ён цікавы. Па-другое, ён паступае ў краіну невялікімі партыямі. Чаму? Дакладна не ведаю. Цяпер, калі чалавек пытаецца «Семавік», прапануем запісацца на чаргу. Але ў нас яна невялікая. Думаю, таму што не ўсе ведаюць пра такую магчымасць, — разважае суразмоўца. Цяпер вельмі папулярныя сайты, на якіх можна паглядзець, дзе якія лекі прадаюцца. І людзі часцей прыходзяць за ім мэтанакіравана, а не проста спытаць.

Пакупнікоў, якія ў аптэцы Ірыны бяруць расейскі аналаг «Аземпіка», жанчына падзяліла б на дзве групы. Першая — жанчыны і мужчыны за 50, другая — жанчыны 30+.

— Першыя — з відавочнымі паказаннямі [да прыёму]. Відаць, што індэкс масы цела (паказчык, які дазваляе вызначыць, ці ёсць у чалавека залішняя вага) у іх сапраўды завышаны. Другія часта вельмі дагледжаныя, з добрай фігурай, я б сказала. На маю думку, там не было да прэпарата супермедыцынскіх паказанняў па здароўі, што крыху бянтэжыла. Хоць рэцэпты ў іх меліся, — дзеліцца назіраннямі правізар. — Аб'ядноўвае гэтыя дзве катэгорыі тое, што ўсё гэта цалкам сабе людзі пры грошах. Бабулькі ў мяне яго не пыталіся ні разу.

Па назіраннях суразмоўніцы, у красавіку, калі новая партыя лека толькі з'явілася, яго ў асноўным бралі па адной упакоўцы. У маі, калі ў аптэках Мінска ён стаў заканчвацца, куплялі адразу па дзве-тры.

— І пачаўся ажыятаж. Людзі прасілі: «Калі ласка, адкладзіце. Ужо бягу па рэцэпт», — адзначае Ірына. — Бачылі, што яго мала, разумелі: невядома, калі з'явіцца — і закуплялі з запасам. Апошняя дзяўчына, якая забірала ў нас «Семавік», спытала ў калегі: «Колькі ў вас? Я пайду, выпішу [рэцэпт]». Яна, напэўна, тры ці чатыры ўпакоўкі адразу ўзяла.

З таго, што чула Ірына, лекі «добра дапамагаюць схуднець». На яе думку, у надзеі на гэты эфект нямала людзей за ім і ганяюцца.

— Прэпарат прытупляе пачуццё голаду, але, мне здаецца, многія не разумеюць, што ён працуе, калі чалавек псіхалагічна гатовы не есці, — разважае фармацэўт. — Заўважала, што вага знаёмай, якая яго прымае, нейкі час не мянялася. Спытала: чаму так? Яна прызнавалася, што на аўтамаце працягвала спажываць прысмакі. Ёй было складана псіхалагічна развітацца з думкай, што яна не можа есці цукеркі.

«Ад калег чула, што ці то пяць, ці то восем у адны рукі бралі»

Алена (імя зменена) працуе ў невялікай аптэцы ў новым раёне Мінска. Пакупнікоў у іх няшмат. «Семавік» пытаюцца без ажыятажу, але актыўна. Тут ён з'явіўся ў красавіку.

— Аптэка ў нас невялікая, пастаўкі некалькі разоў на тыдзень, таму заказвалі яго ўсяго па 1-3 упакоўкі. Звычайна да новага прывозу лекі раскуплялі, хоць для нашага пункту кошт у прэпарата немаленькі, — распавядае суразмоўніца. — Пазней сталі афармляць яго канкрэтна пад чалавека — бралі [у патэнцыйнага пакупніка] нумар і, атрымаўшы, тэлефанавалі. На маёй памяці толькі адзін кліент купляў адразу тры ўпакоўкі, астатнія менш. Але ад калег чула, што ці то пяць, ці то восем у адны рукі бралі.

У аптэцы Алены «Семавік» скончыўся ў канцы мая. Замовіць яны яго пакуль не могуць: на складзе іх сеткі прэпарата пакуль няма.

— Наколькі чула, у горадзе яго засталіся «хвосцікі» для асаблівых выпадкаў. Гэта працуе ў дзяржаўнай сістэме аптэк. Як? У даведцы лекаў няма, але той, каму яно трэба па медпаказаннях прыходзіць у аптэку. Там яму прапануюць аформіць так званае адтэрмінаванае забеспячэнне, — апісвае механізм Алена. — Ён рэгіструе заяўку, яе падаюць на склад. Там ёсць абмежаваная партыя менавіта для падобных выпадкаў. Яна не ў агульным доступе. Адпаведна, канкрэтна пад кліента прыходзіць прэпарат. Чалавеку тэлефануюць — і ён яго забірае.

Па назіраннях Алены, часцей за ўсё ў іх аптэцы «Семавік» пыталіся жанчыны 45-50 гадоў, якія сочаць за трэндамі і «паралельна імкнуцца лячыць сваіх мужчын». Прыкладна гэтая ж катэгорыя кліентаў у 2024-м цікавілася «Аземпікам».

Суразмоўніца тады працавала ў пункце продажаў у цэнтры Мінска. Кажа, ад пакупнікоў яна пачула пра гэтыя лекі раней, чым вакол іх пачалася шуміха.

— Шчыра скажу, пыталіся пра «Аземпік» тады адносна нячаста. Можа, раз на пару тыдняў. З калегамі нават пасмейваліся трошкі над такімі пакупнікамі. Усё ж такі гэта сур'ёзны рэцэптурны прэпарат для лячэння захворвання, а пра яго казалі так, быццам бы гэта гематаген. Бо вонкава па гэтых кліентах дакладна нельга было сказаць, што яны маюць патрэбу ў сродку. Мне здавалася, гэта былі людзі, якія проста хацелі палепшыць форму.

З «Семавікам», хоць па яго і прыходзяць з рэцэптамі, часам падобная сітуацыя, — дзеліцца назіраннямі фармацэўт. — У той жа час у мяне аднойчы была размова з пакупніцай, якая распавяла, што прэпарат патрэбны яе мужу. У мужчыны дыябет, яму доўга падбіралі тэрапію, і менавіта семаглутыд (дзеючае рэчыва ў прэпараце) выдатна падышоў. Яна вельмі радавалася і бегала па ўсіх аптэках, збіраючы рэшткі.

Алена, як і яе калега Ірына, таксама адзначае, што расійскі аналаг «Аземпіка» раскупілі хутка.

— Так, партыя была маленькая, але і тое, што людзі на яго накінуліся, таксама факт. І гэта вы не толькі ад мяне пачуеце, — кажа яна. — Цяпер чакаюць другую. З досведу, звычайна ў сітуацыях актыўнай цікавасці да лекаў першыя закупачныя партыі попыт не задавальняюць, але прамежкі паміж пастаўкамі невялікія. Чула ад калег, што лекі чакаюць пасля ліпеня. Але калі дакладна, невядома. Усё ж такі «пасля ліпеня» — гэта можа быць і ў жніўні, і ў верасні.

У Мінскай аптэцы №67 «Белфармацыі» на Шышкіна, 26, дзе 19 чэрвеня ў 17.00 сэрвіс tabletka.by паказваў адзіны даступны для продажу «Семавік» у горадзе, а 17.30 журналістцы паведамілі, што прэпарата ўжо няма.

— Яго выкупілі. Можам прапанаваць узяць на чаргу. Калі дадуць, то ў аўторак, — удакладнілі ў аптэцы.

Каментары8

  • Нутрыцыялягiня
    20.06.2025
    А спынiцца жраць абы што i трохi пачаць варушыцца, тое не? Ёсць годнае вiдэа амерыканскага комiка, здаецца, завецца "жырныя людзi".
  • Цукар
    20.06.2025
    Калі не жэрці карбагідраты… рыс, хлеб, усё мучное, бульбу, цукеркі, мёд, і ўсю малочку ды пераключыцца на любую садавіну, гародніну, зялёныч салаты, рыбу, яйкі, трохі бабовых і гарэхаў, то скідае лепей чым гэты хімічныя пігулкі, якія яшчэ і здароўе папсуюць
  • Какие на "гарэхи"?Какие Гаксаны?
    21.06.2025
    Цукар, Гандрэй ты гарэхавы недоразвитый.

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж40

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж40

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць