Грамадства77

«Павінен быў пісаць, як хоча эксперт». Што паказала дзяржаўная псіхалінгвістычная экспертыза артыкулаў палітвязня Ігара Ільяша

4 і 5 верасня Мінскі гарадскі суд на адкрытым пасяджэнні заслухаў высновы лінгвістычнай экспертызы публікацый палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша. Экспертызу цягам некалькіх месяцаў рыхтаваў загадчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай на філфаку БДУ, доктар філалагічных навук Сяргей Лебядзінскі, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У Мінску судзяць журналіста Ігара Ільяша
Ігар Ільяш. Фота: svaboda.org

Працэс над журналістам Ігарам Ільяшом распачаўся 21 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Пасля трох пасяджэнняў 12 сакавіка суддзя Сяргей Кацар аб’явіў перапынак для правядзення псіхалінгвістычнай экспертызы 15 аналітычных артыкулаў аўтарства журналіста. Хадайніцтва палітвязня Ігара Ільяша пра тое, каб экспертыза ладзілася ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, суд не задаволіў.

На сваёй старонцы ў Facebook журналіст і дзед жонкі Ігара Ільяша Сяргей Ваганаў расказаў пра тое, што адбывалася 4 і 5 верасня ў судзе.

Паводле спадара Ваганава, суддзя Сяргей Кацар вёў гэтую частку працэсу адпаведна працэсуальным нормам: «даваў напоўніцу выказацца ўсім бакам працэсу, калі прыпыняў тыя ці іншыя пытанні альбо тлумачэнні, дык выключна для іх удакладнення». Што стварала ў прысутных магчымасць дакладна зразумець змест экспертызы, яе абгрунтаванасць, кірунак і падыход эксперта для вырашэння сваёй задачы: адказаць на пытанне, ці ўтрымліваецца ў артыкулах Ігара Ільяша дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь шляхам распаўсюду «заведама хлуслівых звестак», адказнасць за якую прадугледжаная артыкулам 369—1 Крымінальнага кодэкса РБ.

Сяргей Ваганаў падзяліўся асабістымі ўражаннямі ад экспертызы. На яго думку, экспертная ацэнка зместу публікацый Ігара Ільяша заснаваная на палітычных поглядах спадара Лебядзінскага.

«Так, напрыклад, ён лічыць, што журналіст, палітычны аналітык не павінен карыстацца тэрмінам «палітзняволеныя», бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе. Так, не існуе, але ён існуе ў сусветнай паліталогіі. Як існуе і тэрмін «палітычная эміграцыя». Але, на думку эксперта, трэба карыстацца тэрмінам «беглыя апазіцыянеры». А тэрмін «дыктатура», якім неаднаразова карыстаюцца прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік краіны, увогуле недапушчальны. (…)

Нельга пісаць і «вайна супраць Украіны», бо гэта, з гледзішча эксперта, «вайна супраць кіеўскага рэжыму», а не супраць народа, доказам чаго, лічыць эксперт, з’яўляецца тое, што расійскія войскі «не захопліваюць, дакладней, не вызваляюць гарады, таму што хвалююцца аб насельніцтве, што там жыве…».

Лебядзінскі, безумоўна, мае права на такі пункт гледжання. Але прычым тут экспертыза?», — зазначае Сяргей Ваганаў.

Паводле ўражання Ваганава, эксперт Лебядзінскі дэманструе «відавочную маніпулятыўнасць у тлумачэнні тых ці іншых фактаў з артыкулаў Ільяша, іх інтэрпрэтацый пры адсутнасці спасылак на канкрэтныя крыніцы сваіх высноў».

«У сваіх адказах на пытанні Ігара Ільяша эксперт пазбягаў канкрэтыкі, спасылаўся на нейкія законы лінгвістыкі, якія не маюць аніякіх адносінаў да прафесійнай журналістыкі, блытаўся ў прававых асаблівасцях беларускага заканадаўства і дамовах паміж краінамі СНД…

Я ўвогуле не ведаю, як ставіцца да таго, што доктар філалогіі называе савецкіх ваеннапалонных і яўрэяў, ахвяр нацысцкіх канцлагераў «у пэўным сэнсе дысідэнтамі», а ў непрыманні тэрміна «палітвязні» чамусьці згадвае нацысцкіх ваенных злачынцаў, асуджаных на Нюрнбергскім працэсе…

Карацей, журналіст павінен быў пісаць, як таго хоча спадар Лебядзінскі. Тады не будзе аніякай «дыскрэдытацыі». Невядома толькі, што рабіць з 33‑м артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога «кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх».

Сяргей Ваганаў як «журналіст са звыш 60-гадовым стажам» адзначае, што ў артыкулах Ільяша не знайсці «адназначна выказаных асабістых поглядаў».

«Так, у іх адлюстравана стаўленне апазіцыі да палітыкі ўладаў, як і стаўленне ўладаў да апазіцыі. Але гэта не «хлёсткая публицистика» кшталту азаронкаўскай, ды і не публіцыстыка ўвогуле, а цалкам непрадузяты, узважаны і глыбокі крытычны аналіз тых ці іншых падзей і з’яваў бягучай палітыкі.

Нездарма спадар Лебядзінскі патлумачыў шматмесячную працу над экспертызай цяжкасцю ў пошуку абгрунтаваных доказаў, а цяжкасць — вопытнасцю журналіста, яго высокай прафесійнасцю, даслоўна — «майстэрствам». Такі, маўляў, Ільяш мудрагелісты ў сваім памкненні глыбока схаваць намер дыскрэдытаваць дзяржаву і палітыку яе кіраўніцтва», — піша Сяргей Ваганаў.

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Пра яго затрыманне 22 кастрычніка 2024 года паведамілі праўладныя СМІ, сцвярджаючы, што журналіст даваў інтэрв’ю незалежным і замежным медыям, у тым ліку ўкраінскім, што нібыта магло быць выкарыстана супраць дзяржавы.

Сам Ільяш на відэазапісе адзначыў, што да ліпеня 2021 года працаваў на тэлеканале «Белсат», пасля чаго стаў фрылансерам. Ён прызнаваў, што даваў інтэрв’ю розным СМІ, у тым ліку тым, што ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

22 лістапада 2024 года праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша палітычным вязнем. Раней, у ліпені 2021 года, яго ўжо затрымлівалі на 10 сутак па іншай справе, якая далейшага развіцця не атрымала.

Жонка Ільяша, Кацярына Андрэева (Бахвалава), разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай была затрыманая ў лістападзе 2020 года падчас трансляцыі разгону людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць актывіста Рамана Бандарэнкі. У лютым 2021 года суд прыгаварыў іх да двух гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы палітычнымі вязнямі.

У ліпені 2022 года Кацярына Андрэева атрымала 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве, з улікам папярэдняга прысуду тэрмін склаў 8 гадоў і 3 месяцы. Яе скаргу ў Вярхоўным судзе ў верасні 2022 года не задаволілі, але фармулёўку абвінавачання змянілі на «шпіянаж».

Дар’я Чульцова ў верасні 2023 года выйшла на волю і цяпер жыве ў Польшчы.

Каментары7

  • Сымон
    08.09.2025
    Ня ведаю, хто даў доктара філалагічных навук Лебядзінскаму, бо ён проста прымітыўны прапагандыст і вельмі кепскі маніпулятар з ліку надзвычайна ватных лукашыстаў
  • Найперш не галасі!
    08.09.2025
    Сымон, а ён такі не адзін, сёння гэта ўзровень нашых ВНУ.
  • feafania
    08.09.2025
    Квасъ, у іх там ўсе такія. Але лукашыцкай рэпрэсыўнай машыне для імітацыі актыўнай дзейнасьці гэта не замінае. Галоўнае, каб нейкая паперка была.

Цяпер чытаюць

Расійскі афіцэр дапамог УСУ ўдарыць па расійскім палігоне і забіць 65 вайскоўцаў

Расійскі афіцэр дапамог УСУ ўдарыць па расійскім палігоне і забіць 65 вайскоўцаў

Усе навіны →
Усе навіны

Макрон прызначыў новым прэм'ерам Францыі міністра абароны

Трамп запэўніў кіраўніцтва Катара, што Ізраіль больш біць па іх тэрыторыі не будзе

У Добрушы школьны прыбіральшчык вырабіў сметніцу з парасонам і сабачкам ФОТАФАКТ1

У Гомелі беларусам прапануюць за 500 рублёў паляжаць у труне5

У цэнтры Гомеля расіяне паставяць помнік князю Паскевічу4

Польскі фермер расказаў, як набыў трактар Belarus, а цяпер пакутуе1

Міністр унутраных спраў Польшчы: Закрыццё мяжы будзе часовым, але адменяць яго не аўтаматычна10

У Польшчы затрымалі беларускага шпіёна і высылаюць аднаго з дыпламатаў2

Беларуская чыгунка прадае вагоны, якімі раней абслугоўваліся маршруты ў Еўропу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскі афіцэр дапамог УСУ ўдарыць па расійскім палігоне і забіць 65 вайскоўцаў

Расійскі афіцэр дапамог УСУ ўдарыць па расійскім палігоне і забіць 65 вайскоўцаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць