Мова5050

Самая беларуская літара? У літоўскай мове кірылічная «ў» з'явілася раней, чым у беларускай

Літара «ў» даўно лічыцца сімвалам беларускай мовы і нават мае свой помнік у Полацку. Аднак гістарычныя крыніцы сведчаць, што гэты знак (разам з апострафам у якасці раздзяляльніка) быў распрацаваны і актыўна ўжываўся для запісу літоўскай мовы кірыліцай яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя — трохі раней, чым замацаваўся ў сучасным беларускім алфавіце.

«Абецеле жемайтишкай-лѣтувишка…», або Жамойцка-літоўскі буквар, выдадзены літоўскай кірыліцай у Вільні ў 1864 годзе, змяшчае літару «ў» на тытульным аркушы

На гэты цікавы факт звярнуў увагу гісторык Алесь Белы ў сваім тэлеграм-канале Gorliwy Litwin, спасылаючыся на працу літоўскага гісторыка Дарыуса Сталюнаса «Польшча ці Русь? Літва ў складзе Расійскай імперыі» (2022).

Літоўская кірыліца: навошта яна была патрэбна?

З’яўленне літары «ў» у літоўскіх тэкстах было вынікам палітыкі Расійскай імперыі пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў. Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў і яго пераемнік Канстанцін Каўфман ініцыявалі поўную забарону літоўскага друку лацінкай (spaudos draudimas).

Мэтай было адарваць літоўцаў ад польскага культурнага ўплыву і наблізіць іх да расійскай культуры. Для гэтага было вырашана перавесці літоўскую мову на кірыліцу («гражданку»). Аднак проста ўзяць рускі алфавіт было немагчыма — ён не адлюстроўваў фанетычных асаблівасцей літоўскага маўлення.

Хто прыдумаў «ў»?

Цікава, што на пачатковым этапе, які гісторык Гедрус Субачус называе «энтузіястычным пачаткам» 1864—1866 гадоў, у распрацоўцы графікі для новай літоўскай пісьменнасці ўдзельнічалі не толькі рускія чыноўнікі і лінгвісты, але і літоўская інтэлігенцыя. Сярод іх вылучаюцца філолаг Станіслаў Мікуцкі, выдавец Лаўрынас Івінскіс, студэнт Варшаўскай вышэйшай школы Томас Жылінскіс і браты Юшка. Імі кіравалі некалькі матываў.

Па-першае, гэта ідэя лінгвістычнай «эканоміі». Яшчэ да паўстання браты Антанас і Ёнас Юшка прапаноўвалі рэфармаваць пісьмо так, каб перадаваць аднолькавыя гукі меншай колькасцю знакаў, і мадыфікаваная кірыліца з дыякрытыкай магла здавацца ім зручным інструментам для стандартызацыі дыялектаў.

Па-другое, сваю ролю адыграла свядомая антыпольская пазіцыя часткі нацыянальнай эліты, якая імкнулася адмежавацца ад польскага дамінавання ў культуры. Як адзначае Дарыус Сталюнас, лаяльнае стаўленне да кірыліцы выглядае як паслядоўная праява жадання дыстанцыявацца ад палякаў: літоўскія дзеячы спадзяваліся, што ўрадавая падтрымка новай азбукі парадаксальным чынам дапаможа развіваць уласную літоўскую этнакультуру ў супрацьвагу польскай.

«Абецеле лѣтувишкай-русишка…» (Літоўска-рускі буквар), выдадзены літоўскай кірыліцай у Варшаве ў 1865 г.

Для перадачы спецыфічных літоўскіх дыфтонгаў і гукаспалучэнняў рускіх літар бракавала. Таму рэфарматары пайшлі на смелыя інавацыі:

  • Увялі літару ў — для абазначэння другой часткі дыфтонгаў [au], [eu], [iau].
  • Увялі літару ô — для дыфтонга [uo].
  • Замянілі цвёрды знак (ъ) на апостраф (ʼ) — для абазначэння скарачэнняў ці раздзялення прыстаўкі і кораня (напрыклад: атʼіоти).
  • Адмовіліся ад літар, не ўласцівых літоўскай фанетыцы: ы, ф, щ.
«Абецеле лѣтувишкай-русишка…» (Літоўска-рускі буквар) выдання 1871 года. 

Дзе гэта можна пабачыць?

Літара «ў» актыўна выкарыстоўвалася ў цэлым шэрагу выданняў таго часу, якія друкаваліся ў Вільні і Варшаве:

  • «Абецеле жемайтишкай-лѣтувишка…» (Вільня, 1864) — буквар, створаны С. Мікуцкім.
  • «Абецеле лѣтувишкай-русишка…» (Варшава, 1865) — варыянт, падрыхтаваны Томасам Жылінскісам. У ім таксама прысутнічалі і «ў», і апостраф.
  • «Пасака апе жувиника ир жувеле» (Казка пра рыбака і рыбку) — пераклад Пушкіна, дзе таксама ўжывалася новая графіка.
  • «Аўкщеўсес Указас апе Лементоришкас Мокслинийчес Каралистее Ленку» (Найвышэйшы Указ аб народных вучылішчах у Царстве Польскім, Варшава, 1864) — афіцыйныя дакументы таксама друкаваліся з выкарыстаннем гэтай літары.
«Казка пра рыбака і рыбку» ў перакладзе на літоўскую, запісаная кірылічным алфавітам

Чаму эксперымент праваліўся?

Нягледзячы на лінгвістычную вынаходлівасць стваральнікаў, «літоўская кірыліца» не прыжылася. Літоўцы ўспрынялі яе як інструмент русіфікацыі і гвалту над сваёй культурай. Сяляне называлі такія кнігі «паліцэйскімі», палілі іх або адмаўляліся купляць.

У адказ узнік магутны рух кніганошаў, якія кантрабандай дастаўлялі з Усходняй Прусіі (Малой Літвы) кнігі на літоўскай мове звыклай лацінкай. Супраціў быў настолькі моцным, што ў 1904 годзе Расійская імперыя была вымушана скасаваць забарону.

Літара «ў» знікла з літоўскага ўжытку разам з кірыліцай, але да таго часу ўжо заняла сваё месца ў беларускім алфавіце, дзе яна стала незаменным сродкам для перадачы ўнікальнай фанетыкі беларускай мовы.

Ці запазычылі беларусы «ў» у літоўцаў?

Наяўнасць літары «ў» у літоўскіх кнігах 1860‑х гадоў можа выклікаць думку, што беларусы пазней проста перанялі гэты знак. Аднак факты сведчаць пра адваротнае: беларуская «ў» развівалася самастойна і эвалюцыянавала з беларускай лацінкі.

Патрэба ў асобнай літары для гука [w] (у нескладовае) наспела ў беларускай мове даўно. Першыя засведчаныя выпадкі выкарыстання адмысловага знака сягаюць у сярэдзіну XIX стагоддзя. Яшчэ ў 1845 годзе Габрыэль Асоўскі скарыстаўся правобразам літары для перадачы рэплік беларускага персанажа ў рамане «Таямнічае даміно». У 1846 годзе Ян Чачот у брашуры «Da milych mužyczkoú» пазначаў гэты гук як «ú». А этнограф Аляксандр Рыпінскі ў кнігах, выдадзеных у Лондане ў 1853—1854 гадах, ужо выкарыстоўваў менавіта «ŭ».

Што тычыцца беларускай кірыліцы, то сюды «ў» трапіла не пазней за 1870 год. Расійскі даследчык Пётр Бяссонаў прапанаваў камбінацыю «у з брэвісам» менавіта як адпаведнік ужо існуючай лацінкавай «ŭ». У 1874 годзе этнограф Павел Шэйн у кнізе «Белорусские народные песни» ўжо паслядоўна ўжывае «ў» (напрыклад: «а ўзяў вутку, заўтра раненька»).

Такім чынам, з'яўленне «ў» у беларускім алфавіце — гэта не запазычанне з «літоўскай кірыліцы», а лагічны вынік пераносу ў кірыліцу графічнай традыцыі, якая ўжо склалася ў беларускай лацінцы ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Літоўскі і беларускі праекты ў гэтым сэнсе развіваліся паралельна, вырашаючы падобныя фанетычныя задачы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары50

  • Ёсік
    07.12.2025
    Шчэ некалькі такіх артыкулаў, і даведаемся, што і няма аніякіх беларусаў, той Беларусі, ды гісторыі, аб якой кажа Арлоў. Літоўскай мовы мы ня ведаем, як бы там не было, але ў ААН ведаюць рэспубліку Літва, а не Ліетуву ці шчэ як-небудзь. І мовы такой няма, як беларуская, Ў - літоўская, Шчучыншчына - польскае пшэ пану, беларусы так не кажуць, у іх не правільны рускі язык. Краіна, насельніцтва, мова, гісторыя - усё здань, няма і не было нас. Дык мо лукашэнка сапраўды другі Езус ці Маісей, вядзе гэты авечы статак да родных мясьцін - у расею.
  • Сіверасапатны Рай
    07.12.2025
    Чаму маўчыць Скарына ў Піцеры? Хай скажа, як на самой справе.
  • Балтаслаў
    07.12.2025
    Яшчэ раз пераконваюся, што беларуская фанетыка – гэта вынік славянізацыі балтаў. Прымусьце літоўца, які не размаўляе на рускай і не ведае рускую фанетыку, чытаць беларускі тэкс і яго літоўскі акцэнт будзе амаль беларускім.

Цяпер чытаюць

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам24

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Усе навіны →
Усе навіны

Пяскоў панаракаў на «дэфіцыт сяброўскіх пачуццяў», што з некаторымі краінамі захоўваецца стагоддзямі14

Моцныя маразы вяртаюцца, да выходных да мінус 23°С

У Мінску пракладваюць тунэль для дажджавой вады1

ЕС і Індыя дамовіліся аб свабодным гандлі пасля 20 гадоў перамоў4

Топ-чыноўнік РПЦ назваў Зяленскага, Парашэнку і іншых прэзідэнтаў Украіны «сатаністамі» і заклікаў перамагчы іх малітвай і пастом27

ЗША звязалі гарантыі бяспекі для Украіны з перадачай Данбаса Расіі — FT22

Памёр Сяргей Барысенка, стваральнік легендарнага відэасалона ў Сянне

З Мінеапаліса, ахопленага пратэстамі, з’едуць старшы камандзір Памежнай службы і частка агентаў7

Толькі ў адным з 16 ваяводстваў Польшчы беларусаў больш, чым украінцаў. Вось як беларусы рассяліліся па краіне23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам24

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць