Фрыдман: Трампа цалкам задаволіць аўтарытарны рэжым у Мінску, які працягне арыентавацца на Расію
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман падзяліўся сваімі развагамі наконт новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША і ролі ў ёй Беларусі.

Тым, хто спадзяецца на тое, што ўмяшанне ЗША можа кардынальна змяніць сітуацыю або замежнапалітычны курс краіны, мае сэнс азнаёміцца з апублікаванай на мінулым тыдні «Стратэгіяй нацыянальнай бяспекі». Беларусь у ёй, зразумела, наўпрост не згадваецца, аднак дакумент змяшчае цэлы шэраг пунктаў, якія дазваляюць зразумець мэты і прыярытэты амерыканскай палітыкі.
Такім чынам, ЗША ўважаюць за сваю задачу зніжэнне рызыкі прамога супрацьстаяння паміж Расіяй і еўрапейскімі краінамі і маюць намер прыкласці намаганні для аднаўлення «стратэгічнай стабільнасці» ў дачыненнях з Расіяй. Калі ў выпадку Украіны гаворка ідзе наўпрост пра пасляваеннае аднаўленне і неабходнасць яе выжывання як «жыццяздольнай дзяржавы», то для Беларусі, якую Масква залічвае да «зоны сваіх прывілеяваных інтарэсаў», амерыканскае імкненне да «стратэгічнай стабільнасці» ў дачыненнях з Расіяй наўрад ці абяцае нешта добрае. З высокай доляй верагоднасці гэта азначае прызнанне расійскай дамінацыі ў гэтым рэгіёне Еўропы.
Гэта, аднак, не азначае, што на Беларусь у прынцыпе не будзе распаўсюджвацца заяўлены ЗША курс на «ўмацаванне жыццяздольных дзяржаў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропы праз гандлёвыя сувязі, продаж узбраенняў, палітычнае супрацоўніцтва, а таксама культурныя і адукацыйныя абмены».
Самым жа абнадзейлівым для Лукашэнкі ў канцэпцыі «гнуткага рэалізму» з'яўляецца прынцыповая гатоўнасць ЗША супрацоўнічаць і падтрымліваць добрыя стасункі «з краінамі, чые сістэмы кіравання і грамадскі ўклад адрозніваюцца ад нашых», а таксама адмова ад прасоўвання дэмакратычных і іншых пераўтварэнняў, «якія істотна адрозніваюцца ад іх уласных традыцый і гісторый». На такі падыход улады Беларусі спадзяюцца з моманту ўсталявання аўтарытарнага рэжыму ў 1990‑я гады. І цяпер яны, здаецца, дачакаліся свайго.
Застаецца спадзявацца толькі на тое, што збліжэнне Вашынгтона і Мінска ў кантэксце імкнення ЗША закончыць вайну ва Украіне прывядзе да вызвалення палітвязняў у Беларусі. І гэта, бадай, адзінае, што ЗША могуць прынесці на гэтым этапе. У астатнім Вашынгтон цалкам задаволіць аўтарытарны рэжым у Мінску, які працягне арыентавацца на Расію, але пры гэтым будзе гатовы супрацоўнічаць з ЗША.
Каментары