Былой сцюардэсе «Белавія» не падоўжылі ў Літве ДНЖ, палічыўшы пагрозай нацбяспецы. Яна 20 разоў з'ездзіла ў Беларусь
Беларуска Людміла (імя зменена), якая з сям’ёй пераехала ў Літву пасля пачатку вайны ва Украіне, сутыкнулася з нечаканай адмовай у падаўжэнні дазволу на жыхарства. У афіцыйным лісце з Дэпартамента міграцыі, атрыманага тыдзень таму, указана, што яна прызнаная пагрозай нацыянальнай бяспецы, піша LRT.lt.

Па словах жанчыны, прычынай адмовы сталі яе частыя паездкі ў Беларусь і папярэдняя праца ў беларускай авіякампаніі «Белавія».
«Мяне прызналі пагрозай нацбяспецы на падставе таго, што я за ўвесь час пражывання ў Літве 20 разоў ездзіла ў Беларусь і што я працавала з 2014 па 2020 год у авіякампаніі «Белавія» стюардэсай», — кажа Людміла.
Дырэктарка Дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайце падкрэслівае, што прыярытэтам для дзяржавы з’яўляецца нацыянальная бяспека, асабліва ва ўмовах працяглай вайны ва Украіне. Людміла былa бортправадніцай з Беларусі, у 2022 годзе з сям’ёй апынулася ў Літве і вырашыла застацца. Падставай стала не толькі ўз’яднанне з мужам, які працаваў у Вільні, але і пачатая вайна ва Украіне. Людміла кажа, што не магла вярнуцца дадому з‑за маральнага шоку і пачуцця саўдзелу ў агрэсіі.
«У мяне муж напалову ўкраінец, у яго кума ў Кіеве. Калі пачалася вайна — нам адразу сталі тэлефанаваць сваякі з Украіны: сказалі, што з тэрыторыі Беларусі едзе тэхніка, іх абстрэльваюць. Мы былі ў шоку, было вельмі цяжка прыняць, што мы сталі ўдзельнікамі жахлівых злачынстваў. Было шчасцем, што мы апынуліся ў Літве», — са слязьмі на вачах расказвае ў інтэрв’ю LRT.lt Людміла.
Сям’я прыняла рашэнне застацца, старэйшае дзіця ўладкавалі ў школу, малодшая пайшла ў дзіцячы садок. Людміла пачала шукаць працу, але без ведання мовы ўладкавацца па спецыяльнасці педагогам не атрымлівалася. Тады яна вырашыла скарыстацца другой адукацыяй — будаўнічага маляра — і ўладкавалася ў тую ж кампанію, дзе працаваў муж.
«Я адпрацавала месяц, і ў кампаніі змянілася кіраўніцтва. Пачаліся праблемы з заробкамі. У выніку мне ўдалося знайсці іншую будаўнічую фірму, Дэпартамент міграцыі дазволіў змяніць працадаўцу. А вось у мужа ўсё пайшло не так — яму анулявалі дазвол на жыхарства, бо яго працадаўца не плаціў падаткаў», — тлумачыць жанчына.
Сям’я спрабавала абскардзіць ануляванне, але без поспеху. Суд яны прайгралі, а мужу давялося пакінуць Літву: ён паехаў у Польшчу па працоўнай візе, каб заставацца побач з сям’ёй.
Пазней паўстала пытанне аб легалізацыі малодшай дачкі — па літоўскім заканадаўстве дзіця можа атрымаць ДНЖ толькі калі абодва бацькі яго маюць. Было знойдзена рашэнне: дачцэ аформілі польскую візу па працоўнай візе бацькі.
«Дачка жыла са мной, але, каб не парушаць правілаў, мы рэгулярна ездзілі да мужа. Гэта было складана, але па-іншаму нельга было», — кажа Людміла.
Таксама жанчына расказала пра нечаканую знаходку — грузінскае грамадзянства, атрыманае яшчэ ў 2012 годзе. Тады яе запрашалі выступаць за Грузію на спартыўных спаборніцтвах.
«Я думала, што ўсё даўно анулявалі. А тут высветлілася, што грамадзянства засталося. Гэта дапамагло легалізаваць дачку, калі ў яе скончыўся дазвол на жыхарства», — узгадвае яна.
У маі 2025 года мужу, праз год пасля адмовы, усё ж выдалі новы дазвол на жыхарства ў Літве. Людміла з палёгкай падала на падаўжэнне свайго, а дачка — на літоўскі ДНЖ. Здавалася, усё стабілізуецца.
Пагроза нацбяспекі для Літвы
Аднак тыдзень таму Людміла атрымала ліст ад Дэпартамента міграцыі, у якім ёй паведамілі аб адмове ў падаўжэнні ДНЖ.
У распараджэнні LRT.lt ёсць указаны дакумент, у ім, у прыватнасці, гаворыцца, што Людміла «ў 2014—2020 гадах працавала ў авіякампаніі Рэспублікі Беларусь «Белавія». Праца ў беларускай авіякампаніі азначае, што асоба павінна была праяўляць лаяльнасць да Рэспублікі Беларусь і падтрымліваць беларускую ўладу».
Акрамя таго, указваецца, што Людміла перасякала мяжу з Беларуссю 20 разоў. Па ацэнцы Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы, у выпадку выдачы асобы дазволу на пражыванне ў Літве, ён можа быць выкарыстаны для выканання задач беларускіх разведвальных службаў як лаяльная і надзейная асоба для беларускай улады.
«Беларускія спецслужбы выкарыстоўваюць сваіх грамадзян, якія пражываюць у Літве і раней працавалі ў дзяржаўных структурах, для збору разведвальнай інфармацыі і ў мэтах кантрразведкі. Кантакты з такімі асобамі могуць аднаўляцца нават праз пэўны час пасля іх сыходу з дзяржслужбы або арміі, асабліва калі яны жывуць за мяжой або рэгулярна туды ездзяць», — гаворыцца ў дакуменце.
Адзначаецца, што ў выпадку расійскай ваеннай агрэсіі такія асобы могуць выкарыстоўвацца ў спецыяльных аперацыях — для распаўсюджвання прапаганды, дэзінфармацыі і дыверсій супраць стратэгічных аб’ектаў.
«Улічваючы сукупнасць выкладзеных абставін, сучасную геапалітычную сітуацыю і праведзеную ацэнку Дэпартаментам дзяржбяспекі, лічыцца, што сабрана дастаткова даных, якія дазваляюць зрабіць высновы, што інтарэс асобы пражываць і працаваць у Літоўскай Рэспубліцы не можа быць прызнаны прыярытэтным і больш значным, чым забеспячэнне нацыянальнай бяспекі Літоўскай Рэспублікі».
У Беларусі — хворы бацька
Людміла пацвярджае, што была вымушаная ездзіць у Беларусь — спачатку трэба было вырашаць, што рабіць з пакінутымі там жывёламі, затым — займацца падаўжэннем пашпартоў — свайго і дзяцей, а таксама клапаціцца пра хворага бацьку.
«У мяне вельмі хворы пенсіянер-бацька. У 2021 годзе ён перанёс інсульт, пасля чаго яго здароўе рэзка пагоршылася. Узніклі новыя праблемы: аперацыя на вочы, дыябет з нестабільным узроўнем цукру — хваробы сталі ісці адна за адной. Як дачка, я не магу пакінуць яго аднаго — у яго больш няма нікога», — расказвае яна.
Людміла расказвае, што неўзабаве пасля ад’езду яна вярталася ў Беларусь па хатніх жывёл, у той час як яе муж застаўся ў Літве — баяліся магчымай мабілізацыі. Сабаку, ужо старога, ўдалося перавезці, а вось ката давялося пакінуць у бацькоў. Акрамя таго, жанчына займалася пераафармленнем пашпартоў для сябе і дзяцей.
Людміла падкрэслівае, што ў 2022 і 2023 гадах яна ўжо праходзіла праверкі, давала даныя пра сваю працу ў «Белавіі» і тады ніякіх прэтэнзій з боку ведамстваў не ўзнікала.
«Я запаўняла анкету, указвала, дзе працавала. То бок на той момант я не была пагрозай. А зараз, праз два гады, яны вырашылі інакш. Чаму адразу не адмовілі? Мы б не будавалі тут сваё жыццё», — здагадваецца жанчына.
Працу ў «Белавіі» яна тлумачыць практычнымі меркаваннямі: «У мяне не было досведу, нікуды не хацелі браць. А ў «Белавіі» не патрабаваўся вопыт, яны навучалі. І заробак быў добры».
За мінулыя два гады сям’я Людмілы актыўна інтэгравалася ў літоўскае грамадства.
«Я вырашыла пайсці на курсы літоўскай мовы, атрымала сертыфікат валодання мовай на ўзроўні «A2». Жыццё заіграла новымі фарбамі. Я нарэшце пачала ўсё разумець, запаўняць дакументы без дапамогі. Мы пачалі разумець, куды бегчы, што рабіць», — распавядае яна.
Асаблівую заклапочанасць у Людмілы выклікае сітуацыя з дзецьмі, асабліва з малодшай дачкой, якая амаль усё жыццё правяла ў Літве. «Яна ходзіць у садок, у яе сябры, любімыя выхавальнікі, гурткі. Яна ўжо не ведае іншага жыцця. Старэйшае дзіця таксама не хоча з’язджаць. Тут у нас ужо наладжанае жыццё», — кажа Людміла.
Зараз Людміла рыхтуе апеляцыю ў суд. «Калі я атрымала ліст пра прызнанне пагрозай, гэта было як ударам па галаве. Мы толькі пачалі дыхаць свабодна, думалі, што ўсё наладзілася. А цяпер зноў не ведаем, што будзе заўтра», — кажа яна і падкрэслівае, што вяртацца на радзіму небяспечна з-за яе поглядаў і ўдзелу ў пратэстах 2020 года.
Гудзінскайце: прыярытэт — нацыянальная бяспека
Дырэктарка Дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайце падкрэслівае, што прыярытэтам для дзяржавы з’яўляецца нацыянальная бяспека, асабліва ва ўмовах працяглай вайны ва Украіне. Па яе словах, рашэнне не падаўжаць дазвол на часовае пражыванне Людмілы не звязана выключна з яе мінулай працай у авіякампаніі «Белавія».
«Асноўны аргумент быў не папярэдняя праца ў «Белавія», а тое, што асоба ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы», — пракаментавала яна ў інтэрв’ю радыё LRT.
Яна патлумачыла, што такія ацэнкі дае Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі, з якім кансультуецца міграцыйная служба.
«Дэпартамент дзяржбяспекі мае свае крытэрыі. Гэта не толькі былыя месцы працы, але і цяперашнія сувязі з Беларуссю і іншыя абставіны. Гэта сукупнасць фактараў. Канкрэтна, што менавіта ў гэтым выпадку ацэньваў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі, я каментаваць не магу — гэта іх работа. Але мы адзначаем, што наяўнасць былых, цяперашніх або працяглых сувязяў і супрацоўніцтва, а таксама праца ў структурах, якія падтрымліваюць беларускі рэжым, таксама мае значэнне.
Гэта адзін з фактараў, які можа прывесці да таго, што чалавек, напрыклад, уразлівы для беларускіх службаў, або, магчыма, ён усё яшчэ падтрымлівае сувязі з беларускімі ўладнымі структурамі», — кажа яна.
Гудзінскайце адзначыла, што стратэгічныя аб’екты ў Беларусі, такія як «Белавія», прымаюць на працу толькі лаяльных да рэжыму супрацоўнікаў.
«Гэта стратэгічны аб’ект, і там працуюць толькі лаяльныя рэжыму людзі. Па-іншаму быць не можа».
Па яе словах, калі чалавек баіцца пераследу рэжыму, але пры гэтым рэгулярна ездзіць у Беларусь, гэта выклікае сумненні.
«Калі чалавек сцвярджае, што баіцца рэжыму, але за час дзеяння дазволу на жыхарства як мінімум 20 разоў ездзіць у Беларусь, гэта выклікае пытанні».
Дырэктарка Дэпартамента міграцыі адзначыла, што канкрэтна ў гэтым выпадку заяўніца «пастаянна кантактавала з беларускімі дзяржаўнымі структурамі, перасякала мяжу, атрымлівала дакументы, трапляла ў поле зроку ўлады, але заўсёды бесперашкодна вярталася».
Гэта, па яе словах, не пацвярджае яе страхі за ўласную бяспеку.
«Такая гісторыя не выклікае даверу. І мы заўсёды гаворым беларусам, расіянам, што вяртацца ў Беларусь небяспечна. Калі вы баіцеся пераследу з боку рэжыму, ехаць у свае краіны небяспечна, бо вас могуць завербаваць, вас могуць затрымаць, вам могуць пагражаць», — падкрэслівае Гудзінскайце.
Яна таксама нагадала, што ва ўмовах вайны прыярытэт — бяспека Літвы: «У ваенны час нацыянальная бяспека важнейшая за асабістыя абставіны чалавека, лаяльнага не Літве, а іншай краіне. Я разумею, што гэта можа гучаць жорстка, але для нас прыярытэт — бяспека Літвы. Я думаю, што замежнікі пры выбары месца жыхарства ў іншай краіне павінны таксама ўлічваць той факт, што мы жывем не ў мірны час».
Як выглядае статыстыка адмоваў?
Паводле слоў кіраўніцы Дэпартамента міграцыі Эвеліны Гудзінскайце, на чэрвень 2025 года з-за пагрозы нацыянальнай бяспецы грамадзянам Беларусі было адмоўлена ў 121 дазволе на жыхарства, не былі падаўжаныя 303 дазволы, 97 ужо выдадзеных дазволаў былі ануляваныя.
Калі дазвол анулюецца, чалавеку прадастаўляецца 14 дзён на добраахвотны выезд, а ў асобных выпадках — больш часу па дамоўленасці.
«Мы даём два тыдні, а потым дамаўляемся, колькі часу патрэбна, каб завяршыць справы».
Каментары
калі хто і займаецца балабольствам, то толькі вы. Нічога яна не казала пра пагрозу.
Як цікава выходзіць. Калі ты не пойдзеш у армію, будзеш ухіляцца, на цябе завядуць крымінальную справу. А калі адслужыш і пасля пажадаеш працаваць у Літве, станеш для іх пагрозай нацбяспецы. Ты ж ужо лаяльны да рэжыму. І абыякава ім, што служыў пад прымусам. Дэмакратыя!