Трамп згадаў 1300 беларускіх палітвязняў. Адкуль такая лічба і колькі іх насамрэч?
У рэзанансных допісах пра Беларусь прэзідэнт ЗША Дональд Трамп папрасіў Аляксандра Лукашэнку выпусціць на волю 1300 беларускіх зняволеных. Гаворка, безумоўна, пра палітвязняў. Але як з'явілася такая лічба?

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных», — такія словы прагучалі 15 жніўня ў публікацыі Дональда Трампа, дзе той расказаў пра сазвон з Аляксандрам Лукашэнкам. Пазней Трамп яшчэ раз назваў гэтую лічбу ў сваёй іншай публікацыі: «Спадзяюся, 1300 чалавек хутка выйдуць на волю!»
Існуюць два вялікія спісы беларускіх палітвязняў.
Больш вядомы той, што вядзе «Вясна». У ім пералічваюцца 1183 палітвязні. Пры гэтым, як патлумачылі «Нашай Ніве» праваабаронцы «Вясны», ім вядома яшчэ пра дзясяткі людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах.
Але ёсць і другі спіс палітвязняў, ад ініцыятывы Dissidentby. У ім налічваюцца 1322 палітвязні. І менавіта гэты лік бліжэйшы да таго, які назваў Дональд Трамп.
Чаму паміж спісамі ёсць розніца? Справа ў розных падыходах да фіксацыі людзей і ўвогуле да вызначэння палітзняволенага.
Прадстаўніца ініцыятывы Dissidentby Марына Касінерава прыводзіць прыклад:
«Калі была затрыманая група Аліневіча, мы іх адразу прызналі палітзняволенымі, таму што была інфармацыя пра іх катаванні і брутальнае затрыманне. Пры гэтым ужо было вядома публічна, за якія акцыі іх затрымалі».
Гаворка пра анархістаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава, якія ў снежні 2021-га атрымалі прысуды ад 18 да 20 гадоў калоніі па абвінавачваннях у падпале службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ і дзяржкамітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. Яны трапілі ў спіс палітвязняў «Вясны» толькі пасля таго, як былі абвешчаныя прысуды.
Марына адсылае да заявы, якую прынялі ў 2021 годзе некаторыя беларускія праваабаронцы, першыя ў спісе падпісантаў — Dissidentby. У гэтай заяве праваабаронцы заклікаюць карыстацца прынцыпам прэзумпцыі невінаватасці, калі вырашаюць, ці вызнаваць чалавека палітвязнем.
То-бок у тых выпадках, калі праваабаронцам «Вясны» можа не хапіць інфармацыі, каб прызнаць беларуса палітвязнем, ці калі знойдуцца іншыя перашкоды для такога прызнання, Dissidentby хутчэй пагодзіцца вызнаць чалавека палітзняволеным і не будзе чакаць, калі палітычная сутнасць справы стане бачная па выніках суда.
Зрэшты, у выніку ўсе патэнцыйна «спрэчныя» палітвязні — і згаданыя вышэй анархісты, і група Аўтуховіча, і рэйкавыя партызаны — трапілі ў абодва спісы, і «Вясны», і Dissidentby. За апошні час прынцыповых разыходжаннях у падыходах не засталося.
Аднак ёсць іншыя прычыны, чаму спісы адрозніваюцца. Гаворка, напрыклад, пра людзей, каму прысудзілі хімію з накіраваннем. Праваабаронцы «Вясны» пасля суда часова выдаляюць такіх людзей са спісу палітвязняў — фактычна чалавек да ад'езду на хімію знаходзіцца дома, і было б нелагічна патрабаваць яго неадкладнага вызвалення. А вось калі чалавек даязджае да хіміі, то яго дадаюць у спіс палітвязняў зноў.
У Dissidentby, тлумачыць Марына Касінерава, іншы падыход. Часта няма магчымасці адсачыць, ці адбывае чалавек на самой справе тую хімію або з'ехаў за мяжу. Калі праваабаронцы даведваюцца, што чалавек не ў Беларусі, яны змяняюць яго статус на «вымушаную эміграцыю». Такая сістэма ў тым ліку дапамагае нікога не згубіць.
Апроч таго, у спісах Dissidentby ёсць і часткова ананімізаваныя кейсы, дзе пазначаецца, напрыклад, толькі імя першыя літары прозвішча і імя па бацьку, чалавека, які толькі-толькі трапіў у СІЗА.
Марына Касінерава запэўнівае, што гэта непублічныя гісторыі, але праваабаронцы Dissidentby маюць належныя даныя пра гэтых людзей.
У спісе «Вясны» такіх палітвязняў няма, бо немагчыма патрабаваць вызвалення ўмоўнай «Лізаветы Л.» — хто гэта такая? А калі праваабаронцы палічаць, што назваць імя ўжо можна — напрыклад, прысуд быў вынесены, то дадаюць яе ў палітвязні з усёй анкетнай інфармацыяй.
Важны момант: і ў тым, і ў тым спісе ёсць дзясяткі, а можа, і сотні чалавек, якія насамрэч ужо дома. Калі палітвязень вызваліўся па тэрміне, то можна хаця б прыкладна вызначыць, калі ён павінен выйсці на свабоду. У выпадку з хвалямі памілаванняў да праваабаронцаў даходзіць толькі частка інфармацыі.
А колькі ж на самой справе палітвязняў у Беларусі? Праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што высветліць гэта на сёння немагчыма:
«Лічу, што дакладную колькасць палітвязняў на сёння не ведае ніхто — ні «Вясна», ні Dissidentby, ні іншыя праваабарончыя ініцыятывы. Ёсць сем'і палітвязняў, якія не хочуць агучваць факт затрымання іх блізкіх. Калі іх садзяць у турму, родныя хаваюць гэта і не звяртаюцца да праваабаронцаў, каб не нашкодзіць.
Дакладную колькасць палітвязняў мы даведаемся потым, калі рэпрэсіі спыняцца і кожны з тых, хто падпаў пад рэпрэсіі, у тым ліку і знаходзіўся ў турмах, пажадае распавесці грамадству пра свае кейсы».
Фактар страху насамрэч існуе, але, на думку Марыны Касінеравай, лічба ў 1318 палітвязняў усё ж блізкая да рэальнасці. Адзіная магчымая складанасць — інфармацыя пра зняволеных, якія чакаюць суда ў СІЗА, асабліва па артыкуле 342 (за ўдзел у акцыях пратэсту), бо гэта вялікі канвеер, за якім не заўжды проста сачыць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬРадыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня
Антон чатыры гады хаваўся ад лукашыстаў у родных Баранавічах — затрымалі, калі вырашыў здаць на правы
Журналіст Ігар Карней расказаў пра здымкі для прапагандысцкага фільма і нечаканую сустрэчу з Дзярждэпам падчас зняволення
Каментары
любой человек, попавший на радар вертухаев УЖЕ преследуем.
вопрос только в уровне прессинга. даже обязательные сутки перед административным судом УЖЕ политически мотивированное преследование.