Праваабаронцы запусцілі маніфест Release N:OW з заклікам да гуманітарных перамоваў
7 верасня споўняецца пяць гадоў з дня арышту Марыі Калеснікавай. Да гэтай даты яе сястра Таццяна Хоміч разам з шэрагам праваабарончых ініцыятыў абвяшчаюць пра запуск маніфесту з патрабаваннем вызваліць палітвязняў і пачаць гуманітарны дыялог з Мінскам, піша Reform.news.

Ініцыятыва атрымала назву Release N:OW. Гэта сумесны праект платформы politzek.me, асацыяцыі сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў FreeBelarusPrisoners, фонду «21 мая», Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва і ініцыятывы Taskforce Belarus. Агульная мэта — дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, прыцягваючы міжнародную ўвагу да становішча ў турмах, мабілізуючы грамадскае і палітычнае прызнанне і вядучы сістэмны дыялог з тымі, хто прымае рашэнні ў Еўропе.
Аўтары ініцыятывы настойваюць на карэкціроўцы стратэгіі дэмакратычных сіл. Па іх версіі, прыярытэтам была «змена рэжыму», якая прывядзе да вызвалення палітвязняў. Зараз жа неабходна зрабіць вызваленне людзей і пачатак дыялогу з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі галоўным прыярытэтам.
«На працягу многіх гадоў прыярытэтам стратэгіі дэмакратычных сіл і міжнародных партнёраў была змена рэжыму ў Беларусі, і вызваленне людзей разглядалася як вынік гэтага працэсу. Прайшло пяць гадоў. Мы заклікаем адаптаваць стратэгію да рэальнасці: зрабіць вызваленне людзей і пачатак дыялогу з Мінскам галоўным прыярытэтам», — гаворыцца ў прэс‑рэлізе.
На думку аргазатараў, беларускаму грамадству неабходна паказаць запыт на змену фокусу.
Сэрцам кампаніі стаў Release N:OW Manifesto — публічны заклік да дзеянняў.
Дакумент адкрыты для індывідуальных подпісаў і подпісаў ад імя арганізацый; прыхільнікаў просяць распаўсюджваць яго і такім чынам падтрымліваць «гуманітарны трэк» як шлях вяртання людзей дадому. Кожны новы подпіс, падкрэсліваюць ініцыятары, ўмацоўвае сігнал, што «дээскалацыя і дыялог магчымыя і жаданыя беларусамі ўжо цяпер — і што Еўропе варта адыграць у гэтым актыўную ролю».
Тэкст і форма для падпісання даступныя на сайце releasenow.org/manifesto.
Маніфест падтрымалі вядучыя беларускія і міжнародныя праваабарончыя групы, сярод іх: Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека (Вільня), «Прававая ініцыятыва», ПЭН‑Беларусь, Human Constanta, Respect—Protect—Fulfill, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Lawtrend, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, «Лекары за праўду і справядлівасць», Free Belarus Center, Politvyazynka і іншыя.
Арганізатары падкрэсліваюць: беларускі крызіс нельга вырашыць далейшай эскалацыяй. Выхад яны бачаць у дээскалацыі, дыялогу і неадкладным вызваленні палітвязняў.
Каментары
1. "Да гэтай даты [7 верасня] ... Таццяна Хоміч разам з шэрагам праваабарончых ініцыятыў абвяшчаюць пра запуск маніфесту" (Наша Ніва)
"К дате [7 сентября] ... Татьяна Хомич вместе с рядом правозащитных инициатив объявляют о запуске манифеста" (Reform.news)
"К этой дате [7 сентября] ... Татьяна Хомич вместе с правозащитниками запустила компанию Release N:OW" (Зеркало)
Аднак маніфест і кампанія былі запушчаны яшчэ 21 траўня 2025 года - у Дзень беларускіх палітвязняў. Пра тое напісана на іх сайце і была навіна "Вясны" ў той дзень. І сайт з менавіта такім маніфестам тады ўжо існаваў.
Зараз на сайце маніфеста няма нічога пра "запуск 7 верасня" і пра гэты новы прэс-рэліз. Іншыя сацсеткі маніфеста невядомыя, на сайце не ўказаны. Сам маніфест толькі на мовах EN, BY, DE, прэс-рэліз - RU (хаця пераклад мог быць і ініцыятывай рускамоўных СМІ).
Новага прэс-рэлізу няма і на "Вясне", у Кавалеўскага на канале "Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва", у politzek.me, на сайце "FreeBelarusPrisoners" (Хаміч з'яўляецца суаснавальніцай арганізацыі) і г.д.
2. Прэс-рэліз, які апублікавалі СМІ і сам маніфест значна адрозніваюцца па акцэнтах.
У прэс-рэлізе:
"На протяжении многих лет приоритетом стратегии демсил и международных партнеров была смена режима в Беларуси, а освобождение людей рассматривалось как результат этого процесса. Прошло пять лет. Мы призываем адаптировать стратегию к реальности: сделать главным приоритетом освобождение людей и начало диалога с Минском."
"Кризис в Беларуси не будет решен из-за дальнейшей эскалации. Его можно преодолеть только через деэскалацию, диалог и немедленное освобождение политических заключенных."
У арыгінальным маніфесце нічога няма пра карэкціроўку стратэгіі дэмсіл са "змены рэжыму", нічога пра "рэальнасць", "эскалацыю" і "дээскалацыю". Затое ёсць абзац пра "ніякіх саступак без вызвалення".
Пытанні:
Прэс-рэліз у СМІ адправілі сапраўдныя ініцыятары маніфеста? Адзіны афіцыйны кантакт на іх сайце: [email protected].
Калі гэта ўсё ж так, чаму прэс-рэліз праз некалькі месяцаў пасля запуску і подпісаў удзельнікаў значна змяняе сэнс маніфеста: можна прачытаць так, што ўсе падпісанты згодныя адмовіцца ад мэты змены рэжыму.