Студэнты сталічнага каледжа індустрыі моды вырашылі адрадзіць культуру беларускага нацыянальнага касцюма. У прыватнасці — багатую спадчыну шляхецкай моды.

Пра калекцыю піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Ідэйны натхняльнік праекту — Наталля Войнава, выкладчыца спецпрадметаў і кіраўніца аб'яднання паводле інтарэсаў «Мода і стыль». Яна тлумачыць, што ўзоры эскізаў і прынцыпы працы з гістарычнымі ўборамі каманда брала з навучальных курсаў каледжа.

«У нас ёсць прадмет «Гісторыя стыляў у мастацтве і касцюме», на якім навучэнцы дасканала вывучаюць асаблівасці кампазіцыі ў тым ліку шляхецка-магнацкай моды, — расказвае Наталля. — На сармацкіх партрэтах адлюстравана, як апраналіся нашы продкі».
Калекцыя ўбораў беларускай шляхты стала другой. Першая экспазіцыя прысвечаная народнаму вяселлю.
«Мы хацелі паказаць, што ў XV—XVII стагоддзях у нас была не толькі сялянская, але і яркая арыстакратычная мода», — кажа выкладчыца.
Вобраз Барбары Радзівіл дэманструе запазычанне нямецкай моды, творча пераасэнсаванай беларускімі майстрамі. Убор «Бона Сфорца» адпавядае іспанскай модзе: тугі плісіраваны каўнер гаргеры і каркасная спадніца верцюгадэн. Мужчынскія касцюмы — кунтушы і жупаны — найбліжэйшыя да таго, што насіла заможная беларуская шляхта. Галоўны элемент — слуцкія паясы.

Аляксандра Шыла, навучэнка 4‑га курса каледжа, удзельнічала ў стварэнні касцюма Барбары Радзівіл.
«Патрабавалася дамагчыся візуальнага падабенства з яе сукенкай на партрэце. Многае рабілі ўручную: вышыўка, фармаванне складак для аб'ёму. Былі і няўдачы: канструкцыя не супадала з выявай. Але мы не імкнуліся да абсалютнай копіі, а хацелі перадаць дух эпохі», — расказвае студэнтка.
«Нашы строі каштуюць ад 630 да 800 рублёў — гэта ў 10 разоў ніжэй за рыначны кошт на падобныя гістарычныя рэканструкцыі. Аднак гэта не масавы тавар — такое адзенне прызначанае не для шараговых пакупнікоў, а для ўстановаў культуры», — расказвае аўтарка праекту і супрацоўніца каледжа Настасся Пазднякова.

Касцюмы з калекцыі беларускай шляхты ўжо паспелі пабываць на сталічных выставах да Дня горада. Гэты праект перамог на гарадскім конкурсе «Мінская змена» ў намінацыі «Найлепшы праект у сферы культуры і мастацтва».
Каментары
Я нават згодзен, каб чыноўнікі-ябацькі ў такіх касцюмах на мерапрыемствах святы адкрывалі і лентачкі пераразалі.