Новы спадарожнікавы здымак, імаверна, зафіксаваў машыны комплексу «Арэшнік» пад Крычавам
Атрыманы «Радыё Свабода» спадарожнікавы здымак кампаніі Planet Labs, зроблены 9 лютага 2026 года, сведчыць, што на былым вайсковым аэрадроме «Крычаў-6» працягваецца актыўнае разгортванне вайсковай базы. Упершыню на здымку можна заўважыць машыны, як мяркуецца, з ракетнага комплексу «Арэшнік», а таксама новую тэхніку і будынкі, якія з’явіліся тут за апошнія месяцы.

Раніцай 30 снежня мінулага года беларускае і расійскае міністэрствы абароны прадэманстравалі відэа з кадрамі нібыта «заступання на баявое дзяжурства» ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік». Пры гэтым на кадрах, як адзначылі эксперты, былі бачныя толькі 3 машыны тэхнічнага забеспячэння і адна машына аховы.
За некалькі дзён да публікацыі афіцыйнага відэа амерыканскія аналітыкі ў сферы ядзерных узбраенняў і вайсковай інфраструктуры на падставе спадарожнікавых здымкаў назвалі былы вайсковы аэрадром «Крычаў-6» магчымым месцам размяшчэння комплексу «Арэшнік». У склад групы ўваходзілі даследчыкі, звязаныя з The Middlebury Institute of International Studies at Monterey (ЗША), а таксама незалежныя аналітыкі, якія займаюцца аналізам адкрытых даных.
«Радыё Свабода» тады праверыла гэтыя высновы і супаставіла іх з афіцыйнымі кадрамі. Як высветлілася, афіцыйнае відэа сапраўды магло быць знятае на закінутым вайсковым аэрадроме пад Крычавам. Пра гэта сведчыць поўнае супадзенне размяшчэння будынкаў на афіцыйных кадрах і на атрыманых спадарожнікавых здымках за апошнія паўгода. Тэрміновае будаўніцтва тут пачалося ў жніўні 2025 года, для яго знеслі мясцовае прыватнае прадпрыемства па вырабе драўнянага вугалю. Да 2026 года тут узвялі некалькі новых будынкаў, зрабілі поўную рэканструкцыю чыгуначных шляхоў і станцыі.
Сярод самых заўважных змен з пачатку будаўнічых работ на тэрыторыі былога аэрадрома «Крычаў-6» — пабудова цэнтральнага аб’екта на былой узлётна-пасадачнай паласе. Ён падобны да невялікага вайсковага гарадка, абнесенага агароджай. У цэнтры — пляц, дзе, імаверна, і здымаліся некаторыя кадры з афіцыйнага відэа міністэрстваў абароны Расіі і Беларусі.
На спадарожнікавым здымку за 9 лютага 2026 года на тэрыторыі цэнтральнага вайсковага гарадка можна разгледзець 6 машын, якія могуць належаць ракетнаму комплексу «Арэшнік». Іх памер і прапорцыі адпавядаюць памеру паказанай раней міністэрствамі абароны тэхнікі, але дакладны тып машын пакуль вызначыць немагчыма, бо для гэтага трэба больш якасныя здымкі.

Для ўсіх шасці машын будуюць два ангары, на здымку бачныя цені ад металічных канструкцый над імі. Адзін, меншы, — для трох машын аднаго тыпу, і другі, большы і з запасам пад чацвёртую машыну, — для трох машын другога тыпу.
Амерыканскі аналітык адкрытых даных і спадарожнікавых здымкаў, супрацоўнік CNA Corporation — даследчага цэнтра ў галіне абароны і нацыянальнай бяспекі ЗША — Дэкер Эвелет напісаў у сацыяльнай сетцы X, што на новым спадарожнікавым здымку, апублікаваным «Радыё Свабода», «верагодна, бачна як мінімум два аб’екты, якія могуць быць пускавымі ўстаноўкамі, магчыма — тры». Ён таксама звярнуў увагу, што размяшчэнне магчымых пускавых установак і машын забеспячэння на адкрытай пляцоўцы, пакуль вакол іх працягваецца будаўніцтва ангараў, сведчыць пра высокі тэмп разгортвання.
Расійскі эксперт у галіне стратэгічных узбраенняў Дзмітрый Стэфановіч удакладніў, што, мяркуючы па здымках, можна казаць пра дывізіён або стартавую батарэю Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.
На здымку ад 9 лютага 2026 года таксама можна заўважыць, што побач з тэрыторыяй цэнтральнага вайсковага аб’екта з’явілася каля 25 вайсковых машын рознага памеру і тыпу, некалькі земляных насыпаў, а таксама будынак пакуль яшчэ незразумелага прызначэння. На перыметры вайсковага гарадка можна пабачыць 4 вышкі незразумелага пакуль прызначэння.

Вайсковы эксперт украінскага выдання Defence Express па пытаннях узбраенняў і вайсковец 413‑га палка Сіл беспілотных сістэм «Рэйд» Іван Кірычэўскі ў каментары «Радыё Свабода» адзначае, што на спадарожнікавых здымках сапраўды могуць быць зафіксаваныя машыны, звязаныя з расійскім ракетным комплексам «Арэшнік», але звяртае ўвагу на важны нюанс:
«Тое, што Расія разгортвае ў Беларусі вайсковую інфраструктуру для размяшчэння ракетнага комплексу «Арэшнік», — гэта факт. Тое, што там ужо ёсць асобныя кампаненты для забеспячэння працы балістычных ракет сярэдняй далёкасці «Арэшнік», — таксама факт. Пры гэтым нельга выключаць, што расіяне могуць такім чынам ствараць фальшывыя вайсковыя пазіцыі. І гэта можа быць адна з такіх фальшывых пазіцый».

Як прыклад нелагічных, на ягоную думку, элементаў інфраструктуры вайсковага аб’екта пад Крычавам ён прыводзіць ангары, бачныя на спадарожнікавым здымку, якія будуюцца адзін побач з адным і адразу для некалькіх машын ракетнага комплексу. Эксперт мяркуе, што пры нанясенні ўдару такая канцэнтрацыя тэхнікі можа прывесці да яе адначасовага знішчэння.
Разам з тым Кірычэўскі мяркуе, што стварэнне як фальшывых, так і замаскаваных рэальных баявых пазіцый можа быць часткай доўгатэрміновага плана і крытэрыем падрыхтоўкі да разгортвання Расіяй праз некалькі гадоў поўнага ракетнага палка з не менш як дзевяццю пускавымі ўстаноўкамі.
«Пры гэтым Расія можа паступова пачаць разгортваць у Беларусі контрдыверсійныя падраздзяленні і падраздзяленні спецыяльных службаў, без якіх размяшчэнне такой зброі немагчымае. Такія мабільныя пускавыя ўстаноўкі расіяне нават у сябе хаваюць і берагуць як вока», — адзначае эксперт.
«Арэшнік» — расійскі мабільны ракетны комплекс сярэдняй далёкасці, створаны, як лічаць эксперты, на базе распрацаванай раней міжкантынентальнай ракеты «Ярс». За кошт скарочанай колькасці разгонных ступеняў «Арэшнік» меншы памерам і мае меншую дыстанцыю ўжывання — каля 5 тысяч кіламетраў. Расія ўпершыню магла выкарыстаць ракету гэтага комплексу 21 лістапада 2024 года пры ўдары па прадпрыемстве «Південмаш» у Дняпры на ўсходзе Украіны. Прадпрыемства тады было пашкоджанае, а ў горадзе загінулі і былі параненыя людзі.

Пра магчымасць размяшчэння расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік» у Беларусі было заяўлена публічна на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў канцы 2024 года. Вызначаны тэрмін — другая палова 2025 года. Рашэнне размясціць комплекс у Беларусі нібыта прынялі ў адказ на просьбу Аляксандра Лукашэнкі. Тады ж апошні, з ягоных слоў, паставіў Пуціну ўмову, што цэлі будуць вызначацца «ў Беларусі, а не расіянамі».
Заява пра тое, што Беларусь нібыта зможа самастойна вызначаць цэлі для комплексу «Арэшнік», з’явілася ў медыях сёлета ў снежні пасля інтэрв’ю міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна кітайскаму тэлеканалу. Аднак у той жа дзень дзяржаўнае расійскае агенцтва навін ТАСС анулявала гэты матэрыял, прызнаўшы яго памылковым.
На прадэманстраваных 30 снежня Міністэрствам абароны Беларусі кадрах «заступання на баявое дзяжурства» ракетнага комплексу «Арэшнік» і ганаровага шыхтавання на пляцы «Радыё Свабода» не заўважыла ніводнага беларускага вайскоўца. Сярод паднятых на цырымоніі сцягоў быў толькі адзін дзяржаўны беларускі і тры расійскія: дзяржаўны сцяг Расіі, сцяг Міністэрства абароны Расіі, сцяг расійскіх Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.
Кіраваў афіцыйным мерапрыемствам на трыбуне неназваны расійскі падпалкоўнік; як пасля высветліла «Радыё Свабода», ім мог быць расійскі вайсковец Раман Астравушка. У 2021 годзе ён быў камандзірам ракетнага дывізіёна 54‑й ракетнай дывізіі з горада Цейкава.
54‑я ракетная дывізія адносіцца да Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння Расіі і месціцца прыкладна за 200 кіламетраў на паўночны ўсход ад Масквы. Расійскія дзяржаўныя медыя не раз называлі Цейкаўскі ракетны дывізіён часткай «ядзернага шчыта» РФ. На ўзбраенні падраздзялення стаяць міжкантынентальныя балістычныя ракетныя комплексы «Ярс».
Каментары