Меркаванні77

Выбары гуртам і ўраздроб

Мікалай Лазавік ня ўтрымаў шыла ў мяху: скарачэньне кампаніі «будзе судзейнічаць захаваньню сацыяльна-палітычнай стабільнасьці ў грамадзтве»

Мікалай Лазавік ня ўтрымаў шыла ў мяху: скарачэньне кампаніі «будзе судзейнічаць захаваньню сацыяльна-палітычнай стабільнасьці ў грамадзтве».

Здавалася б, ці такі ўжо страх гэтыя мясцовыя выбары? Іх сярод паспалітага люду ня кожны і заўважае. Камэнтуючы сьвежыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве, чыноўнікі найперш хваліліся, колькі грошай пашэнціць ашчадзіць на касаваньні другога туру. Але ж вось сакратар ЦВК Мікалай Лазавік ня здолеў утоіць шыла ў мяху: маўляў, скарачэньне кампаніі «будзе судзейнічаць захаваньню сацыяльна-палітычнай стабільнасьці ў грамадзтве».

Вось яно, саскочыла! На думку палітоляга Валера Карбалевіча, нават пры такой адладжанай машыне галасаваньня наверсе баяцца любых выбараў як патэнцыйнага форс-мажору. Бо дзеля блізіру мусіш даваць апанэнтам каліва магчымасьцяў. Адсякаючы другі тур, зьмяншаюць рызыку. «Гэту практыку могуць пашырыць і на парлямэнцкія выбары, і нават на прэзыдэнцкія», – мяркуе Анатоль Ляўковіч з БСДП.

Па вялікім рахунку, мажарытарная сыстэма змушае значна карэктаваць палітычныя тэхналёгіі, зазначае Валер Карбалевіч. Не абавязкова спадабацца ўсім, можна засяродзіцца на мэтавых групах, здольных даць адносную бальшыню галасоў.

Але апазыцыя, схаваўшыся за тэзу, што ў нас выбары немагчымыя апрыёры, здаецца, увогуле адключылася ад барацьбы. Адзін правадыр выклікае другога на палемічны двубой. Жэсты прыгожыя, але ж высьвятленьню стасункаў ня бачна канца-краю. Па ідэі, аб’яднаныя дэмакраты ўжо мусілі б выходзіць шчыльнымі радамі на чарговую палітычную кампанію. Насамрэч ідуць хто ў лес, а хто па дровы. Хтосьці ж увогуле заяўляе, што ў такія гульні могуць гуляць толькі дурні.

Вярхі хочуць выйграць выбары гуртам, апазыцыя прайграе ўраздроб.

Між тым фактычна не заўважылі, што ўлада пайшла на саступку міжнароднаму ціску. Прэзыдэнцкім указам рэгістрацыйны прынцып дзейнасьці прафэсійных зьвязаў зьмяняецца на цывілізаваны – заяўны, як таго патрабуе Міжнародная арганізацыя працы. Афіцыйны Менск ратуецца ад санкцыяў Эўразьвязу. Наіўна думаць, што цяпер спадарам Ярашуку ды Фядынічу адразу будзе раздольле што да разгортваньня незалежных прафзьвязаў. Але ж, бач, і рэжым мусіць схамянуцца, калі паказычуць ахілесаву пяту (адмена прэфэрэнцыяў пагражае стратаю соцень мільёнаў эўра).

Зьвярніце ўвагу і на паводзіны беларускіх уладаў у кантэксьце канфлікту Масквы з Тбілісі. Памятаеце, летась, засьцерагаючыся экспарту рэвалюцыі ружаў, нашы дзеячы пагражалі грузінам візавым рэжымам? Зараз жа, хоць расейцы і падштурхоўваюць, Менск не сьпяшаецца. Тутэйшае кіраўніцтва, мусіць, ужо экстрапалюе і на сябе тую імпэрскую гістэрыю, што пасьля арышту ГРУшнікаў за Каўкаскім хрыбтом паперла з расейскай кіроўнай эліты, як смурод з каналізацыі. Калі нават Грузіі, гэтай адрэзанай празаходняй лусьце, Крэмль мэнтальна адмаўляе ў праве на сваю палітыку, дык на якія, к д’яблу, сувэрэнныя правы можна спадзявацца ў «саюзнай дзяржаве»? Застаецца адно што паглыбляць акопы.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі54

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Усе навіны →
Усе навіны

Украінцы паведамілі пра вызваленне чатырох сёл на Данеччыне

Палкоўнік з Вайсковай акадэміі лічыць, што беларускае войска даспела да касмічнай групоўкі12

У Цэнтральным парку Гомеля часта спявае афрыканец. Што за ён?4

Завод «Луч» выпусціў будзільнікі з эратычнымі матывамі24

Праваслаўны архіепіскап, які вітаў Пуціна на Алясцы, папрасіў за гэта прабачэння4

«Нават у мазгі залезлі». Лукашэнка заявіў, што прайшоў поўнае медыцынскае абследаванне28

У Венгрыі расцанілі ўсмешлівы адказ Зяленскага адносна нафтаправода «Дружба» як пагрозы Будапешту5

Зяленскі ў добрым настроі пракаментаваў удары УСУ па нафтаправодзе «Дружба» і рэакцыю на гэта Венгрыі2

У маскоўскім «Дзіцячым свеце» адбыўся выбух, пацярпеў супрацоўнік ФСБ2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі54

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць