Смерць кожнага Чалавека прымяншае і мяне, бо я адзіны з усім чалавецтвам…»
Джон Дон, ангельскі паэт XVIІ стагоддзя
Кожны з нас памятае пачуццё трывогі і дыскамфорту, якое ўзнікае, калі абражаюць і зневажаюць іншага чалавека. Гэтае пачуццё хутчэй за ўсё выкліканае відавочным парушэннем няпісанага пагаднення аб узаемнай павазе паміж людзьмі. У маім першым артыкуле я пісала пра тое, што еўрапейскія краіны, якія перажылі вайну, заключылі пакт аб сумесных намаганнях па адраджэнні павагі да чалавечай годнасці. Мабыць, нішто не кідае такога сур’ёзнага выкліку чалавечай годнасці, як вынесенае судом рашэнне пра забойства. Натуральна, у большасці краін, што практыкуюць смяротнае пакаранне, смяротныя прысуды выносяцца якраз людзям, якія праявілі непавагу да святасці чалавечага жыцця.
Але ці можна аплаціць жыццё пазбаўленнем жыцця?
Смяротнае пакаранне — вельмі эмацыйная тэма. І тыя, хто, як Еўрапейскі саюз і краіны, якія ў яго ўваходзяць, лічыць, што яна зневажае неаддзельную і неад’емную годнасць кожнага чалавека, уступаюць у складаную сферу філасофіі. Але той факт, што ўсё больш і больш краін у свеце адмяняюць смяротнае пакаранне, кажа ў падтрымку гэтага аргументу. Сёння толькі 58 краін са 195 выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне, а адносна нядаўна, у 1977 годзе, ад яе адмовіліся толькі 16 краін. З 58 краін, якія захавалі смяротнае пакаранне ў заканадаўстве, менш за палову выкарыстоўваюць яго на практыцы.
У Еўропе толькі Беларусь працягвае ажыццяўляць смяротнае пакаранне.
Тыя, хто выступае ў абарону смяротнага пакарання, кажуць пра тое, што яно служыць «натуральнаму правасуддзю» і прыносіць неабходнае заспакаенне родным ахвяр злачынстваў.
Аднак далёка не ўсе родныя ахвяр лічаць, што гора і гнеў, якія яны адчуваюць, робяцца слабейшымі пасля пакарання смерцю злачынца. Некаторыя, наадварот, лічаць, што гвалт спараджае толькі новы гвалт, і гэтая спіраль зацягвае і вінаватых, і невінаватых.Яскравым сведчаннем гэтага служыць прыклад Рут Эліс, апошняй жанчыны, прысуджанай да смяротнага пакарання ў 1955 годзе ў Вялікабрытаніі за забойства свайго каханка.
Яна заплаціла сваім жыццём за жыццё, якое яна адабрала. Але гвалт на гэтым не спыніўся. Яе муж і сын скончылі жыццё самагубствам, а многія ўдзельнікі судовага працэсу да канца жыцця не акрыялі ад здарэння.
Амерыканскі навуковец Дэвід Гарланд даследаваў уплыў смяротнага пакарання на суддзяў, уцягнутых у вынясенне смяротнага прысуду, а таксама на тых, хто прыводзіць прысуд у выкананне. Ён лічыць, што яны трапляюць
у сітуацыю «культурнай супярэчнасці, у якой ад іх чакаецца адначасова паслухмянасць закону і парушэнне закона, і таму яны апынаюцца ў нязручнай прасторы паміж культурнымі нормамі ліберальнага гуманізму і прававой практыкай пакарання злачынцаў».
Пакаранне смерцю Рут Эліс з 1995 года абвастрыла ў брытанскім грамадстве дыскусію пра тое, як санкцыянаванае дзяржавай забойства можа стасавацца з абавязкам дзяржавы абараняць годнасць сваіх грамадзян. Пяцьдзясят тысяч чалавек падпісалі петыцыю аб памілаванні Рут. У дзень яе пакарання адна з буйных брытанскіх газет асудзіла тое, што адбылося, такімі словамі:
«Толькі адно надае годнасць чалавечаму роду і ўзвышае нас над жывёламі. І менавіта ў гэтым мы адмовілі ёй — у спагадзе і надзеі на выратаванне».
Розмары Томас, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі
-
Томас Венцлава: «Літва і Беларусь ніколі не варагавалі. Гэта рэдкі выпадак для адносін двух народаў»
-
Фядута — Калеснікавай: Машанька, ці вярніцеся на Месяц, ці не вучыце жыць тых, хто стаміўся набіваць гузы ад чарговага наступання на граблі
-
Мінску трэба выдушыць з сябе правінцыйнасць і вярнуць нахабства і бляск Вялікага Горада
Каментары