Меркаванні6969

Пазняк: Нам важны наш народ, а не Захад і не Масква

Лідар КХП-БНФ каментуе падпісаныя ў Маскве пагадненні аб канчатковай перадачы Расіі «Белтрансгазу».

Навумчык: Здаецца, у 1997-ым годзе Вы ўпершыню заявілі пра намер Расеі ўзяць пад кантроль беларускую маёмасьць – прадпрыемствы і транспартную інфраструктуру. Памятаю, што шмат кім гэта ўспрымалася ня проста крытычна, але і іранічна, і лейтматывам такога стаўленьня была фраза «Ды каму патрэбна нешта ў Беларусі?». Аказалася – патрэбна, і вось сёньня «Газпром» робіцца цяпер ужо поўным, на 100 адсоткаў, уладальнікам «Белтрансгазу». Што будзе наступным?

Пазьняк: Ня мае значэньня, што будзе наступным. Істотна тое, што наступнае — будзе.

Тут трэба ўлічваць задачу Масквы, стратэгію, разьлічаную на пэўны час. Расейскай — па пляне Масквы — павінна стаць уся беларуская маёмасьць і нерухомасьць, перш за ўсё зямля. Расейскай павінна стаць нашая інфраструктура і нашая рабочая сіла. На пераходны пэрыяд захоўваецца фікцыя асобнай дзяржавы з сатрапам на чале, на якога будзе скідвацца адказнасьць. Сатрапія спатрэбіцца найперш для таго, каб вынішчыць нацыянальна-этнічныя асновы беларускага народа і зьмяніць насельніцтва. Пасьля гэтага адпадае неабходнасьць назвы "Беларусь" і наяўнасьці асобнага дзяржаўнага ўтварэньня. На гэтым этапе павінен стацца фінал гістарычнай вайны і рэальны канец Вялікага Княства Літоўскага.

Наступнай «распрацоўкай» стане Польшча.

Усю гэтую палітыку, якая робіцца на нашых вачах, апантана падтрымлівае расейскае грамадзтва і так званы рускі народ, які сам знаходзіцца на стадыі выміраньня.

Што да «Газпрому» і «Белтрансгазу», дык расейцы разумеюць, што гэтая зьдзелка — незаконная. Спадзяваньні толькі на зьнішчэньне Беларусі. Калі ж Беларусь застанецца, вызваліцца ад рэжыму і адродзіцца — «Белтрансгаз», і ня толькі «Белтрансгаз», будзе вернуты беларускаму народу. Дакладней, Беларусь па праву сама забярэ сваё.

Навумчык: Выказваюцца меркаваньні, што ствараемы па ініцыятыве Пуціна так званы «Эўразійскі саюз» — мае ў значнай ступені прапагандысцкі характар, з улікам хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі і настальгіі значнай часткі расейскага электарату па СССР. Як Вы ацэньваеце пэрспэктывы такога ўтварэньня?

Пазьняк: Расейская палітыка — экстэнсыўная, агрэсіўныя і імпэрская. Яна канкрэтная. У ёй ніколі не было нічога пустога, прапагандысцкага. Прапаганда выкарыстоўваецца дзеля сьцьвярджэньня канкрэтнай мэты. І калі гэтая канкрэтная мэта распрацоўваецца, расейцы пускаюць слых, што гэта, маўляў, несур'ёзна, што гэта «піярскі» ход і г.д. Гэта ўсё — прапаганда дзеля адводу вачэй, а на самой справе ўсё ня так. Такім чынам дасягаецца мэта. Эўразійскі саюз — чарговая авантура, узьніклая ў крамлёўскіх мазгах. Яна гэткая ж канкрэтная, як авантура аўганскай вайны, інвазіі ў Чэхаславаччыну, нападу на Грузію ці павароту ўстыч сыбірскіх рэк.

Ня трэба ацэньваць расейскую палітыку з пункту гледжаньня рацыянальнай нармальнасьці. Ці ненармальнасьці. Ня трэба імкнуцца зразумець Расею розумам. Трэба ведаць адно: што гэтую авантуру яна будзе ажыцьцяўляць. Сам працэс ажыцьцяўленьня такога расейскага прадукту палітыкі будзе дрэнным для ўсіх. Нават калі авантура праваліцца.

Калі ж уявіць, што новы «саюз» яны зробяць, дык гэта стане канцом толькі для Беларусі. Казахстану расейская палітыка ні па чым — яны самі рэсурсная краіна, а Назарбаеў ня нішчыць сваю нацыю, культуру, мову і вандроўную гісторыю. (У дужках заўважу, што ў гэтым сэнсе пастухі авечак і вандроўнікі ў стэпах маюць лепшую пэрспэктыву, чым па-чужому адукаваныя спадкаемцы вялікай цывілізацыі — Вялікага Княства Літоўскага).

Навумчык: Год таму ў сваім відэаблёгу расейскі прэзыдэнт Мядзведзеў абураўся паводзінамі Лукашэнкі і казаў пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, адзначыўшы, між іншым, што Крамлю не абыякавы і лёс зьніклых палітыкаў. Пасьля гэтага былі падзеі 19 сьнежня, масавыя зьбіцьці і масавыя арышты, суды і прысуды, апошні, толькі што — праваабаронцу Бяляцкаму. Мы ведаем рэзка нэгатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасьці. Чаму маўчыць Масква?

Пазьняк: Масква маўчыць таму, што і 19 сьнежня, і здача Бяляцкага — гэта ёсьць справа яе рук.

Эўропа перад расейскай палітыкай выглядае ня проста дурной, але — вельмі дурной. Але не, папраўлюся так: невылечна дурной. Яна ніколі не паразумнее. Гэта маё цьвёрдае перакананьне, абапертае на фактах.

Мядзьведзеў дазволіў сабе сказаць пра правы чалавека ў Беларусі, таму што Крэмль праводзіў у мінулым годзе кампанію дыскрэдытацыі Лукашэнкі ў Расеі, на расейскім палітычным рынку. Гэта рабілася адначасна з адсяканьнем Лукашэнкі ад Захаду, і папярэднічала авантуры 19-га сьнежня, якая заранёў рыхтавалася, пра гэта вядома было ўжо ў жніўні. Таму разам з называньнем яго «хросным бацькам» пагаварылі і пра правы чалавека. Заўсёды знойдуцца людзі, якія ў такое павераць.

Навумчык: Вернемся да мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Год таму Вы заклікалі да байкоту і казалі, што ўдзел у выбарах будзе «на руку» Лукашэнку і Маскве. Сёньня Вы застаецеся пры сваім меркаваньні, ці, ўсё ж, бачыце ва ўдзеле ў тых выбарах нейкія станоўчыя бакі?

Пазьняк: Якая б не адбылася падзея, у ёй заўсёды (пры жаданьні) можна знайсьці і дрэнныя, і добрыя бакі. Але тут сутнасьць у тым, што добра было б, каб такой падзеі ўвогуле не адбылося. Тая канцэпцыя змаганьня, якую прапаную я, дае ініцыятыву ў рукі грамадзтва і абсякае, падвешвае рэжым.

Тое, што зрабілі так званыя кандыдаты ў прэзыдэнты, дзевяць асобаў, дало магчымасьць Лукашэнку легітымна сфальсыфікаваць выбары і незаконна ўтрымацца ва ўладзе. А Маскве — справакаваць пабоішча 19 сьнежня, прытым рукамі свайго сатрапа. І потым інсьпіраваць разгром нацыянальнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Вось вынік палітычнай дурноты так званых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія самі ж сталі першымі ахвярамі гэтага разгрому. Пра умоўна-станоўчыя бакі такой палітыкі ў народзе кажуць: «Ня варта аўчынка выдзелкі».

Усе выгоды атрымала Масква. Перш чым загнаць сатрапа ў Азію, ёй трэба было задушыць беларускія сілы, каб паралізавацьь нацыянальнае супраціўленьне, і расчысьціць дарогу да бесканфліктнага захопу Беларусі, гэта значыць — уцягнуць нашу краіну ў сваю імпэрыю шляхам палітычных маніпуляцыяў і эканамічнай вайны. Пры тым усё гэта, паўтараю, робіцца рукамі Лукашэнкі, які, хапаючыся за ўладу, вядзе сваю рэпрэсіўную вайну з беларускім народам.

Тут яшчэ дадам, што ўсё гэта неаднаразова было сказана і паўторана задоўга да выбараў 2010 году. На жаль, нацыянальна-сьляпыя — ня бачаць, нацыянальна-глухія — ня чуюць. Нездарма мы ўвесь час гаворым пра нацыянальную асьвету грамадзтва.

Навумчык: Ці застаецца ў Захаду шанец павялічыць уплыў на Лукашэнку і ў чым, на Вашу думку, ён палягае?

Пазьняк: Ніякага шанцу ў Захаду няма. Бо ён яго ніколі сур'ёзна не шукаў і не шукае. Захад заклапочаны дачыненьнем з Расеяй. Зразумейма нарэшце: «Ніхто ня стане паміраць за Гданьск». Трэба любіць сваё і сябе, і за гэта стаяць. У 1991 годзе ня толькі Масква - увесь Захад быў супраць нашай Незалежнасьці. Тым ня менш мы, Народны Фронт, шчыра кажучы, чхалі на іхнія меркаваньні. Мы абаперліся на свой народ і здабылі Незалежнасьць, якую Захад вымушаны быў прызнаць. Так робіцца нацыянальная палітыка. Для нас важны наш народ, а не Захад і не Масква.

Навумчык: У гэты момант і ў кароткатэрміновай пэрспэктыве — ці можа беларускае грамадзтва супрацьстаяць больш шчыльнаму ўцягваньню Беларусі ў арбіту інтарэсаў Масквы?

Пазьняк: Можа. Можа, але для гэтага трэба выканаць толькі адну задачу. Лукашэнка не павінен быць ва ўладзе. Ён не павінен быць, катэгарычна, безумоўна і канчаткова. Калі гэтая задача ня будзе ажыцьцёўлена, тады будзе выканана задача Масквы, пра якую я казаў у пачатку. Трэцяга шляху, як некаторыя думаюць, ня будзе. Яго не існуе.

Навумчык: А які шлях адхіленьня Лукашэнкі ад улады?

Пазьняк: Зараз народ стаіць перад альтэрнатывай: альбо ён сваю свабоду і Незалежнасьць абароніць, альбо пляны Масквы могуць быць выкананыя, і ён іх страціць. І ключ да ўсяго — улада Лукашэнкі. Таму ўсе спосабы — а спосабы ёсьць законныя — усе спосабы прыдатныя. Дык вось, законныя спосабы дае сама канстытуцыя. І гэтым шляхам трэба ісьці.

Каментары69

Цяпер чытаюць

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ9

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Па сённяшнім дні вызначалі, калі прыйдзе вясна1

Уначы над Беларуссю бачылі Снежны Месяц ФОТЫ

Трансплантацыя броваў — новы трэнд. Каштуе некалькі тысяч даляраў, але загвоздка не толькі ў цане4

Прапагандыстка Лебедзева пахвалілася эксклюзівам з Марыупальскага тэатра, які Расія адбудавала з нуля, каб схаваць сляды ваеннага злачынства16

Што ўяўляюць сабой сухпайкі ў беларускім войску і за што іх крытыкуюць і хваляць?11

Нараджаецца менш дзяцей, бо праблемай стала зачаць. Вось што выявілі апошнія даследаванні, асабліва мужчынскага здароўя9

Беларусь стала галоўным пастаўшчыком рыбы ў Расію4

Учора — у лукашэнкаўскай турме, сёння — у Кіеве дапамагае ўкраінцам выжыць. Былы палітвязень і сваяк Ціханоўскай стаў валанцёрам у Пункце нязломнасці6

У Заляшанах ушанавалі памяць беларусаў, забітых на Падляшшы ў 1946 годзе10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ9

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць