Грамадства11

«У Чыжоўцы цяпер жыць лепш, чым у цэнтры»

На паўднёвым усходзе сталіцы Беларусі знаходзіцца Заводскі раён, які пасля вайны пачаў развівацца як прамысловы цэнтр Мінска.

Тут працуюць такія заводы-гіганты, як аўтамабільны, падшыпнікавы, завод колавых цягачоў, аўтамабільных прычэпаў і кузавоў, «Мінскжалезабетон», «Мінскдрэў», «Гармалзавод № 2» і інш., а таксама дзейнічае больш за 100 прадпрыемстваў у свабоднай эканамічнай зоне «Мінск». Як такая асаблівасць раёна ўплывае на жыццё насельнікаў і чым яшчэ адметны Заводскі раён, «Звязда» спытала кіраўніка Адміністрацыі Заводскага раёна Алега Жоглу.

— Наш раён адрозніваецца ад усіх астатніх тым, што тут сканцэнтравана найбольшая колькасць прамысловых прадпрыемстваў. Толькі па афіцыйнай справаздачнасці — 56 прадпрыемстваў, а ўсіх тых, якія вядуць гаспадарчую дзейнасць на тэрыторыі раёна, — больш за 150 (у тым ліку і ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск»). Блізка па ўзроўні прамысловасці да нас падыходзіць Партызанскі раён, але, у прынцыпе, мы па гэтым паказчыку большыя за два любыя іншыя раёны, нават калі іх аб’яднаць. У асноўным нашы прадпрыемствы маюць машынабудаўнічую накіраванасць — гэтая галіна ў агульным аб’ёме займае больш за 70%.

Акрамя таго, наш раён — трэці па колькасці насельніцтва ў Мінску. Таму калі Фрунзенскі і Маскоўскі — гэта больш спальныя раёны, то ў нас адначасова многа і прамысловасці, і насельніцтва.

— Мінулы год быў не падобны на іншыя: шмат якія прадпрыемствы сутыкнуліся з праблемамі з-за крызісу, а некаторыя (пераважна экспарцёры), наадварот, скончылі год даволі паспяхова. Якім быў 2011 год для прадпрыемстваў вашага раёна?

— Паколькі мы — прамысловы раён, то на нас ускладзены сур’ёзныя абавязкі па выкананні прагнозных паказчыкаў. Як я ўжо казаў, мы займаем каля чвэрці ад усяго аб’ёму прамысловасці ў Мінску, таму праца нашых прадпрыемстваў істотна ўплывае на працу ўсяго горада. І выкананне прагнозных паказчыкаў — адна з важнейшых задач адміністрацыі раёна і кіраўнікоў прадпрыемстваў. У 2011 годзе тэмп росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці ў фактычных цэнах склаў 232,6% пры зданні 127,6%.

Калі казаць пра інвестыцыйную і знешнеэканамічную дзейнасць, то яны ўзаемазвязаны. Дзякуючы інвестыцыям атрымліваецца інавацыйная прадукцыя, якая самым непасрэдным чынам звязана з экспартам: новая прадукцыя лягчэй знаходзіць сваіх пакупнікоў за межамі краіны. Заданне па інвестыцыях у мінулым годзе ў нас выканана, і, што вельмі важна для прамысловага раёна, у нас высокая доля інвестыцый у закупку машын і абсталявання — каля 60%. Выканалі мы і заданне па інавацыйнай прадукцыі, а таксама добра нарасцілі экспарт у доларавым эквіваленце, у тым ліку і па аказанні паслуг: агульны аб’ём экспарту тавараў за 2011 год склаў 1699,9 млн долараў, або 167,7% да ўзроўню 2010 года (пры заданні 154%), а экспарт паслуг склаў 37,5 млн долараў (рост на 27,5%). У нас таксама атрымалася скараціць адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі: згодна з планамі, яно павінна было скласці мінус 280 мільёнаў долараў, а фактычна атрымалася толькі мінус 72,3 мільёна. Сальда знешняга гандлю паслугамі ў нас станоўчае па выніках 2011 года і складае 18,7 мільёна долараў. Што тычыцца вынікаў першага квартала гэтага года, то сітуацыя развіваецца таксама добра: экспарт расце і няма ніякіх перадумоў, каб мы не выканалі сёлетняе заданне.

Дарэчы, прыватны бізнэс, які ёсць у нас у раёне, таксама мае высокія паказчыкі па інвестыцыях і знешнеэканамічнай дзейнасці. Сёлета, на жаль, тэмпы крыху ўпалі, але дынаміка ўсё адно станоўчая, нават калі параўноўваць з высокім узроўнем мінулага года.

— Вы ўжо адзначылі, што раён займае трэцяе месца па колькасці насельніцтва. Як ідуць справы з будаўніцтвам новага жылля?

— Так атрымалася, што Заводскі раён забудаваны ўжо поўнасцю, і сур’ёзных пляцовак для жыллёвага будаўніцтва, як у іншых раёнах, у нас няма. Але мы даволі шмат будуем «кропкава» — каля 30 тысяч квадратных метраў у мінулым годзе і каля 80 тысяч квадратных метраў сёлета. Дарэчы, мы адзін з нямногіх раёнаў, дзе будуецца ведамаснае жыллё. Так, напрыклад, для сваіх работнікаў узводзяць дамы падшыпнікавы завод і МАЗ, а ў гэтым годзе плануе пачаць будаўніцтва завод колавых цягачоў. Акрамя гэтага, наша ўпраўленне капітальнага будаўніцтва вядзе кааператывы, сфарміраваныя для работнікаў бюджэтнай сферы Заводскага раёна — настаўнікаў, медыкаў, міліцыі і г. д.

— А інфраструктура развіваецца?

— За апошні год мы адрамантавалі 4-ю дзіцячую бальніцу, завяршыўся першы этап рэканструкцыі 5-й клінічнай бальніцы, пабудавалі 17-ю паліклініку, прыступілі да цеплавой рэканструкцыі і рамонту 10-й клінічнай бальніцы, капітальна адрамантавалі 21-ю паліклініку. Сёлета павінны закончыць 22-ю дарослую паліклініку, вядзём праектаванне абсалютна новай паліклінікі ў раёне вуліц Радыяльнай і Цэнтральнай. Праўда, у сувязі з тым, што значныя грашовыя сродкі накіраваны на падрыхтоўку да Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, работы па праектаванні ідуць не так актыўна, як хацелася б. Сур’ёзныя грошы мы асвойваем і на падтрыманне ў нармальным стане дзіцячых дашкольных устаноў і школ.

Вялікую працу мы зрабілі па рамонце вулічнай сеткі: за апошні год адрамантавалі вуліцы Васняцова, Народную, Куляшова, Герасіменкі, першую чаргу Партызанскага праспекта, амаль усе вуліцы ў Шабанах. Зараз у рамках падрыхтоўкі да Чэмпіянату свету па хакеі ідзе рэканструкцыя вуліц Кабушкіна і Ташкенцкай, а ў наступным годзе будзем рабіць другую і трэцюю чаргу рэканструкцыі Партызанскага праспекта — ад Жылуновіча да Кабушкіна і ад плошчы Ванеева да вуліцы Кашавога.

Такім чынам, можна сказаць, што ў развіццё інфраструктуры ўкладваецца шмат грошай — як горадам, так і прадпрыемствамі раёна.

— Якія буйныя праекты, акрамя «Чыжоўкі-Арэны», рэалізуюцца ў Заводскім раёне?

— У нас вядзецца рэканструкцыя парку 900-годдзя Мінска, ідзе вялікая рэканструкцыя ў заапарку. У наступным годзе прыступім да рэканструкцыі зялёнай поймы ракі Свіслач за заапаркам да вуліцы Галадзеда. Што тычыцца гандлю, то ў нас у раёне ўжо дзейнічаюць два гіпермаркеты, а яшчэ тры знаходзяцца ў стадыі праектавання. Ёсць прапановы і па будаўніцтве крам крокавай даступнасці. Не ўсё, вядома, атрымліваецца, бо раён густа забудаваны. Ёсць яшчэ каля 15 інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі раёна, якія мы прапануем інвестарам: маўляў, будуйце, развівайце.

На вуліцы Машынабудаўнікоў у нас зараз ствараецца тэхнапарк. Першы этап гэтага праекта ўжо рэалізаваны і там знаходзіцца больш за 40 арганізацый. Так што мы развіваемся не толькі як прамысловы раён, але і як інтэлектуальны.

— Тое, што Заводскі раён самы прамысловы, гэта, з аднаго боку, добра. Але з іншага боку — церпіць экалогія…

— Так, сапраўды, людзі не вельмі хочуць жыць у Заводскім раёне, бо лічаць, што тут дрэнная экалогія. Вядома, па ружы вятроў усе выкіды прамысловых прадпрыемстваў ідуць на паўднёвы ўсход, але вынікі замераў у апошні час паказваюць, што не зусім усё дрэнна ў Заводскім раёне. Бо акцэнт выкідаў змясціўся: асноўны іх аб’ём ідзе не ад прамысловых прадпрыемстваў, а ад транспарту. Таму ў Чыжоўцы цяпер жыць лепш, чым у цэнтры. Але стэрэатып застаўся.

Разам з тым, мы ўдзяляем вялікую ўвагу праграме добраўпарадкавання і азелянення раёна. Паглядзіце, колькі ў нас зялёнай зоны — поймы ручая Лошыцкай сістэмы, і Безыменнага ручая, і ручая Трасцянка ў Шабанах, і Чыжоўскага вадасховішча, а таксама два паркі і зялёная зона па Ангарскай. Мы сапраўды «зялёны» раён, і гэты імідж трэба захоўваць, каб нейтралізаваць выкіды ад прамысловых прадпрыемстваў.

— На тэрыторыі вашага раёна знаходзіцца месца, дзе ў часы Вялікай Айчыннай вайны быў размешчаны лагер смерці ў Трасцянцы. Ужо даўно там збіраюцца будаваць мемарыяльны комплекс, але да рэалізацыі справа так і не даходзіць. Можа, у бліжэйшы час нешта памяняецца ў лепшы бок?

— Стварэнне мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы — гэта справа не толькі горада, але і рэспублікі. Тэрытарыяльна ён знаходзіцца ў нашым раёне, таму мы адсочваем усе падзеі: быў праведзены конкурс, ёсць выйгрышны варыянт. І спадзяюся, што ў бліжэйшы час будзе прынята рашэнне аб выдзяленні сродкаў. Зараз мы падтрымліваем гэтае месца ў належным парадку.

— Напрыканцы хачу спытаць пра звароты людзей. Наколькі я ведаю, кожную сераду вы праводзіце прыём грамадзян. З чым прыходзяць да вас людзі? Што сёння непакоіць жыхароў сталіцы?

— Сапраўды, кожную сераду з 14 да 20 гадзін любы грамадзін можа прыйсці на прыём нават без папярэдняга запісу (праўда, калі па жыллёвых пытаннях, то лепш запісацца загадзя, каб мы маглі падняць дакументы і падрыхтавацца да сустрэчы). З чым прыходзяць людзі? Я скажу так: калі 3–4 гады таму звароты грамадзян у асноўным тычыліся абслугоўвання жылога фонду, то за апошні час нам удалося ліквідаваць праблемы па цечах даху, па стыках, па ўтрыманні пад’ездаў. Зараз робім упор на вырашэнне праблем з капрамонтамі. А на першае месца выйшлі звароты, звязаныя з пытаннямі наконт будаўніцтва жылля — хто мае права на льготны крэдыт, як змянілася заканадаўства і г. д. У людзей шмат пытанняў, стараемся ім тлумачыць па меры магчымасці. Наступная вострая тэматыка — гэта кропкавая забудова. Усе хочуць, каб будавалі дзе заўгодна, але толькі не насупраць іх вокнаў. Таму, калі пачынаем будаваць які-небудзь дом у Заводскім раёне, абавязкова атрымліваем 20–30 лістоў з пратэстамі…

Наогул мы стараемся максімальна вырашыць праблемы на сваім узроўні, каб чалавек не ішоў скардзіцца вышэй. Відаць, атрымліваецца, бо ў нашага раёна самы нізкі працэнт зваротаў насельніцтва на тысячу жыхароў — ніжэй за гарадскі паказчык.

Каментары1

Цяпер чытаюць

«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі9

«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

На слуханнях КР Пракоп'еў высвятляў, чаму Ціханоўская села там, дзе села63

У Японіі папулярны фестываль адмянілі з-за наплыву турыстаў

Ганна Каралёва фінішавала ў лыжным скіятлоне на 34‑м месцы3

Зяленскі: Беларусь уцягваюць у вайну. Гэта будзе вялікая трагедыя37

У расійскай Уфе невядомы з нажом напаў у інтэрнаце на студэнтаў, параненыя шэсць чалавек1

На пажары ў Гродне загінулі тры чалавекі

Ціханоўская: План «Перамога» быў памылкай57

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Швейцарыя выйграла першае золата Алімпіяды

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі9

«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць