Грамадства1717

Край Беларусі. Поўдзень: Камарын

Рэпартаж з мястэчка, якое не знішчыў Чарнобыль, але ўратаваў прыезд Лукашэнкі. Другая частка праекта фатографа «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна аб ускрайкавых гарадах краіны.

У самае паўднёвае мястэчка Беларусі — пасёлак гарадскога тыпу Камарын, — можна трапіць адразу з Мінска. Аўтобус ходзіць чатыры разы на тыдзень. Нейкія там 10 гадзін — і ты на беларуска-ўкраінскай мяжы. Правільнае вымаўленне — КамарЫн (націск на апошнім складзе). Правільная гаворка — усходнепалеская.

Камарын вядомы з XIV ст. Тады вёска стала ўласнасцю Вішнявецкіх.

Аўтобус заварочвае на круглую пляцоўку з шапікам-аўтавакзалам. Геаграфічна Камарын месціцца як бы на вяршыні перакуленага трохкутніка — злева Кіеўская вобласць, справа — Чарнігаўская, а сам знаходзіцца ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці.

Будаўнікі фермаў замест турыстаў

Двухпавярховая панэльная каробка гатэля «Дняпро». Адміністратарка сышла ў краму. Чакаю 40 хвілін. «Вам які нумар? Аднамясцовы ці з халадзільнікам?» — пытаецца жанчына. Нумар з адным ложкам і прыбіральняй каштуе 50 тысяч за суткі. Савецкі будынак са сціплай мяккай канапай на «рэцэпцыі» не без прыкмет састарэласці, але дагледжаны. Турыстаў у гатэлі не бывае. Асноўны кантынгент — будаўнікі малочна-таварных фермаў і мантажнікі даільных апаратаў. За 4 ночы іншых там не сустрэў. Працуюць яны ў памежных калгасах, на мяжы чарнобыльскай зоны.

Едуць на працу рана, прыязджаюць позна і вечарамі п’юць — тыповая беларуская «камандзіроўка».

Мой сусед па «курылцы» на другім паверсе гатэля — Коля — здзіўляецца, навошта я сюды прыехаў. Больш нічога з яго нецвярозых прамоў я не зразумеў. Коля «не вяжа лыка», і яго калега дапамагае яму дабрацца да ложка.

Выходжу з гатэля на двор. «Вы толькі не позна — я спаць буду», — праважае мяне адміністратарка на вячэрні шпацыр.

Вуліцы ў Камарыне прамалінейныя. Назвы таксама — Касманаўтаў, Калініна, Карла Маркса, Калгасная, Пралетарская, Лугавая, Паркавая, 30 год Перамогі, 60 год Кастрычніка…

З аднаго боку мястэчка — Дняпро, з другога — шаша на Чарнігаў і Чарнобыль.
Берагі Дняпра ў гэты час моцна падтопленыя. Мяжа з Украінай праходзіць па сярэдзіне ракі. Пры такім размяшчэнні Камарына памежнікі часам затрымліваюць мясцовых рыбакоў — часцяком парушаюць памежны рэжым. Затрымліваюць часцей за ўсё прыезджых.

У пакінутых ці маланаселеных вёсках побач з «зонай» фармуецца новы від турызму. Аматары палявання ці рыбалкі купляюць за невялікія грошы пакінутыя дамы і абсталёўваюць іх як паляўнічыя хаты. Больш прадпрымальныя адчыняюць аграсядзібы.
Далёкія госці часам так захапляюцца цішынёй пакінутых вёсак, што забываюць на паляванне і п’юць суткамі, не выходзячы з апартаментаў.

У паездках на закупы камарынцам прасцей дабрацца ва ўкраінскі Чарнігаў, чым у Мінск ці Гомель. Дый кажуць, што танней там усё.

Проста на вуліцы знаёмлюся з татуяваным па ўсім целе мужчынам. Прыцягнуў сваю ўвагу тым, што сказаў камусьці па тэлефоне, што ідзе мяняць валюту. Валюта? Тут? Разумею, што памежжа, але ж гэтая простая побытавая сітуацыя, здавалася мне, магчымая толькіў больш буйных населеных пунктах. Клічуць Ігарам. На плячах нясе сына гадоў шасці. З жонкай разведзены — займаўся цяжкай атлетыкай і хацеў выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Трэніроўкі, харчаванне, карацей, — «не склалася» як сказаў сам. Жыве ў Камарыне. Сына забірае ад жонкі на некалькі тыдняў. Працуе будаўніком у Маскве, таму, па мясцовых патрэбах, мае неблагія грошы.

Такіх тут нямала — вахтава працуюць за мяжой і самадастаткова жывуць тут. З працоўных альтэрнатыў у Камарыне — лясгас, калгас, ЖКГ і бюджэтны сектар. Раней быў памежны «бензінава-алкагольны» бізнэс, але тыя залатыя часы ўжо скончыліся.

Лякарня, Сельсавет, Дом творчасці, дзіцячы садок, Дом быту, лазня, Дом культуры, школа, пажарнае дэпо, пошта, банкамат, абменнік «Беларусбанка», некалькі крамаў, бар »Дняпро» і кавярня ля шашы — за хвілін сорак Камарын удалося абысці ўвесь. На дзве тысячы камарынцаў гэтай інфраструктуры ўжо і замнога — колькасць насельніцтва з кожным годам змяншаецца.

Мястэчка ў «зоне»?

«Чарнобыль сёння не відаць?» — так пачынаецца дыялог паміж двума дзяжурнымі на аглядальнай вежы брагінскай філіі Упраўлення па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У добрае надвор’е з 30-метровай вежы відаць пазнавальны сілуэт рэактара. Мне з надвор’ем не пашанцавала… Большасць камарынцаў упэўнены, што іх пасёлак уваходзіць у 30-кіламетровую зону адчужэння — напрамую адлегласць да рэактара тут каля 28—29 кіламетраў, але радыяцыйны фон адносна нізкі, радыяцыйная хмара прайшла бокам.

Цяпер на радыяцыю тут звяртаюць увагу хіба што такія ж прыезджыя, як і я.

«Тыя, хто з’ехаў адразу пасля аварыі, памерлі хутчэй, чым тыя, хто застаўся», — кажа Іван Міхайлавіч, які на сваім аўтобусе вывозіў людзей з Прыпяці і памежных вёсак у «чыстыя» гарады адразу пасля аварыі. Праз тыя перавозкі пенсіянер Іван атрымаў «чарнобыльскую» другую групу інваліднасці. Яго жонка — Марыя Васільеўна — працавала ў час катастрофы ў ваенкамаце. Нервова расказвае пра эвакуацыйны вэрхал і наракае на чыноўнікаў, што ўсе свае сем’і даўно аформілі як ліквідатараў ці інвалідаў Чарнобыля і атрымалі за гэта кватэры.

Азлобленасць на іх — прыкметная рыса простых жыхароў у «чарнобыльскіх» рэгіёнах. Пацярпелі ад радыяцыі ўсе, але ёсць тыя, хто змог, дзякуючы свайму становішчу, выкарыстаць гэта з большай выгадай для сябе.

На школьным стадыёне ідзе ўрок фізкультуры — апошні ў гэты дзень. Першакласнікаў амаль няма. Яны раз’ехаліся па санаторыях па праграмах аздараўлення, там жа і сканчаюць навучальны год. Яшчэ адна група з трыццаці дзяцей знаходзіцца ў Італіі. Падарожжамі школьнікаў тут не здзівіш — гэта адна з прыемных рэалій жыцця ў забруджаных раёнах.

«Міколкавы» арэлі

Па прыездзе звярнуў увагу на добраўпарадкаванасць Камарына. Гладкі асфальт, як у Мінску, тут на ўсіх цэнтральных вуліцах. Яны ж абнесены і жалезабетонным «фігурным» плотам. Абноўлены па-сучаснаму Дом культуры са шклопакетамі. «Культурна!» — кажу людзям. Яны расказваюць, што ўсё гэта дзякуючы таму, што сюды ў 2009 годзе на верталёце з візітам па чарнобыльскіх рэгіёнах прылятаў Лукашэнка. Пад той прыезд Камарын і зведаў капітальны рамонт. За той рамонт Лукашэнку тут і дзякуюць. І показку расказваюць. Пад прыезд Лукашэнкі на шашы непадалёк ад Камарына пабудавалі прыдарожную пляцоўку для адпачынку. Навес-грыбок, столік, лавы і арэлі. Камарынцы клічуць іх «Міколкавымі арэлямі» — усе чакалі, што з прэзідэнтам прыедзе і яго малодшы сын. Мясцовыя дзеці да тых арэляў пешшу не даходзяць. З акна аўтобуса, што вёз мяне ў Мінск, арэляў я так і не пабачыў.

Камарын

Мястэчка ў Брагінскім раёне, на правым беразе Дняпра. Памежная зона з Украінай. Упершыню Камарын згадваецца ў XIV ст. Пад 1449 значыцца ў Літоўскай метрыцы. Насельніцтва — 2,2 тысячы чалавек. У мястэчку працуюць школа, садок, лякарня, бібліятэка, Дом культуры. У Камарыне ёсць прадпрыемствы харчовай і лясной гаспадаркі. Замест турыстаў, у гатэлі «Дняпро» жывуць будаўнікі.

Першую частку «Край Беларусі. Поўнач: Асвея» чытайце тут (або ў «НН» №12, ад 28 сакавіка 2012).

Край Беларусі. Поўнач: Асвея

Каментары17

Цяпер чытаюць

Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы65

Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы

Усе навіны →
Усе навіны

Кот з Ліды рэальна танцуе пад акардэон ВІДЭА2

«У калоніі цанілі праграмы прапагандысткі Скабеевай». Былы палітвязень Яўген Меркіс расказаў, як выжываў за кратамі1

У шатландскім лесе «афрыканскае племя» стварыла ўласнае каралеўства3

Беларуска атрымала польскую візу, але не пачала па ёй ездзіць да закрыцця мяжы. Ці пусцяць яе цяпер у ЕС?

Джо Байдэн пасля заканчэння прэзідэнцтва перажывае фінансавыя праблемы12

Літоўскія ўлады адмаўляюць, што баявы дрон, які ўпаў у Літве, запусцілі з Беларусі1

17-гадовая беларуска, затрыманая за запуск дрона ў Варшаве, прыехала ў Польшчу ўсяго некалькі дзён таму15

Баявы дрон, які ў канцы ліпеня праляцеў над Вільняй, запускаўся з Беларусі?1

Саша Раманава набыла дом у Ірландыі за 370 тысяч еўра25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы65

Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць