Грамадства11

«Вы будзеце служыць народу, які мае сваю гісторыю, сваю культуру, сваю мову»

На Браслаўскім фэсце высвяцілі чатырох новых святароў.

Урачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў адбыліся 17–18 жніўня.

На галоўную Імшу аб 11-й гадзіне 18 жніўня сабраліся некалькі тысячаў чалавек. Падчас урачыстасці трое дыяканаў атрымалі святарскія пасвячэнні і адзін семінарыст — дыяканскія.

Недзе, а дзясятай гадзіне вакол касцёла пачалі збірацца вернікі — пілігрымы, удзельнікі дыяцэзіяльнай моладзевай сустрэчы, мясцовыя і прыезджыя вернікі.

Традыцыйная перадфэставая мітусня — апошнія моманты падрыхтоўкі да ўрачыстасці. Сястра эўхарыстка ўпрыгожвае лілеямі і белымі ружамі абраз Маці Божай.

Клерыкі і міністранты выносяць і развешваюць пад сценамі касцёла літургічнае адзенне — ксяндзоў будзе столькі, што ў закрыстыі не змесцяцца.
«Раз-раз-два» — правяраюць мікрафоны на вялізнымі, збудаваным у выглядзе карабля, алтары.

Людзей становіцца ўсё болей. Навокал касцёла ды каля намётаў з рэлігійнай атрыбутыкай можна сустрэць багата знаёмых. Легендарны краязнаўца з Мёраў Вітольд Ермалёнак, лідар мёрскай Хрысціянскай Дэмакратыі Багуслаў Мацук, глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач з сынам Валянцінам, лучайскі ксёндз Мікалай Ліпскі, рэдактар «Каталіцкага Весніка» ксёндз Віктар Місевіч — асноўныя ньюсмэйкеры нашага рэгіёна сабраліся на фэсце. Біскуп Уладзіслаў Блін, як заўсёды, у добрым настроі, ходзіць і вітаецца з вернікамі.

Да пачатку Імшы вялікая пляцоўка паміж царквой і касцёлам запаўняецца вернікамі. Дзве-тры тысячы чалавек па самых сціплых падліках.

За касцёлам у два роўныя шэрагі шыхтуюцца ксяндзы — іх тут дзясяткі, а можа і сотня. Пад гукі вайсковага духавога аркестра працэсія павольна рушыць да алтара.
У самым канцы ідуць біскупы — Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці, рыжскі Збігнеў Станкевіч, іркуцкі (з глыбоцкім мінулым) Кірыл Клімовіч, віцебскі Уладзіслаў Блін і самы далёкі госць — арцыбіскуп Вашынгтона кардынал Тэадор Макарык.

Арцыбіскуп Гуджэроці служыць Імшу па-беларуску.
Чытае малітвы з Імшала, намагаючыся правільна вымаўляць словы яшчэ не зусім звыклай для Яго Эксцэленцыі мовы. Прапаведуе на роднай італьянскай мове. Ксёндз-перакладчык тлумачыць пропаведзь на беларускую.

«Дарагія кандыдаты! Вы будзеце служыць народу, які мае сваю гісторыю, сваю культуру, сваю мову, свае надзеі» —
сваю пропаведзь арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці скіроўвае да траіх дыяканаў, якія атрымаюць святарскія пасвячэнні і семінарыста, які стане дыяканам.

Скончылася небяспека фізічнага пераследу, кажа арцыбіскуп, але ёсць небяспека дабрабыту. Небяспека спакойна жыць у добрых матэрыяльных умовах сярод людзей, якія будуць вас паважаць.
Небяспека ператварыцца ў інструменты культу знішчае Касцёл. З Богам нельга жартаваць, папярэджвае Яго Эксцэленцыя.

«Дзякуйце Богу, што нарадзіліся ў краіне, дзе маладыя людзі падатлівыя на евангелізацыю.
Не чакайце, калі яны прыйдуць да вас. Ідзіце да іх, кажыце, што Бог іх любіць. Бог зробіць цуды, але не без высілку вашых рук», — кажа арцыбіскуп Гуджэроці будучым святарам.

Святарскія пасвячэнні сталі адметнай падзеяй не толькі для тых, каго пасвячалі, але і для таго, хто пасвячаў. Арцыбіскуп Гуджэроці прызнаўся, што ўдзяляе святарскія пасвячэнні ўпершыню ў жыцці.

«Бог, Які распачаў у вас добрую справу, няхай Сам яе завершыць», — паводле абраду пасвячэння кажа арцыбіскуп будучым святарам. Дыяканы Валерый Марціноўскі, Антон Лагунёнак, Вячаслаў Адамовіч і семінарыст Іван Кароткін кладуцца крыжам перад алтаром, а ўсе вернікі моляцца Літаніяй да Усіх Святых.

Нарэшце, новыя святары атрымліваюць стулы і арнаты — прадметы літургічнага адзення, якія сімвалізуюць святарскую ўладу і служэнне.
Арцыбіскуп Гуджэроці намазвае іх рукі алеем ды падае літургічныя хлеб і віно. З усмешкай вітае новапрэзбітэраў. Праз хвіліну яны стануць каля алтара, каб служыць першую ў жыцці Імшу.

Пасля Імшы біскупы скіроўваюць словы да вернікаў. Кардынал Тэадор Макарык, мітрапаліт Вашынгтона, прамовіў па-англійску і запрасіў арцыбіскупа Гуджэроці… на сваё пахаванне. «Ён сказаў сёння шмат добрага, і думаю, добра будзе запрасіць яго дзеля сведчання», — сказаў кардынал.

Збігнеў Станкевіч, рыжскі арцыбіскуп, па-расейску звярнуўся да вернікаў з эканамічнымі парадамі. Распавёў, што многія жыхары Латвіі ўзялі вялікія крэдыты ў банках, а пасля крызісу і змяншэння заробкаў з цяжкасцю разлічваюцца
— «хто жыве на гарбаце з сухарамі, хто з’ехаў працаваць за мяжу». Заклікаў беларусаў не паўтараць такіх памылак, «бо сквапнасць губіць людзей».

«З мінулых дзесяцігоддзяў у нас ёсць глыбокая рана — неразуменне ўласнай каштоўнасці перад Богам», —
кажа арцыбіскуп Станкевіч.

Кірыл Клімовіч, былы глыбоцкі пробашч, а цяпер біскуп самай вялікай у свеце дыяцэзіі ў Іркуцку, прывітаў вернікаў па-беларуску.

Пасля яго да амбоны падыйшоў віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін. «Ведаю, што галодныя. Таму коратка». Запрасіў на стагоддзе касцёла ў Іказні і дадаў: «Люблю вас усіх. Гатовы аддаць жыццё за тое, каб кожны з вас дайшоў да Неба». І ўсміхнуўся.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці напрыканцы Імшы сказаў вернікам: «Мне які, жыў спакойна як хрысіціянін і не ведаў пераследу, Вы — прыклад. Дзякую старэйшаму пакаленню за тое, што ўтрымалі веру». Удзяліў вернікам дабраславенне і на гэтым фэст скончыўся. На гадзінніку было 14.15 — Імша доўжылася тры гадзіны.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП17

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Усе навіны →
Усе навіны

Названы найлепшы пад'езд у Мінску4

Як вучыць дзяцей карыстацца штучным інтэлектам?2

Маскву і вобласць атакавалі ўкраінскія беспілотнікі

Кітай і ЗША дамовіліся аб «рамках» гандлёвай здзелкі напярэдадні сустрэчы Сі і Трампа

Беларусь чакае новая хваля савецкіх людзей з Латвіі і Эстоніі38

Паветраная прастора над Вільняй была адкрытая ў 4:30

ДАІ аб'явіла вайну маршруткам. А дзе яшчэ ў свеце катаюцца на іх?5

УСУ пашкодзілі дамбу пад Белгарадам3

Часопіс МЗС Расіі прапанаваў прымяняць ва Украіне савецкі досвед акупацыі Германіі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП17

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць