Культура66

У Лёндане памёр вядомы беларусіст Гай дэ Пікарда

Калі сабраць разам усё, напісанае Гаем дэ Пікарда па гісторыі беларуска-ангельскіх сувязяў, то атрымаецца ладны том, зьместу і якасьці якога можа пазайздросьціць прафэсійны гісторык.

21 красавіка на 76-м годзе жыцьця ў Лёндане памёр вядомы беларусіст Гай дэ Пікарда.

Ён любіў згадваць, што ягоны дзед быў з напалеонаўскай арміяй на беларускіх землях, адкуль вярнуўся з адмарожаным вухам. І гэта быў не адзіны беларускі сьлед у біяграфіі Гая дэ Пікарда. Ягоная цётка Рэната Палонская, хрышчаная габрэйка, паходзіла зь Вільні.

Гай дэ Пікарда нарадзіўся 20 ліпеня 1931 г. у Лёндане ў сям’і брэтонца-француза і ангелькі зь ірляндзкага паходжаньня. Вучыўся ў Сарбоне ды Оксфардзе, атрымаў юрыдычную адукацыю. Дваццаць гадоў адпрацаваў адвакатам у францускай амбасадзе ў Лёндане. Аднак цікавіла яго зусім іншае.

У дзяцінстве цётка прывяла Пікарду ў праваслаўны сабор ў Парыжы, дзе хлопец упершыню пачуў царкоўныя сьпевы, якія зацікавілі яго на ўсё жыцьцё. У Лёндане ён стаў сьпяваць у праваслаўным хоры, зьбіраў царкоўную музыку.

Пікарда некаторы час зьяўляўся сакратаром таварыства культурных сувязяў з СССР. "Я быў тады крыху камуністам", — прызнаваўся ён.

Аднойчы Гай дэ Пікарда вырашыў арганізаваць канцэрт, для якога атрымаў песьні ад украінцаў і рускіх. Але лёнданскія ўкраінцы прапанавалі таксама ўключыць у праграму і беларускую музыку – і скіравалі яго ў раён Фінчлей (паўночны Лёндан) да біскупа Часлава Сіповіча, шэфа Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Так Пікарда пазнаёміўся зь беларускай музыкай і беларусамі, прыбіўшыся да іх на ўсё жыцьцё.

У канцы 1950-х Г. Пікарда паехаў з экспэдыцыяй на Падляшша. У Кляшчэлях, Сямятычах, Супрасьлі ды іншых мястэчках ён зьбіраў старажытныя беларускія царкоўныя сьпевы. Пасьля скіраваўся ў Кіеў, дзе адшукаў і ад рукі дзесяць дзён рабіў копіі з рукапісных музычных зборнікаў XVI ст. — Супрасльскага і Жыровіцкага ірмалагіёнаў. Пасьля пераслаў свае запісы ў ЗША Міколу Шчаглову-Куліковічу для гарманізацыі. Вынікі дасьледніцкай працы Гай дэ Пікарда публікаваў па-ангельску і па-беларуску, у тым ліку і ў выглядзе "Беларускага царкоўнага сьпеўніка Сьв. Літургіі" (1979—1991, кн. 1—2), "Беларускага духоўнага сьпеўніка" (1989), навукова-папулярнага выданьня "Царкоўная музыка на Беларусі 989 — 1995" (1995).

Гай дэ Пікарда быў сябрам і доўгагадовым сакратаром Англа-беларускага таварыства. Мэту сваёй дзейнасьці ён акрэсьліваў так: "Мы павінны адукоўваць ангельцаў. Распавядаць ім пра Беларусь". Для гэтага у якасьці ўдзельніка таварыства ён дапамагаў у арганізацыі цягам амаль 30 гадоў беларусаведных лекцыяў, выданьні англамоўнага часопіса The Journal of Byelorussian Studies, стварэньні Беларускага музэю ў Лёндане. Менавіта ён склаў даведнік пра Бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лёндане (1971).

Акрамя гісторыі музыкі Пікарду цікавілі жыцьцё і дзейнасьць Ф. Скарыны і гісторыя беларускіх перакладаў Бібліі, духоўная культура і права ў Вялікім княстве Літоўскім і іншыя тэмы. У вывучэньні беларускіх сьлядоў на ангельскай зямлі ён зрабіў, напэўна, найболей.

Гай дэ Пікарда адкрыў для беларусаў гісторыю друкара Яна Ліцьвіна, дасьледаваў ангельскі перыяд жыцьця Аляксандра Рыпінскага, адшукаў дом, дзе месьцілася ягоная друкарня, лёнданскія беларускія выданьні ды зробленыя дзеячам фотаздымкі ў брытанскіх музэях. Ён знайшоў брытанскі сьлед сястры Вацлава Іваноўскага Галены і аднавіў гісторыю зацікаўленага ў беларушчыне кола арыстакратаў з Кембрыджскага ўнівэрсытэту пачатку ХХ ст.. А яшчэ Гай дэ Пікарда дасьледаваў ангельскія сувязі славутай мэцэнаткі Магдалены Радзівіл ды наогул роду Радзівілаў.

Гай дэ Пікарда быў сапраўдны апантаны дасьледнік. Ён сам вызначаў праблемы для дасьледаваньняў і імкнуўся вырашаць іх. І абавязкова публікаваў вынікі, паўсюль, дзе мог -- па-ангельску й беларуску. Ад 1997 г. ён цягам колькіх гадоў у адзіночку рабіў англамоўны часопіс Byelorussian Chronicle: пісаў і зьбіраў для яго матэрыялы, дадаваў здымкі, афармляў і памнажаў асобнікі.

Калі сабраць разам усё, напісанае Гаем дэ Пікарда па гісторыі беларуска-ангельскіх сувязяў, то атрымаецца ладны том, зьместу і якасьці якога можа пазайздросьціць прафэсійны гісторык. Магчыма, ён не заўсёды разумеў беларусаў, у тым ліку й тых з паваеннай эміграцыі, якіх лёс прывёў на Брытанскія выспы. Гай дэ Пікарда заўсёды дыстанцыяваўся ад палітыкі, падкрэсьліваючы, што Беларусь яго цікавіць цалкам, без залежнасьці ад тае ўлады, што сядзіць у Менску.

Гэты сьціплы, ветлівы й прыемны ў размове чалавек цягам доўгіх гадоў проста ціха працаваў як дасьледнік на ніве беларушчыны.

Каментары6

Цяпер чытаюць

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам25

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Усе навіны →
Усе навіны

«Дзяўчаткі імкнуліся яе аберагаць». Гісторыя асуджанай за данаты Наталлі Левай, якая рыхтуецца нарадзіць за кратамі

Герасімаў аб’явіў аб захопе горада Купянск-Вузлавы, да якога расійскае войска нават не падышло17

Пяскоў панаракаў на «дэфіцыт сяброўскіх пачуццяў», што з некаторымі краінамі захоўваецца стагоддзямі14

Моцныя маразы вяртаюцца, да выходных да мінус 23°С

У Мінску пракладваюць тунэль для дажджавой вады1

ЕС і Індыя дамовіліся аб свабодным гандлі пасля 20 гадоў перамоў4

Топ-чыноўнік РПЦ назваў Зяленскага, Парашэнку і іншых прэзідэнтаў Украіны «сатаністамі» і заклікаў перамагчы іх малітвай і пастом27

ЗША звязалі гарантыі бяспекі для Украіны з перадачай Данбаса Расіі — FT22

Памёр Сяргей Барысенка, стваральнік легендарнага відэасалона ў Сянне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам25

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць