Архіў

Павал Севярынец. Прыгоды Маладога Фронту 2 лютага (Дзень Мовы)

№ 03 (124) 1999 г.


ПРЫГОДЫ МАЛАДОГА ФРОНТУ 2 ЛЮТАГА

Маладафронтаўцы працягваюць падтрымліваць акцыю “Нашай Нівы”.

2 лютага менская школьніца Ульляна Вішнеўская трапіла ў кашмарную сытуацыю: у Дзень без чужога слова быць выкліканым да дошкі на занятках расейскай мовы! Калі Ульляна пачала адказваць па-беларуску, русіцу ледзь не схапіла кандрашка. Ульляну Вішнеўскую выставілі за дзьверы.

Малады рок-музыка Хведар Жывалеўскі стараўся ў наш Дзень размаўляць ня толькі адно па-беларуску, але й гаварыць як мага больш. За гэта на прыпынках, у аўтобусах і тралейбусах Хведар штораз атрымліваў па пятнаццаць-дваццаць параў недаўменных вачэй і некалькі цёплых, задаволеных усьмешак. Круглых вачэй усё-такі было значна больш — таму Хведар будзе працягваць сьвяткаваньне 2-га дня штомесяц да поўнае перамогі.

Мара Куніна, што вядзе Клюб гісторыі славянскіх народаў, якую два тыдні таму міліцыянт на станцыі мэтро “Плошча Перамогі” з словамі “Ты еще поговори у меня по-белорусски!” ударыў па твары, — дык вось, гэтая самая Мара 2 лютага зайшла ў краму “Прырода”, каб набыць пацучка. Расейскамоўная прадаўшчыца адмовілася яе разумець. “Мне пацучка!” — настойвала Мара. Тады прадаўшчыца выклікала міліцыю.

Паразумецца з гэтым міліцыянтам аказалася значна лягчэй: у адрозьненьне ад мэтроўскага, ён не забыўся роднае мовы й ня выклікаў варанок, а проста патлумачыў жанчыне за прылаўкам, чаго хоча Мара.

Але пацучок усё ж Мары не спадабаўся. Можа, у наступны раз — напрыклад, 2 сакавіка, будзе лепшы?

На пікеце, у якім маладафронтаўцы стаялі каля Камароўкі 2 лютага з плякатам “Дзень без чужога слова”, на 17-гадовага Зьмітра Касьпяровіча насядала пара пэнсіянэрак з торбамі: “И не стыдно вам вот с этим стоять!..” “Невозможно смотреть! — зьвярталіся бабулькі да міліцэйскага патруля. — Уберите это отсюда!” “Вось станьце побач зь імі, — адказаў міліцыянт, — і самі напішыце на плякаціку, што ў вас баліць.” Ужо які раз на Дні без чужога слова нашымі паплечнікамі аказваюцца простыя беларускія хлопцы ў плямістай форме. Што ж, беларуская мова ў камуфляжы — гэта зусім не экзотыка. Камуфляж — гэткая ж звычайная абгортка для яе, як і пацёрты пінжак патомнага пісьменьніка, вышыванка местачковай фальклярысткі ці рваныя джынсы менскага нефармала 90-х.

Знакаміты “кубачак гарбаты” хутка стане такой жа шпілёвай праверкай на вашывасьць, як і памятная “рыдлёўка” канца 80-х. Стандарт-легендай адраджэнцкага фальклёру, ва ўсялякім разе. Ужо й зараз ці ня ў кожнага з нас ёсьць што ўспомніць наконт гэтае самае “гарбаты”. 2 лютага Раман Ясеў зайшоў у буфэт свайго каледжу, каб купіць булачку з гарбатай.

— Булачку і што?!

— І гарбату.

Раман атрымаў і булачку, і гарбату, а пасьля яго ўся група, што стаяла ў чарзе, адзін за адным, пачала зь вясёлай аднадушнасьцю патрабаваць “гарбату”. Пад канец перамены прадаўшчыца, мабыць, была ўжо стопрацэнтова ўпэўненая, што “нашы ў горадзе” і Пазьняк вярнуўся.

Ехаў я з Гомеля ў тыповым вагоне “Беларускае чыгункі”, і ўвечары ветліва папрасіў гарбаты. Ну, думаю, ужо ж пісьменьнік і бард Зьміцер Бартосік павінны быў у сваім элегантным стылі перавыхаваць гомельскіх праваднічак, ці, прынамсі, прывучыць іх не шарахацца ад роднага слова. Але паўтарыўшы, чаго я хачу, у круглых, бы студні, бяздонна спуджаных вачох белабрысае кабеціны я ня ўбачыў ня тое што намёку на якогась там Бартосіка, але й найменшага пробліску. Дзень прынцыповы, падбадзёрыў я сябе і вырашыў стаяць насьмерць.

— КАВО?

— Напой такі ёсьць: цэйлёнскі, індыйскі...

— Эта чяй, — хуценька папярэдзіла мая суседка па купэ.

— Чай ёсьць, а прычом тут “гарбата”? — зубаста адрэзала правадніца.

— Так па-беларуску, — уставіў я.

— Не знаю, не знаю, — разьвярнулася да мяне ўсім корпусам суседка, — мы такого не учили. И чяй всегда был “чяй”, и откуда “гарбату” придумали?..

— Адкуль і “Гербалайф” — з лаціны! — кароткімі чэргамі адстрэльваўся я.

— Мы так не говорили! — настойвала дама.

— НЕТУ ГОРБАТЫ, — раптам сваім бяздонным позіркам спыніла мяне правадніца.

— Не прынясеце гарбаты — сарву стоп-кран, — я злосна перасеў на “аварыйную” бакавушку й намёртва схапіўся за чырвоны рычаг.

Усё адбылося так хутка, нечакана й наперабой, што два суседнія купэ разам выбухнулі здаровым раскацістым рогатам. Гістэрычна залівалася нават суседка, якаталі дзеці на верхніх паліцах, а паўвагона высунулі галовы паглядзець, што робіцца. О, гэта была цэлая акцыя!

Скончылася тым, што гарбаты правадніца мне ўсё-такі прынесла. Пры тым павучальна цокнула перада мной мэталёвым кубкам, бліснула вачыма:

— Это — чай.

— Гэта гарбата, — буркнуў я ёй у сьпіну.

Напэўна, ты зрабіў няправільна, думаў я, прысёрбваючы жэжанькае. Нуль эфэкту, дасадліва папракаў я сябе, уладкоўваючыся на сваёй паліцы — і дзеля чаго толькі расьпінаўся? Толькі дзеля прынцыпу?

Я ўсё варочаўся ў паўдрымотным непакоі пад неразборлівы шэпт спадарожнікаў. “Быць арыстакратычнымі й стрыманымі яны шчэ навучацца. Галоўнае, што прынцыпы ў іх ёсьць, стрыжань”. У суседнім купэ сьцішана размаўлялі пра беларускую мову й беларускую моладзь.

Усё-такі нездарма, падумаў я і ўтульна падаткнуў коўдру.

Павал Севярынец


Каментары

Цяпер чытаюць

Туск заявіў пра гатоўнасць адкрыць Баброўнікі і Кузніцу з лістапада46

Туск заявіў пра гатоўнасць адкрыць Баброўнікі і Кузніцу з лістапада

Усе навіны →
Усе навіны

Мітрапаліт Веніямін прапанаваў узгадніць магчымы візіт Папы Льва ХIV у Беларусь з патрыярхам Кірылам14

Выкладчыцы Гомельскага медуніверсітэта далі калонію па шасці палітычных артыкулах за актыўнасць у тэлеграме6

У Парыжы пачаўся суд над людзьмі, якія сцвярджалі, што жонка прэзідэнта Францыі Брыжыт Макрон — трансгендар4

Беларусь не першая краіна, адкуль пасылаюць дзіўныя шары. З Паўночнай Карэі запускалі смецце і нават гаўно4

У Чарнобылі заўважылі сініх сабак7

Прарасійскую блогерку Таццяну Манцян, якая часта з'яўляецца ў роліках беларускай прапаганды, у Расіі абвясцілі «экстрэмісткай»4

Літва праінфармавала прадстаўніка беларускай амбасады пра закрыццё мяжы «да далейшага паведамлення»2

«Лукойл» збіраецца прадаць свае замежныя актывы пасля ўвядзення амерыканскіх санкцый3

Што знаходзіцца ўнутры новай сакрэтнай базы «Альфы» ў мінскай Баравой?20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Туск заявіў пра гатоўнасць адкрыць Баброўнікі і Кузніцу з лістапада46

Туск заявіў пра гатоўнасць адкрыць Баброўнікі і Кузніцу з лістапада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць