Аляксей ШЫДЛОЎСКІ
Першы год на свабодзе
Замест пасьляслоўя да турэмнага дзёньніка
...Прайшоў амаль год з таго дня, як я выйшаў на Свабоду. Навокал не зьмянілася абсалютна нічога. Ну, хіба якія дробязі. Толькі больш шэрымі сталі навакольныя фарбы і твары пэнсіянэраў у крамах, батоны ў крамах ды каторы год нефарбаваная падлога ў кватэры. Беларусь як быццам сьціраецца пакрыху: колеры, лепшыя людзі, краіна...
Я і зараз, як 11 месяцаў таму, ня бачу іншага выйсьця з сытуацыі, акрамя як змаганьне да скону. Змаганьне якім заўгодна чынам і якімі заўгодна сродкамі: са зброяй ці без, на вулічных акцыях ці праз прэсу. Рана ці позна перамога прыйдзе.
«Ты вельмі зьмяніўся», — гэта амаль ува ўсіх такія словы зьляталі з вуснаў пасьля сустрэчы ды размоваў са мною — ужо іншым, «пасьлятурэмным». Сапраўды, турма мяняе людзей у значнай ступені. І чым больш працяглы час ТАМ, за плотам, тым больш шанцаў зьмяніцца значна.
Але, цікава, турма толькі ўзмацняе тыя якасьці, якія ў чалавека былі. Калі ты быў моцны духам — станеш, як камень. Калі ж быў сьлюнцяем, дык прыйдзецца табе за кратамі цяжка, а гэта прыгняце, прыб’е, закамплексуе цябе яшчэ больш, і станеш ты горшым за ранейшага.
Многія выходзяць, як ні дзіўна, значна больш дужыя і фізычна. Вольнага часу дастаткова, і яны кампэнсуюць гэта заняткамі бодыбілдынгам, за доўгія гады нарошчваючы сабе вялізныя цягліцы.
Але самае галоўнае ўсё ж — выйсьці адтуль чалавекам незламаным. «Ты зьмяніўся», — мне кажуць тыя, хто ведае, што я сядзеў. Але яны ніколі не казалі, што на мне бачна, што я — зэк. Я ня вынес з сабою ні гэтага жаргону (я яго, вядома, ведаю, але ж ніколі не карыстаюся), ні нейкіх звычак. Адзінае, што як ні імкнуўся я выжыць турму з сваіх сноў — ня змог. Мая дзяўчына скардзіцца, што я сярод ночы ўскокваю ў халодным поце. Так, я зноў быў там.
Перажыўшы й асэнсаваўшы ўсё, я тым больш паважаю людзей, што выйшлі на волю незламанымі й здолелі пачаць жыцьцё нанова, з чыстага аркушу.
Я выйшаў на Свабоду год таму. Усяго. А здаецца, прайшла цэлая вечнасьць. Тут ён, час, ляціць не спыняючыся, а за кратамі дзень раз-пораз здаваўся даўжэйшым за ўсё раней пражытае.
Год пасьля... Як я не хацеў бы зноў трапіць за краты ні на месяц, ні на дзень, ні на ноч! Але, ведучы перадтурэмны лад жыцьця, — не гарантую сабе гэтага. Дый ніхто ня можа гарантаваць.
Памятаю, як увосені 1998-га, за 3 месяцы да вызваленьня, чакаў сьнегу. Я чакаў яго, паглядаючы ў вакно, чакаў пры кожным выхадзе на прагулку. Я, здаецца, не чакаў так лістоў з дому, як гэтага сьнегу. Я ведаў, што калі буду выходзіць, навокал будзе сьнег, і таму ён атаясамліваўся ў мяне са Свабодаю. Зрэшты, аднойчы я прачнуўся і ўбачыў, што сьнег усё ж выпаў. Была пятая раніцы, астатнія вязьні яшчэ спалі. Я хуценька апрануўся й высьлізнуў у прагулачны сэктар, баючыся спазьніцца, выйсьці ня першым. Там сапраўды была зіма. Напружанае паветра і разьбітая крышталёвая цішыня. Кінуты на падлогу аксаміт сэрца і ўпартая вера ў вызваленьне. Я адчуваў сябе свабодным на хвілінку, на паўхвілінкі, але раптам прыйшло адчуваньне таго, што хутка будзе пад’ём, і шэрая зэкаўская маса выпаўзе на двор і патопча гэты белы, чысты, свабодны сьнег.
І без таго замарожанае адчуваньне Свабоды атрафуецца зусім. Так бывае, калі цягнеш руку, а адчуваеш сьлёзы. Крычыш, а ў адказ толькі сьмех. Па белым сьнезе — бруднымі ботамі. Адно я ведаў — трэба рабіць тое, што лічым патрэбным. Зіма — гэта толькі тры месяцы, а жыцьцё — проста гады, зьвязаныя ўспамінамі. Галоўнае — ведаць, дзеля чаго. Па сьнезе. Ботамі...
Пасьля я чакаў Свабоды. Сны блыталіся з рэчаіснасьцю. Рэчаіснасьць забівала адным позіркам. Але я ўжо прайшоў гэта. Проста я ў Беларусі. І яна пакуль жыве. І ня маю права здацца, ня маю права сысьці.
Турэмны дзёньнік Аляксея Шыдлоўскага друкаваўся па частках у бюлетэні праваабарончага цэнтру «Вясна-96» «Права на волю» і мае зьявіцца цалкам у адным з нумароў часопіса «Arche» ў гэтым годзе.
Каментары