Архіў

 Людміла Рублеўская. Больніцы

№ 15 (172), 10 — 16 красавіка 2000 г.


 Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Больніцы

 

Больніца — гэта мяжа паміж жыцьцём і сьмерцю.

Ні ў адной іншай жывой істоты няма падобнага звычаю, калі ўсе хворыя, няздольныя да самастойнага існаваньня асобіны сьцягваюцца ў адно месца і ціснуць адзін на аднаго разбалянсаванымі аўрамі. Хворая жывёла або цягнецца да здаровых — кіты, як вядома, падымаюць на сваіх сьпінах да паверхні сабрата, які сам ня можа даплыць да паветра, або, адчуўшы сьмерць, забіваюцца ў патаемнае месца, у гушчар, да зямлі, якая альбо вылечыць, альбо прыме ў сябе, каб ператварыць твае клеткі ў расьлінныя.

Больніца — гэта таталітарная ўстанова, таталітарныя рысы якой грамадзтва або нівэлюе, або ўзмацняе ў адпаведнасьці са сваімі вартасьцямі. У беларускай рэальнасьці больніца — гэта Зона, якая дазваляе браць пад кантроль і максымальна ўтылізаваць самыя сакральныя падзеі ў чалавечым жыцьці — нараджэньне і сьмерць. Падзеі, якія ставяць уладу грамадзтва перад мяжой, за якой гэтая магутнасьць заканчваецца.

Наш чалавек ня мае права нарадзіцца ці памерці па-за Зонай больніцы або безь яе кантролю.

Аддаючыся ва ўладу больніцы, індывід адмаўляецца ад сваіх правоў. У яго адбіраюць адзеньне і дакумэнты. Цяпер ён залежыць ад чужых рашэньняў. Правільна ці няправільна паставяць дыягназ і прызначаць лячэньне, калі зробяць апэрацыю, калі дазволяць сядзець, уставаць, хадзіць, калі, урэшце, выпішуць дахаты... Усё вырашае нехта, узьведзены да амаль поўнай усемагутнасьці над фізычным целам і абсалютна бясьсілы ва ўладзе над душою.

Тыя, хто надзелены ўладай над хворымі, ня менш сьмяротныя і ня менш бездапаможныя, чым тыя, каму яны спрабуюць дапамагчы. Доктара стварыў Бог. Але хто і за што стварыў хваробы?

А хто стварыў больніцы?

У Расеі выкрылі сэрыю падпольных крамаў, у якіх працавалі рабы, вывезеныя з усходніх рэспублік. На выгляд гаспадары і рабы адрозьніваліся адно тым, што рабы мелі права абувацца толькі ў пантофлі.

Хто хоць раз апранаў больнічныя пантофлі, са штучнай скуры, з грубымі надпісамі алейнай фарбай — «ІІ аддзяленьне», — ніколі не забудзе таго непрыемнага адчуваньня бездапаможнасьці.

Сьмерць у больніцы пазбаўленая містыкі. Яна праходзіць доўгімі бэтоннымі калідорамі, як раўнадушная санітарка. Інфэрнальная каса замяняецца празаічным шпрыцам.

Страшна нараджацца ў больніцы. Няхай яна і называецца раддомам.

Раптоўную сьмерць хрысьціяне лічаць дрэннай сьмерцю. Чалавек павінен падрыхтавацца да пераходу ў лепшы, сапраўдны сьвет, ачысьціцца цялеснымі пакутамі. Хвароба — гэта магчымасьць духоўна ўдасканаліцца. У больніцы пакуты індывіду раствараюцца ў пакутах масы. А пакутам масы спачуваць нельга. Іх можна толькі канстатаваць, клясыфікаваць, вывучаць.

Першабытная мэдыцына — магія, змаганьне са злымі духамі. Першыя больніцы былі пры храмах, каля ідалаў і статуяў багоў. Хворы лічыўся апантаным злым духам, вылучаным зь ліку здаровых. Ён стаў на дарогу да продкаў, уступіў у сувязь зь вечным сьветам і ўжо таму не заслугоўвае пагардлівых адносінаў.

Але, спусьціўшыся да ўзроўню інстынктаў, больніцы — гэта ўсяго толькі патрэба статку пазбавіцца ад нямоглых асобінаў. Страх пераняць ад іх хваробу, зрабіцца адным зь іх. Асабліва гэта выяўляецца ў псыхіятрычных лячэбніцах.

Галоўны лекар Багдаду І ст. н.э. па імені Разэс, каб вызначыць лепшае месца для гарадзкой больніцы, павесіў на ўсіх канцах гораду трупы жывёлаў і назіраў, які зь іх будзе марудней гнісьці. Там і загадаў пабудаваць больніцу.

Нядаўна ў прэсе зьявіліся публікацыі, у якіх сьцьвярджаецца, што месцам, дзе жывуць бактэрыі, якія выклікаюць сэпсыс — сьмяротнае гніеньне крыві, зьяўляюцца якраз больніцы. Праз больніцы гэтая рэдкая хвароба і разыходзіцца. Нягледзячы на хляраваньне і кварцаваньне. Сэпсыс разьвіваецца толькі ў арганізме з паслабленым імунітэтам. Так што больніцы яшчэ і спрыяюць натуральнаму адбору.

Заратустра сьцьвярджаў, што ў чалавеку можна любіць толькі тое, што ў ім ёсьць пераход і зьнішчэньне. Мы замыкаем гэтыя працэсы ў магічнае кола больніцы і спадзяемся, як Хама Брут, што ніхто не падыме павекі нашпігаванай антыбіётыкамі сьмерці. Але сьмерць перамагаецца толькі сьмерцю, толькі пераходам да іншага жыцьця, недаступнага Зоне больніц...


Каментары

Цяпер чытаюць

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны14

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС расказала пра пацярпелых беларусаў у Крыме3

Камісія па вяртанні стала разглядаць справы ўхілістаў ад арміі

Грамадзяне Беларусі ёсць сярод пацярпелых пры атацы УСУ на Крым32

У Гродне з'явілася новая знакамітасць — прыгожы руды кот3

У Крыме ўпершыню знішчаны два расійскія самалёты-амфібіі Бе-12 — ГУР

Міністр абароны Ізраіля: Палесцінскай дзяржавы ніколі не будзе10

«Не можам трапіць у Беларусь». Утварылася чарга на латвійскай мяжы, аўтобусы стаяць з вечара4

На вайне загінуў польскі паліцэйскі, які ваяваў на баку Расіі5

«Ты села ў турму і не падумала пра мяне». Ларыса Шчыракова пра пачуццё віны перад сынам4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны14

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць