Архіў

Адам Глёбус. Сучасьнікі й суайчыньнікі

№ 24 (181), 12 — 19 чэрвеня 2000 г.


 

Адам Глёбус

Сучасьнікі й суайчыньнікі

 

Быкаў

У віленскім Палацы мастацтваў загаварыў я з шатнікам, спытаў, ці не мастак ён. Сівабароды дзед сказаў, што пэнсіянэр. Я настойваў… «А былі мастаком?» «Не, быў некалі літаратурным крытыкам. А Вы з Расеі?» Тут мне давялося не пагадзіцца. «Зь Беларусі». «О, мы ў Літве ведаем пра вашую драму». «А я чытаў літоўскую прозу». «Каго?» «Авіжуса». «Ён вельмі савецкі пісьменьнік, і па-расейску выходзілі кепскія пераклады». «Я чытаў Ланскаўскаса…» «А гэты нічым ня вызначыўся. Вось ваш Быкаў сапраўдны сумленны літаратар, толькі рэдактары й крытыкі зрабілі зь яго савецкага». На тым і разышліся. Можа празь дзесяць ці дваццаць гадоў нейкі шатнік у Менску скажа, што рэдактары зрабілі з Васіля Быкава антысаветчыка. Пабачым.

 

Воўк

Прадпрымальнік Леанід Воўк перабраўся зь Беларусі ў Ізраіль, а адтуль у Літву. У Вільні пачаў разгортваць камэрцыю, дайшло й да харчоў. А прадукты, пасьля жыцьця на сьвятых землях, не прадукты, калі не кашэрныя. Воўк прывез у Вільню рабіна. Той прыйшоў на Воўкаву хлебапякарню, паглядзеў і пачаў рабіць абход, зазіраў ва ўсе куточкі. «Што Вы шукаеце?» — «А ці не было тут дзе сьвінарніка…» Воўк сумеўся. «Ты ўяўляеш, — казаў мне Лёня, — ён пасярод гораду сьвіна-рнік шукаў!» А нашто зьдзіўляцца, калі віленчукі паўсюль тое сьвінства ядуць. Зрэшты, арабы сьвініны не ўжываюць, а габрэю жыць зь імі ня соладка.

 

Чупоніс

Жывапісец Ёнас Чупоніс расказаў сучаснае віленскае паданьне… «У паваеннай Вільні была процьма вокнаў на дахах. Сталін загадаў тыя вокны прыбраць, каб змагары за самастойнасьць Літвы не маглі ўцякаць празь іх ад энкавэдыстаў. Бо наш лясны брат — скок у вакно, і паляцеў па дахоўцы, з даху на дах, з даху на дах… Ніякі энкавэдыст ня зло-віць. А цяпер вярнулася самастойнасьць, паглядзі — і вокны на дахі вярнуліся».

А калі ж у Менску вернуцца падобныя вокны, пазабіваныя Язэпам Джугашвілі?

 

Трусаў

На дні нараджэньня ў манэкеншчыцы Тамары Ганчаровай я сядзеў за сталом побач зь мілавіднай кабетай, якая працавала ў рэстаўрацыйных майстэрнях разам з Алегам Трусавым. Кабета пераконвала мяне, што ў Трусава ёсьць каханка, а я пярэчыў — маўляў, з такім, як у Алега, абліччам каханкі быць ня можа. Трусаў і ў дваццаць пяць выглядаў на восемдзесят два. Такое бывае: адны ў сорак выглядаюць на шэсьць гадоў, а іншыя ў шэсьць — на сорак. Геранталягічныя працэсы не такія аб’ектыўныя, як нам хацелася б. І колькі ні пераконвала мяне кабета ў наяўнасьці трусаўскай каханкі, я не паверыў.

 

Галубовіч

Лёня Галубовіч запярэчыў, калі я назваў яго добрасумленным літаратурным чыноўнікам. Ён ахарактарызаваў свой стан, як цьвярозае разьвітаньне зь літаратурнымі ілюзіямі… Дарма пярэчыш, Леанідзе. Для станаўленьня й замацаваньня беларускай самастойнасьці нам якраз і не ставала такіх, як ты, чыноўнікаў, і наагул усялякіх чыноўнікаў розных маштабаў, відаў і падвідаў. А расчараваных, пэсымістычных, настроеных на разьвітаньне з ілюзіямі — процьма.

 

Маліноўскі

Рэстаўратар Юра Маліноўскі расказаў, што ягоная маці жыве ў вёсцы й так напрацоўваецца за дзень, ажно ўвечары ня можа глядзець тэлевізію. Яна як прысядзе, дык і засынае. Сам Юра такі ж, як і маці, працаголік. А мне ўсё ня сьпіцца.

 

Самедаў

Турак з Азэрбайджану Асім Самедаў прыехаў вучыцца ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У Азэрбайджане не было вышэйшай навучальнай установы па выяўленчых мастацтвах, і Асіма ўзялі без іспытаў. Ні расейскай, ні, тым больш, беларускай мовы ён ня ведаў. Яго вучылі. Першае, што засвоіў Асім — лаянка. «Піляць нярускі», — бясконца мармытаў Самедаў. А калі загадчык катэдры Гаўрыла Вашчанка спытаў: «Як жывеш, Асіме?» — пачуў: «Нічэво, піляць, харашо жыву!»

 

Малішэўскі

«Адамчык (я) ніколі не пакажа сваёй карціны, калі ў яго дома ня будуць схаваныя дзьве ін-шыя», — на праглядзе дыплёмных эскізаў заўважыў мастак Альгерд Малішэўскі. — «Бо ён у нас геній. Мы можам гаварыць пра ягоную працу самыя дрэнныя словы, а ён будзе стаяць і думаць пра схаваныя ад нас палотны». Сам за сабою я гэтай якасьці не заўважаў, а рабіў тое інтуіцыйна. Толькі дзякуючы Малішэўскаму я пачаў прыхоўваць спачатку карціны з малюнкамі, а пазьней вершы з апавяданьнямі. Ні разу я ня выдаў кнігу, калі ў маім любым стале не хаваўся рукапіс наступнай, лепшай.

 

Хадыка

«Адамчыку (мне) трэба дазваляць рабіць тое, што ён хоча. Інакш ён наагул нічога рабіць ня будзе. А калі яму дазволіць працаваць свабодна, ён зробіць і сваё, і тое, што трэба па праграме», — так Алег Хадыка адстойваў і адстаяў мае правы на экспэрымэнты ў тэатральна-мастацкім інстытуце. А пазьней ва ўсіх галінах выяўленчага мастацтва мне перашкаджалі экпэрымэнтаваць. Нават выгналі з працы з рэстаўрацыйных майстэрняў за тое, што ў непрацоўны час напісаў кампазыцыю «Страшны суд». З палотнаў глядзелі людзі, каму лёс вызначыў хварэць на рак скуры. Кіраваў майстэрнямі і, адпаведна, выгнаньнем той жа Алег Хадыка. А вось у літаратуры мае «извивы мысли» віталіся. Таму я больш прызнаны літаратар, чым мастак.

 

Чаропка

У гісторыка-бэлетрыста Ві-таўта Чаропкі чуйнае вуха. Ён любіць клясычную музыку і напісаў пра яе наступныя сказы: «Аднекуль чулася спакойная музыка. Нешта клясычнае: ці то Шапэн, ці то Бэтховэн». А можа ўсё ж Моцарт ці Шубэрт?

 

Марцаў

Журналіст Пеця Марцаў тра-піў у запой. Ён ляжаў у дзіцячым пакоі й жлукціў вінцо, хаваючы бутэлькі ў гурбе цацак. На трэці дзень дачка, якой тлумачылі, што бацька хварэе, сказала: «А я ведаю, якая ў таты хвароба». «Якая?» — са сполахам спыталася Пецева жонка. «ЛІТРАГІЧНЫ СОН!» — паставіла дыягназ шасьцігадовая дзяўчынка.

 

Каткоў

Настаўнік-мастак Сяргей Каткоў аднойчы сабраў нас, навучэнцаў студыі выяўленчага мастацтва, і сказаў: «Не прапусьціце вясны. Гэта вельмі важна — не прапусьціць вясны». У ягоных словах была мудрасьць будысцкага настаўніка, толькі гэта я зразумеў праз трыццаць гадоў.

 

Коўзусь

Малявальшчык Уладзімер Коўзусь пераконваў мяне, што трэба прымерваць на сябе самыя розныя стылі, каб адчуць і ўбачыць менавіта сябе, сваю адметнасьць і выключнасьць. Пераканаў.

 

Навуменка

Калі я чытаю нейкага Бельскага, адрэдагаванага якімсьці Навуменкам, і бачу ў навучальным выданьні, што Глёбус піша нібыта парнаграфію, дык згадваю прыклады найсапраўднейшай літаратурнай парнаграфіі… «Нэгры былі чорныя…» — гэта ад Івана Навуменкі. «Ён не ўяўляў сабе жыцьця без малатка,» — вось табе ад таго ж дзяржаўнага аўтара.

 

Законьнікаў

Рэдактар Сяргей Законьнікаў на сэмінары ў Польшчы скардзіўся на Лукашэнку, які не фінансуе ягонага часопіса «Полымя» на 100%, а толькі на 60%. Сапраўды, даў бы Лукашэнка Законьнікаву стоадсоткавае фінансаваньне! І ўзаемным крыўдам капец.

 

Аўрамчык

Фокусьнік Мікола Аўрамчык зрабіў найвялікшую містыфікацыю ў беларускай савецкай літаратуры: напісаў і распаўсюдзіў паэмку «Сказ пра Лысую гару». Падпісаў ён твор псэўданімам Вядзьмак Лысагорскі, а сябе назваў у тэксьце «сьвятоша, праведнік Аўрамчык». Ні больш ні менш, а «сьвятоша» й «праведнік», які «адгрохаў добры сабе храмчык». Літдэтэктывы не знайшлі аўтара, бо стаяў ён паміж чортам і Богам, а таму быў нябачны. Я не дасьледчык літаратуры й не праводзіў аналізаў. Проста, калі прыступ хваробы ў Міколы Аўрамчыка быў вельмі моцны і ён падумаў, што жыць засталося ўсяго нічога, дык і расказаў майму бацьку пра сваё аўтарства. Хвароба зьлітавалася над паэтам. І ён жыве, піша вершы й нават у кіно пра Пушкіна здымаецца. Дай яму Бог здароўя. Я болей люблю жывых паэтаў, чым мёртвых, таму й раскрыў таямніцу.


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Лукашэнку на свяце ў Александрыі суправаджала афіцэр Зайцава20

Лукашэнку на свяце ў Александрыі суправаджала афіцэр Зайцава

Усе навіны →
Усе навіны

Адзін з найлепшых расійскіх футбалістаў Смолаў пабіўся ў кафэ з тымі, хто абмяркоўваў яго ВІДЭА2

Пазняк асудзіў Ціханоўскага: Седзячы пяць гадоў, можна было да беларускай мовы звярнуцца103

Чым адрозніваецца бортніцтва ад пчалярства? І чаму вучыліся палякі ў беларускіх бортнікаў1

Мінская школьніца пачала распаўсюджваць наркотыкі 1 верасня, а ўжо на заўтра яе арыштавалі4

У Барысаве пасля скачка ў ваду загінуў 18-гадовы хлопец1

Шаметавец: Пасля знікнення ні Мельнікава, ні ад яе імя на «Кіберпартызанаў» не выходзілі. Яна не мае чым нас шантажаваць4

Па-беларуску выйдзе «Беларускі снайпер» пасла Шарэпкі, а Квяткоўскі напісаў працяг «Фрашак»

Зянон Пазняк: Зараз інтарэсы рэжыму ў нейкай ступені супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі65

«Кіберпартызаны»: Не трэба раздзімаць паніку, што рэжым усё можа ўзламаць, прачытаць, пра ўсё даведацца. Не, не можа2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнку на свяце ў Александрыі суправаджала афіцэр Зайцава20

Лукашэнку на свяце ў Александрыі суправаджала афіцэр Зайцава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць