Літоўскія дыпламаты далі зразумець, што Літва пры гэтым пакуль не бачыць ніякіх прынцыповых змен у сітуацыі ў Беларусі.

Літоўскаму грамадскаму тэлебачанню LRT сталі вядомыя некаторыя дэталі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам Трампа Кітам Келагам, а таксама планы правесці яшчэ адзін раўнд перамоваў.
Паводле інфармацыі крыніц выдання, ЗША не далі беларускаму боку ніякіх абяцанняў у абмен на вызваленне палітзняволеных.
Перамовы паміж Беларуссю і ЗША сталі тэмай абмеркавання ў Сойме Літвы. Ініцыяваў абмеркаванне Жыгімантас Павілёніс, член камітэта па замежных справах Сойма. На сустрэчы выступілі вызваленыя палітвязні Сяргей Ціханоўскі, Наталля Дуліна і Ігар Карней, а таксама шэраг беларускіх палітыкаў.
«Мы павінны ведаць, ці не вядуцца перамовы за нашай спінай і ці не сталі мы самі прадметам торгу?» — заявіў Павілёніс.
Старшыня камітэта Сойма, былы пасол Літвы ў Расіі Рэмігіюс Матузас пацвердзіў, што амерыканцы сапраўды размаўлялі па пытанні Беларусі з міністрам замежных справаў Літвы Кястуцісам Будрысам, зандуючы глебу, як бы Літва паставілася да пытання адмены санкцый супраць Беларусі. Паводле яго слоў, Літве не вылучаліся ніякія патрабаванні.
Сам Будрыс ані пацвердзіў, ані абверг гэтую інфармацыю.
«Вызваленне палітзняволеных — тонкая і складаная аперацыя, але Літве не выстаўлялі ніякіх умоў», — заявіў Рэмігіюс Матузас.
LRT стала вядома, што чакаецца новы раўнд перамоваў паміж ЗША і Беларуссю.
У пачатку гэтага года, паводле інфармацыі LRT, амбасадар ЗША ў Літве Кара Макдональд на сустрэчы з высокапастаўленым літоўскім палітыкам цікавілася, як бы Вільня паставілася да змякчэння санкцый супраць «Беларуськалія» і атрымала адмоўны адказ.
Яшчэ адна крыніца заявіла, што гэтае пытанне не ўздымалася, і сказала, што Літве невядома пра змест перамоваў паміж Мінскам і Вашынгтонам.
«У гэтым і праблема — мы нічога не ведаем. Я ўпэўнены, што гаворка ідзе пра калійныя ўгнаенні, але нам са ЗША не паступала ніякіх зваротаў або просьбаў», — сказала крыніца.
Аднак вызваленне Ціханоўскага адназначна не звязанае са зняццём ніякіх санкцый.
Па словах Матузаса, «на гэтым этапе адказ Літвы быў бы «не». Літва не паслухалася б» ніякіх падобных прапаноў.
«Мы не павінны даваць падстаў рэжыму гандляваць людзьмі», — адзначыў у каментары LRT Будрыс.
Самыя балючыя для Аляксандра Лукашэнкі санкцыі — гэта забарона на транзіт калійных угнаенняў. На гэтым Мінск губляе каля мільярда даляраў штогод. І гэты транзіт праходзіў акурат праз порт Клайпеды ў Літве. Іншы балючы пункт — забарона на экспарт беларускіх нафтапрадуктаў. Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя Еўрасаюзам, і менавіта яны патэнцыйна найбольш здольныя матываваць Мінск змяніць сваю палітыку.
Першыя раўнды перамоваў між Аляксандрам Лукашэнкам і ЗША былі непублічнымі. Па інфармацыі «Нашай Нівы», з амерыканскага боку іх, сярод іншых, вялі Джон Коўл, намеснік спецпрадстаўніка Дональда Трампа, генерала Кіта Келага, і Крыс Сміт, высакапастаўлены дыпламат Дзяржаўнага дэпартамента.
20 чэрвеня адбыўся публічны візіт Кіта Келага ў Мінск. У адказ на наступны дзень на загад Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя 14 палітзняволеных. Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, бакі абмяркоўвалі Украіну, Блізкі Усход, узаемадзеянне з Расіяй і Кітаем, санкцыі ЗША і ЕС у дачыненні да Беларусі. Келаг заявіў, што бакі абмяркоўвалі вайну паміж Расіяй і Украінай, а таксама двухбаковыя адносіны паміж ЗША і Беларуссю.
Каментары
+1! нам патрэбны нацыянальны кампраміс (тактычны хаўрус з лукашэнкамі) на захаванне незалежнай дзяржавы, і нам Літвінам трэба дапамагаць Украіне & змагацца супраць маскоўскага імперыялізму 7/24.Сёння васальныя адносіны (прагматычна) з маскоўскай імперыяй падтрымліваюць 80% Грамадзян Беларусі , глядзім на колькасць Беларусаў ў Беларускіх клясах, асабіста першыя клясы. Глядзім на імёны дзетак, слухаем маскоўскамоўную інтэлігенцыю накшталт Аляксеевіч. Нашы эліты спяваюць спевы Маскоўскаму хану як Кадыраў , няхай ў нас Будзе шанс .ПАГЛЯДЗІ НА капіталізацыю ГАЗПРОМА да вайны (2014) і сёння, усё як Пры Р. Рэйгане, ЭЗ & Д. Трамп/ЗША ведаюць справу !