№ 44 (253), 29 кастрычніка 2001 г.
Прыслалі сабаку ліст зь белым парашком
Адзін сабака атрымаў ліст зь белай Арапіі. Думаў, што яму белыя арапы прыслалі даляры, але, калі раскрыў канвэрт, адтуль пасыпаўся белы парашок. Перапалохаўся сабака і пабег да беларускіх акадэмікаў, каб высьветліць, ці заразіўся ён сыбірскай язвай. Сабараўся калёквіюм пад камандаваньнем Граждана. Засядалі без усякай пішчы тры дні і тры ночы. І на чацьвёрты дзень выступіў Граждан.
Граждан: Брацьця і сёстры! У гэты знамянальны для нашай акадэміі дзень, калі чэсным вучоным няма чаго есьці, хачу паведаміць, што сабака атрымаў белы парашок. Але ён хутка здохне. Ён бы і так здох, але гэты працэс зацягнуўся б яшчэ на некалькі гадоў. Ён бы мучыўся сам і нас бы мучыў, як прафэсар Праабражэнскі мучыў беднага Шарыка, прымушаючы яго вывучыць табліцу Шапэнгаўэра. Зараз гэты сабака сам будзе страдаць за свае грахі. Брацьця і сёстры! Хто згодны са мной, прашу ўдаліцца на савяшчаньня.
Акадэмік: Ні на якія савяшчаньні я больш не пайду. Сабаку я не сваяк, таму мне няма чаго скрываць. Сабака ня здохне. Сабака друг чалавека, я ўжо не кажу пра жывадзёрню, і таму ён ня здохне ад сыбірскай язвы. Белы парашок ад нашых сяброў белых арапаў – гэта ўсяго-наўсяго цукровая пудра, якой некаторыя жэншчыны і дзявіцы пасыпаюць сабе цела, каб было смачней іх цалаваць.
Прафэсар: Навукай яшчэ не даказана, што ў белым парашку жыве сыбірская язва, як невядома, ці ёсьць жыцьцё на Марсе. Я гэтыя тры дні і тры ночы ня спаў. І вы думаеце, што я нешта мог прыдумаць? Адно скажу, што гэты сабака ў мінулым годзе здаваў аналізы, і яны ў нас на добрым шчату.
Доктар: Тое, што ў сабакі аналізы на добрым шчату, гэта яшчэ ня доказ, што гэты сабака будзе жыць. У нас на фронце быў адзін сабака, дык у яго кожны дзень былі добрыя аналізы. Да ўсяго сыбірская язва – гэта ня ордэн, які пачэпіш на піджмак і будзеш бясплатна езьдзіць у абшэствянным транспарце. Я лічу, што сабаку трэба ізаляваць ад вопшчаства, а то ён нас пакусае, і мы не даведаемся, ад чаго ён здохне.
Дацэнт: Я, як дацэнт, магу з разгону сказаць, што сабака сам выдумаў гэты белы парашок і цяпер усімі намі сьпікуліруе. Пяць гадоў назад мы яму ня далі грамату, як лепшаму танцору лебядзінага возера, дзе ён быў у галоўнай парціі... А цяпер яму мяшае белы парашок...
Лябарант: Я рабіў досьлед з гэтым парашком. Магу адназначна сказаць. што ён белага колеру і раствараецца ў вадзе. Увогуле ж, на маю думку, у парашку ня можа сядзець сыбірская язва, бо яна там задыхнецца.
Тутака прыйшла Прыбіральшчыца і сказала: Урэмя прыбіраць. Што вы тут мучыце сабачку?
І змыла парашок к чортавай мацеры.
Віктар Шніп
Каментары