Архіў

Іn memoriam

№ 7 (269), 15 лютага 2001 г.


іn memoriam

Рэабілітацыі не дачакаў

14 сьнежня ў Наваградку на 79-м годзе жыцьця памёр паэт Самсон Пярловіч. Памёр шчыры беларус. Памёр пясьняр-самавучка з Наваградчыны.

Гітлераўскія і сталінскія лягеры ня зьнішчылі ў ім сумленьня, любові да роднай Наваградзкай зямлі, да беларускага слова.

Самсон Пярловіч (а разам зь ім 18 сяброў, у тым ліку і я) 29—30 жніўня 1947 г. вайсковым трыбуналам Баранавіч былі асуджаны на 8—25 гадоў зьняволеньня за прыналежнасьць да падпольнай патрыятычнай арганізацыі “Саюз вызваленьня Беларусі” (СВБ). Самсон атрымаў 10 гадоў.

Пры арышце ў яго быў знойдзены верш “Паднімаецца крыўда”, за які зь менскай “амэрыканкі” Пярловіча вадзілі пад канвоем да самога Цанавы. Вельмі ж таму хацелася пабачыць юнака, які пасьмеў узьняць голас супраць Сталіна і ягоных падхалімаў.

Я разам зь Пярловічам прайшоў праз пакуты на лесапавалах Усьць-Вым, на будаўніцтве шахтаў у Карлагу, спаў разам зь ім на голых нарах. І там, на голых нарах, Пярловіч складаў вершы без алоўка, якія мы вучылі на памяць для будучыні.

У 1956 г. Пярловіч вярнуўся ў свой Наваградак, працаваў, пісаў вершы. Выйшлі з друку ягоныя зборнікі “Заяц на бярозе”, “Чарадзейны агонь”, “Бясьсьмертнік”. Самсон рыхтаваў матэрыялы яшчэ для аднаго зборніка. Не пасьпеў...

Рэабілітацыі не дачакаў.

З 18 сяброў СВБ цяпер засталіся ў жывых толькі тры.

Хочацца верыць, што прыйдзе час, Наваградчына ўшануе імя свайго слаўнага сына і зерне, пасеянае ім, узыдзе буйным коласам.

Няхай яму яго любая Наваградзкая зямелька будзе пухам.

Кастусь Рамановіч, Пінск

 

Самсон Пярловіч

Паднімаецца крыўда

І ноччу, і днём падхалімы скуляць

Пра росквіт жыцьця, пра свабоду.

Ад гэтай “свабоды” аж стогне зямля,

У “росквіце” тым – сьмерць народу,

Бо Сталін-тыран, і старых, і малых

Запрэгшы ў прыгонныя ёрмы,

Нявіннай крывёй суцяшае іклы,

Каму колькі жыць, ставіць нормы.

Людзей каб прымусіць пакорна маўчаць

Пад страхам, як вязьняў бяспраўных,

Са зграяй сваёю пачаў вынішчаць

Народу сыноў самых слаўных.

А каб заслужыць і праклёны, і боль,

Кляймом страшным – “вораг народу”

Кляймяць чалавека, ды ўсё штораз больш

Зьнішчаюць людзей з кожным годам.

Калі б удалося ўсе косьці сабраць

Усюды, дзе палі ахвяры,

З касьцей тых, напэўна, узьнялася б гара,

Што рвала б вяршыняю хмары.

А сьлёзы і кроў, што замучаны люд

У горы бязьлітасным выліў,

Каб не пранікалі ў матулю-зямлю.

І сонца, мабыць, патушылі б.

Ці ж выцерпіць крыўда? Мільёнам галоў

Яна яшчэ грозна паўстане!

Хіба хто апошнім сумленьнем аглох,

Той толькі мо сьцерпіць маўчаньне.

Наваградак, 1947 г.

 


Каментары

Цяпер чытаюць

«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі8

«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

У Японіі папулярны фестываль адмянілі з-за наплыву турыстаў

Ганна Каралёва фінішавала ў лыжным скіятлоне на 34‑м месцы3

Зяленскі: Беларусь уцягваюць у вайну. Гэта будзе вялікая трагедыя37

У расійскай Уфе невядомы з нажом напаў у інтэрнаце на студэнтаў, параненыя шэсць чалавек1

На пажары ў Гродне загінулі тры чалавекі

Ціханоўская: План «Перамога» быў памылкай56

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Швейцарыя выйграла першае золата Алімпіяды

Святлана Ціханоўская назвала любімую страву дзяцінства13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі8

«Не раю на Расію ісці: я спаў ад сілы па тры гадзіны за суткі». Дальнабойшчыкі параўноўваюць заробкі і ўмовы працы ў Еўропе і Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць