Архіў

Віктар Шніп. Храмы

№ 13 (275), 5 красавіка 2002 г.


Віктар Шніп

Храмы

На вуліцы разводзьдзе. На падыржавелым за зіму возе мяне і сястру Валю бацькі вязуць у Дубравы ў царкву хрысьціць. Нашы будучыя хрышчоныя — бацькаў брат Славік і маміна сястра Аля — трымаюць нас на руках, як жывых лялек. Мне пайшоў ужо другі год, але я раву як рэзаны. Бацька злуецца: “Вот ты, Ніна, выдумала нейкую язду ў царкву. Прывезьлі б дахаты папа — і ўсё было б як трэба…” Усе маўчаць, а я раву. Недзе там, за гарою, царква…

 

На Радаўніцу з бабуляй Ганнай адведалі ў Крывічах магілку майго дзеда Міхася. Я, як толькі можа пяцігадовы хлапчук, дапамог бабулі вырваць з грудка траву і пасыпаць яго жоўтым пясочкам. Падфарбавалі абгародку, паклалі каля крыжа некалькі велікодных яек. Дачакаліся бацюшку, які хадзіў па могілках і маліўся за памерлых. Калі сабраліся ісьці дахаты, наляцеў моцны вецер, наўкол пацямнела. Загрымеў першы вясновы гром, узьляцелі з дрэваў, як сухое чорнае лісьце, вароны. “Пабеглі хутчэй дамоў!..” — занепакоіўся я, але бабуля ўзяла мяне за руку і хуценька павяла ў царкву. У Храме было шмат людзей і сьветла…

З бацькам на возе едзем у Гарадок да жыда, здаваць агрэст. Па дарозе распытваю, дзе што і чаму ўсё так, а не іначай. Бацька ў добрым настроі і расказвае мне з ахвотай пра ўсё на сьвеце. Едзем каля могілак. Бацька спыняе каня і вядзе мяне на могілкі паказваць, дзе і хто пахаваны. У самім Гарадку спыняемся каля рэшткаў царквы, бацька мяне заводзіць у сьцены і кажа: “Паглядзі ў неба…” Я гляджу, а ён пытаецца: “Што бачыш?” — “Неба…” — адказваю я. — “А ў небе?” Я маўчу, а бацька кажа: “А там Бог…”

У школе я добра бегаў, і мяне павезьлі на спаборніцтвы ў Ракаў. Прабег нядрэнна. Да аўтобуса дахаты было яшчэ шмат часу, і нам дазволілі пабадзяцца па мястэчку. Наш фізрук некуды сышоў, старэйшыя хлопцы пайшлі піць чарніла, а я застаўся адзін. Куды пайсьці? І я пайшоў у царкву, каб, як мяне вучыла бабуля, паслухаць Божаньку. Зачынена. Далей за хатамі бачыўся высокі прыгожы касьцёл. Падышоў да яго. Дзьверы адчыненыя. Заходжу, а там змрочна і конь з возам, зь якога людзі згружаюць нейкія вялізныя мяшкі. Едучы дамоў, пра сваю вандроўку па Ракаве я расказаў фізруку. А той усьміхнуўся і сказаў: “У касьцёл у мяшках прывезьлі новых грэшнікаў, і цяпер усю ноч будуць зь іх малоць муку. Будзеш грашыць — і цябе зьмелюць…”

У сярэдзіне 80-х, калі людзі перасталі баяцца хадзіць у Храмы, мая сястра Валя папрасіла мяне быць хрышчоным бацькам ейнага сына. Я згадзіўся, і мы паехалі ў Ракаў у царкву. Людзей у Храме не было. І бацюшка, атрымаўшы, што яму на той дзень Бог паслаў, пацікавіўся: “Як будзем хрысьціць младзенца: па поўнай праграме ці па скарочанай?” Майму швагру якраз не выпадала расьцягваць сьвятую працэдуру, і ён згадзіўся на “кароткую праграму”. Гадавалы Сярожа роў у мяне на руках, а я кусаў вусны, каб не засьмяяцца, успомніўшы недзе вычытанае: “Харашо гарланіць. Відаць, камсамольскім важаком будзе…”

Аднойчы ў інтэрнат Літінстытуту да мяне зайшоў Валеры Казакоў, расейскі паэт, які нарадзіўся ў Беларусі. Пагаварыўшы пра жыцьцё-быцьцё, ён прапанаваў: “Паехалі да мяне ў госьці. Я цябе хоць пакармлю нармальнай ежай…” Жыў Валера далёка, на ўскрайку Масквы. Перш чым ехаць да яго, мы вырашылі прайсьціся па вуліцах вячэрняга гораду. Ішлі доўга, і я думаў, што Валера мяне вядзе ў нейкі рэстаран. А прыйшлі ў царкву. Зямляк купіў сьвечкі, і мы іх запалілі за нашу Беларусь. Дома, пачаставаўшы, Валера даў мне пачытаць перад сном Біблію. На той час сьвятыя кніжкі былі рэдкасьцю, і я зачытаўся гадзіны да другой ночы. Хацеў пасьля заснуць, але ня змог — у галаве круціліся словы: “И всё это суета сует и томление духа под солнцем…” У пяць гадзінаў раніцы я апрануўся і, нічога не сказаўшы Валеру, паехаў да сябе ў інтэрнат…

У падмаскоўны Загорск, у Сергіеву лаўру, я езьдзіў на вялікія сьвяты. Апошнім разам паехаў зь Людмілай. Трапілі мы туды якраз празь некалькі дзён пасьля вялікага пажару — гарэлі кельлі манахаў. Залатыя купалы Храмаў, пачарнелыя ад дыму сьцены манаскага будынку, чорныя вялікія вароны на яшчэ чорных голых дрэвах, манахі ў чорным, як цені зь мінулага, і мая Людміла сярод усяго гэтага, як Рагнеда…

У які горад ці мястэчка ні прыеду, першае, што хочацца ўбачыць і куды схадзіць, — гэта Храм. Пасьля чарговага “Сьвята паэзіі ў Ракуцёўшчыне” госьці са сталіцы, у тым ліку і я, ідучы па дарозе да электрычкі, зайшлі ў царкву, каб паставіць сьвечкі па Максіме Багдановічу. Сьледам за намі заляцела сінічка і, пакуль мы былі ў Храме, лётала пад купалам...

Калі жыў у цешчы каля Кальварыйскіх могілак, часта хадзіў зь Людмілай да магілы Янкі Лучыны. Час ад часу заглядалі і ў касьцёл. Не маліліся, бо праваслаўныя, а проста стаялі і слухалі малітвы. Цяпер на Кальварыйскія могілкі ходзім і да Вячаслава Адамчыка зь Яўгенам Куліком…

У Дубравах на руінах Храму ў канцы 80-х, відаць, каб прыцягнуць увагу да разбуранай сьвятыні, нехта фарбай напісаў: “Тут хрысьцілі Янку Купалу!” Але і гэты сьвяты падман не ўратаваў сьценаў Храму…


Каментары

Цяпер чытаюць

«Ты яшчэ не стамілася?» Апублікавалі перапіску Мельнікавай, дзе ёй пагражалі9

«Ты яшчэ не стамілася?» Апублікавалі перапіску Мельнікавай, дзе ёй пагражалі

Усе навіны →
Усе навіны

У Ашмянскім раёне затрымалі злодзея, які краў крыжы і агароджы з могілак1

Шрайбман: Я лёгка ўяўляю беларускае грамадства, якое вяртаецца ў стан 2019 года. Але не ўяўляю ўладу, якая вяртаецца туды ж15

Сілавікі пачалі збіраць ДНК сваякоў тых, хто выехаў з Беларусі7

«Вельмі заклапочаныя». Лукашэнка расказаў, як на ягоныя спробы перамаўляцца з амерыканцамі рэагуюць у Расіі7

Напярэдадні канцэрта ў Варшаве Макс Корж выпусціў новы трэк7

Лукашэнка: Калі ўступіць у вайну з Украінай, Беларусь не зможа ўтрымаць фронт14

Лукашэнка пра магчымасць балатавацца на яшчэ адзін тэрмін: Трампу хутка 80, і ён прыстойна выглядае7

Туск пасля размовы з Зяленскім дапусціў хуткую паўзу ў расійска-ўкраінскай вайне2

Амерыканскі журналіст Шустэр расказаў, як яго ўгаворвалі зрабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам. Нават прапаноўвалі грошы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ты яшчэ не стамілася?» Апублікавалі перапіску Мельнікавай, дзе ёй пагражалі9

«Ты яшчэ не стамілася?» Апублікавалі перапіску Мельнікавай, дзе ёй пагражалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць