Архіў

Калёнка Алеся Бяляцкага

№ 15 (277), 19 красавіка 2002 г.


калёнка Алеся Бяляцкага

Паездка ў Касьцюковічы

Ніколі ня быў у Касьцюковічах. Вечна блытаў іх з Клімавічамі, бо і там таксама ня быў. Урэшце запомніў, як адрозьніваць: у Клімавічах вялікая вінакурня, а ў Касьцюковічах — цэмэнтны завод. І там, і там ёсьць людзі, якія, не зважаючы на перасьлед уладаў, робяць грамадзкую работу. Усе яны былі звольненыя з дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, перабіваюцца хто як можа, але зацяліся і не паддаюцца. Гэткі ж і мой касьцюковіцкі знаёмы, да якога я ехаў літаральна на гадзіну — перадаць “Права на волю”, абгаварыць рэгістрацыю аддзяленьня праваабарончага цэнтру і да ночы пасьпець у Магілёў.

Мы едзем з Бабруйску. Каля Рагачова праяжджаем паварот на Гарадок, за кілямэтар ад якога была сядзіба Бяляцкіх з ладным кавалкам зямлі і вялізным садам, у якой нарадзіліся мой дзед і мой бацька. Цяпер там нічога няма. Толькі ўзаранае поле і зьдзічэлы бэз.

За Краснапольлем пачынаецца чарнобыльская зона. Лес абапал дарогі пазначаны радыяцыйнымі знакамі на слупках. Неўзабаве наперадзе каля закінутых будынкаў сьвінакомплексу паказваецца міліцэйскі пост. Нас спыняюць. Тут даглядаюць усе машыны, каб людзі не вывозілі з забруджанай зоны рэчаў. Але ў нас “газэткі”. Пасьля перамоваў з намесьнікам начальніка Краснапольскага РУУС на прадмет “газэтак супраць прэзыдэнта” два міліцэйскія старшыны атрымліваюць каманду трымаць нас, пакуль не прыедзе галоўны “гаёвы” раёну. Я саромлю міліцыянтаў, а яны шматзначна ківаюць угару.

Я тлумачу, што я рэдактар бюлетэню, што накладныя на яго не патрэбныя, бо ён не прадаецца, а колькасьць выпуску дазволеная — 299 штук. Міліцыянты зь цікавасьцю чытаюць бюлетэнь, пытаюцца, што такое ангельская мова — ці на ёй ангелы размаўляюць? — і чаму тады гэтыя “ангелы” бамбілі Сэрбію. Хто такія габрэі, і ці лічым мы, што выбары былі падтасаваныя.

…Прайшла гадзіна, за ёй другая. У адказ на нашыя пратэсты міліцыянты кожным разам зьвязваюцца з Краснапольлем. Іх супакойваюць — машына выехала, чакайце.

Урэшце зьяўляецца начальнік ДАІ. Пытаньні пра бюлетэнь паўтараюцца наноў. На запыт па рацыі, што з намі рабіць, ён атрымлівае каманду з Краснапольля — вазьмі па адным нумары бюлетэню і адпускай. Сьцямнела. Мы едзем далей.

На наступным міліцэйскім пасту перад Касьцюковічамі нас ужо чакаюць. Хітрая краснапольская міліцыя, каб з намі ня зьвязвацца, перадае навіну суседзям — як кажуць, падкладае ім сьвіньню. Нас зноў затрымліваюць, пакуль не прыяжджае намесьнік начальніка РУУС, а пасьля праводзяць з эскортам у касьцюковіцкую міліцыю. 23-я гадзіна. Прыяжджае неадкладна выкліканы начальнік міліцыі, чытае бюлетэнь, вывучае мае дакумэнты. Зразумеўшы, што прычапіцца да нас цяжкавата, ён просіць, каб я напісаў паперыну, што да касьцюковіцкай міліцыі мы ніякіх прэтэнзіяў ня маем, ды пакінуў нумаркоў са сто бюлетэняў. Мы пакідаем адзін асобнік і ўрэшце дабіраемся да нашага знаёмага. Ён і патлумачыў, што 26-га, на чарнобыльскія ўгодкі, у Касьцюковічы павінен прыехаць Лукашэнка. У сувязі з гэтым міліцыя й узьняла вэрхал.

Уначы па той самай дарозе вяртаемся назад. Пад’яжджаем да краснапольскага міліцэйскага паста. Сыгналім, ніхто не выходзіць. Старшыны, мабыць, сьпяць у сваім будане. Мы самі адводзім шлягбаўм і коцім далей. Зямля просіць дажджу. Над намі зорнае неба, а паабапал дарогі на даляглядах трывожна палымнее сухая трава.

Алесь Бяляцкі

 


Каментары

Цяпер чытаюць

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы1

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына дамаглася, каб мабільны аператар зменшыў ёй рахунак за паслугі ў 10 разоў5

З пачатку поўнамаштабнай вайны Еўрасаюз заплаціў Расіі на 124 мільярды еўра больш, чым выдзеліў на падтрымку Украіны8

Сталі вядомыя падрабязнасці пра двух украінцаў, якія здзейснілі дыверсію на польскай чыгунцы і ўцяклі ў Беларусь11

Памятаеце ўкраінку, якую расіяне прывязалі да слупа? Тыя, хто яе катаваў, за гады вайны амаль усе загінулі. А вось што робіць цяпер яна23

Памідоры па 30 рублёў і хатняя каўбаса па 55: што прадаюць на элітным рынку Валяр'янава1

Літоўскія фуры сутыкаюцца з праблемамі пры выездзе з Беларусі6

Ва ўніверсаме «Суседзі» заўважылі торбачкі з лагатыпам Louis Vuitton ФОТАФАКТ1

Прайшло лёсаванне стыкавых матчаў чэмпіянату свету па футболе5

У Турцыі да 25 гадоў асудзілі адэсіта, які насмерць збіў двух узброеных рабаўнікоў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы1

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць