Лісты ў рэдакцыю
“Тры чарапахі”
замест “Камбата”
Некалі Францішак Багушэвіч на пытаньне “Гдзе ж цяпер Беларусь?” выразна адказаў: “Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець...” І меў рацыю, бо русіфікацыя пры канцы ХІХ ст. яшчэ не дасягнула такіх памераў, як цяпер.
А нашыя вайсковыя гарнізоны – гэта ледзьве не расейскія анклявы на беларускай зямлі. Напрыклад, у 72-м Аб’яднаным вучэбным цэнтры (“Печы”) чужая для беларусаў моўная стыхія падмацоўваецца адшліфаваным у ідэалягічных аддзелах вайсковым пантэонам: Сувораў, Кутузаў, Жукаў etc. Праўда, адраджэньне пачатку 90-х дзе-нідзе пакінула свае сьляды на інфармацыйных стэндах. Але інфармацыя тая проста-такі перагрувашчаная памылкамі, а таксама сярмяжнай сьціпласьцю ў дачыненьні да ўласнай вайсковай гісторыі. Паводле тых стэндаў, беларусы ў мінулым з кім толькі ўдала ні ваявалі: зь немцамі, крымчакамі, французамі, швэдамі, але толькі не з маскалямі. Пра войны з Масковіяй увогуле ані згадкі. Таму ад г.зв. беларускага войска нейкіх прыемных неспадзяванак я ўжо не чакаў.
Аднак дарма. Апошнім часам раз-пораз у якасьці шыхтавай песьні сярод “бацяняў-камбатаў” і іншае лухты можна пачуць NRM-аўскія “Тры чарапахі”. І калі чуеш, як рота жаўнераў штомоцы выводзіць: “Ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе”, пераконваешся, што сапраўдная беларусізацыя можа пачацца толькі зь нізоў. І як тут шмат залежыць ад канкрэтнай асобы, якая здолее прапанаваць і пачаць! Трохі б болей сьмеласьці і настойлівасьці нашым жаўнерам-беларусам, і беларуская песьня, а разам зь ёй і беларуская мова пакрысе адваюе сваё месца пад скупым армейскім сонцам.
Сяржук Салаш, Барысаў
Нашы хаты былі багацейшыя за швэдзкія
Стакгольм з 1 да 8 чэрвеня сьвяткаваў сваю 750-ю гадавіну. У 1252 г. ярл (князь) Біргер заснаваў гэта места – “Паўночную Вэнэцыю”, як яго часам называюць. З нагоды юбілею задарма працавалі ўсе 49 музэяў (звычайна квіток каштуе 50—70 кронаў – 5–7 даляраў). У Старым месьце на 4 пляцоўках з раніцы да вечара ладзіліся канцэрты фальклёрных гуртоў, тут жа кавалі, шкляры рабілі свае шэдэўры, можна было пабачыць рыцарскі турнір, паспытаць страваў народнай кухні. Чаўны вазілі турыстаў па возеры Мэлярэн і па шхерах вакол места. Сваё ўмельства дэманстравалі маракі, вайскоўцы і пажарныя. Уначы адбыліся дыскатэкі і рок-канцэрты. Амаль кожны чалавек на вуліцы меў у руцэ швэдзкі сьцяжок. Сьцягі пазіралі й з усіх прыватных бальконаў.
Ля Каралеўскага палацу можна было ўбачыць прынцэсу Вікторыю, якая вольна гуляла па месьце (згодна з заканадаўствам, каралевай зробіцца яна, а ня ейны брат – бо ён малодшы).
Шмат цікавага ў Стакгольме для беларусаў. Амаль у кожным музэі – Пагоні, бо Жыгімонт Ваза быў адначасова каралём швэдзкім, польскім і вялікім князем літоўскім: у 1655 г. паводле ўмоваў Кейданскай уніі ВКЛ увайшло ў склад Швэдзкай імпэрыі. У музэі “Livrustkammaren” (Каралеўскі цэйгауз) можна ўбачыць залаты ордэн з 16 дыямэнтамі, якім Карл Х узнагародзіў Януша Радзівіла. Як сьведчыць каталёг, да 1913 г. гэты ордэн захоўваўся ў Нясьвіскім замку.
Назіраючы за юбілейнымі сьвяткаваньнямі, не даеш веры, што ў пачатку ХХ ст. Швэцыя была беднай краінай, зь якой у Амэрыку зьехала 25% насельніцтва! Калі параўнаць хаты, у якіх нарадзіліся нашы і швэдзкія клясыкі ХІХ ст., дык у нашых былі лепшыя ўмовы. Нешта здарылася з намі ў ХХ ст. Але прыклад Усходніх Драконаў сьведчыць, што, пачынаючы нават з нуля, можна за 30–40 гадоў адбудаваць краіну, трэба толькі верыць і працаваць.
Андрэй Катлярчук, Стакгольм
Каментары