Наталка Бабіна
Пастка для крата
Заканчэньне. Пачатак у №23—30.
Студэнтка менскае Палітэхнікі Яніна знаходзіць на лецішчы труп невядомага чалавека, а назаўтра ледзь ня робіцца ахвяраю забойцы. З часам высьвятляецца, што да злачынства мае нейкае дачыненьне сусед Мікалай Кержыч. Яніна змушае яго прызнацца: галоўны злачынца — ейны каханак-спэцслужбіст Андрэй, які нібыта расьсьледуе справу. У часе размовы нечакана зьяўляецца забойца. Сытуацыя безвыходная. Ратуюць дзяўчыну сябры, што зьяўляюцца немаведама адкуль. Вось Яніна і думае: адкуль яны пра ўсё даведаліся?
У зямлю запаветную
Размова тая сапраўды адбылася. Гутарылі з Андаракам нейкія людзі, зь якімі Сьлёзка пазнаёміўся ў Менску... Абяцана было яму маўчаньне ў абмен на пэўныя рэчы...
Папойка ў гонар выбаўленьня адбылася ў той самы вечар. Тут мне і расказалі перадгісторыю. Алена і Фабіян распавялі Сьлёзку пра мае прыгоды, Андарака ён пабачыў на дні нараджэньня і зрабіў пэўныя высновы. Пасьля, ад няма чаго рабіць, правёў невялічкае асабістае расьсьледаваньне: там прасачыў, тут пасядзеў у засадзе... Ён жа ў сваім УНСО ўзначальвае аддзел контравыведкі.
Пакуль я біла каханка адкруткай і чакала сьмерці, Фабіян і Тарас бегма беглі з электрычкі, Анупры здымаў з вышак абрэз, а Кержыч ляжаў без прытомнасьці, Алена спакойна дастала з паштовай скрынкі ліст у вялікім пакеце, надпісаным па-ангельску. Гэты ліст павярнуў маё далейшае жыцьцё новым бокам.
Пэўны час таму мы з Зарэмбай паслалі дакумэнты ў Масачусэцкі ўнівэрсытэт — ён набірае замежных студэнтаў. І вось прыйшоў адказ: маем гонар паведаміць, што прапануем пачаць заняткі з новага сэмэстру, які пачнецца празь месяц...
Алена, праўда, вырашыла ехаць не ў Масачусэтс, а ў Львоў, а вось я энэргічна ўзялася афармляць дакумэнты. Новы паварот падзеяў дапамог мне ачомацца і выйсьці з шокавага стану. Толькі часам, калі раніцай бегла куды па справах, мяне агартаў нейкі страх — глядзела на людзей, што ішлі насустрач, і думала: хто зь іх здольны забіць чалавека за крэдыт? Во гэты жаўтаскуры таўстун? Таваразнаўца на абцасах з нафарбаванай мордай? Шэрая настаўніца малодшых клясаў? Лысы пэтэвэшнік? Страх рос, расла агіда, я сыходзіла з тратуару, абдымала першае-лепшае дрэўца, і мяне ванітавала, вывяртала жоўцю...
Я без праблемаў атрымала студэнцкую візу. Баялася, што будзе якая мэдкамісія, але абышлося. І вось я еду ў “Менск-2”. Хутка, хутка я ўздымуся ў чыстае, блакітнае неба, пакіну мінулае так далёка... Разьвіталася з усімі раней — з бацькам, Аленай, нашымі ў групе, Фабіянам, Збышкам і Анупрыем... У цудоўнай адзіноце дайшла да самалёта. Чакае мяне новае жыцьцё, куды ад старога не вазьму я нічога — толькі дзіця.
Так, я чакаю дзіця, і мае прыступы голаду тлумачыліся цяжарнасьцю. Вось чаму мяне ванітавала раніцамі, вось чаму я баялася мэдкамісіі і ўзрадавалася, калі абышлося безь яе.
Напаўпусты самалёт “Белавія” скіраваўся на Шэнан. Эўропа ўнізе, аблокі ўнізе, а я неўпрыкмет трымаюся за жывот. Ён яшчэ зусім роўны, але ў ім жыве маё дзіця. Гэта нічога, што твой бацька — або бессаромны забойца, або бязвольная ахвяра. Нічога, што твая мама-шлёндра ня ведае дакладна, хто твой бацька. Ты будзеш самым цудоўным дзіцём на сьвеце. Сядзі сабе пакуль у маім жываце, а я буду карміць цябе цудоўнай амэрыканскай ежай: малаком бяз стронцыю і пэстыцыдаў, і сокамі, і сьвежай садавіной, якой там заваліся — і ўся па баксе за фунт, і сьвежыной з суседняй крамкі, і стронгай, і далікатэсамі ў кітайскім рэстаранчыку... Ты зьявішся на сьвет у амэрыканскім шпіталі, дзе ні парадзіхі, ні дзеці ня ведаюць, што такое боль. Мы ня вернемся ў Беларусь. Твая мама ня самая дурная і зможа знайсьці сабе працу. Зямлю будзе носам рыць, але атрымае від на жыхарства. Мы будзем жыць у прыгожым доме, і, пакуль я буду працаваць, з табой будзе baby sitter. Я буду пільна выбіраць табе няню і знайду такую, якую ты будзеш любіць, — лепш за ўсё сталую нэгрыцянку, з тых, што так прыгожа рухаюцца. Але мяне ты будзеш любіць нашмат больш. А ў адпачынак мы будзем выбірацца з табой на мора, у Мэксыку... Ты мой цудоўны камячок! Я люблю цябе і ўсё дзеля цябе зраблю! Ты будзеш шчасьлівым, ты будзеш жыць у справядлівым сьвеце, і з табою буду шчасьлівая я.
У Шэнане я перасела на амэрыканскі Боінг. Тут людзей было нашмат больш. Побач села старая мурынка з мноствам чыста прамытых зморшчынак на твары. Яшчэ на зямлі я адчула нейкую млявасьць, а цяпер мне рабілася ўсё горш. Суседка, пэўна, патлумачыла маю спалатнеласьць эмігранцкімі перажываньнямі і ласкава паляпала мяне па руцэ:
— Нічога, нічога. Нью-Ёрк — гэта такі вялікі чыгун, у якім усё перакіпае і выходзіць някепская ежа.
Я адказала ўсьмешкай на яе ўсьмешку і закрыла вочы. Самалёт набіраў вышыню.
Раптам я адчула, як кроў хваляй хлынула з мяне. Цёплая вадкасьць палілася па нагах. Я варухнулася, і пада мною хлюпнула.
— Мэм, — прашаптала я.
Заклапочаны чорны твар нахіліўся нада мной.
— Мэм, здаецца, я губляю дзіця... Што рабіць?
— А божачкі!
Старая жанчына колькі разоў энэргічна націснула кнопку выкліку сьцюардэсы.
Пад намі віднеліся зеленаватыя пусткі Ірляндыі, паплямаваныя белымі кропкамі — безьліччу авечак, якіх па-старому пераганяюць упоперак вострава ў пошуках пашы. Сланцавыя скалы паблісквалі пад сонцам, адлівалі блакітам азёрцы. Як у тумане, бачыла я людзей, што нахіліліся нада мною. Сьцюардэсу, мурынку, нейкага мужчыну, які хутка закасваў рукавы белай кашулі...
Калі хто глядзеў зь неба, бачыў, як вялікі лайнэр, патроху прылягаючы на крыло, рабіў над Ірляндыяй вялікую пятлю, каб зноў сесьці ў Шэнане.
Каментары