Архіў

Бюракраты проці вытворцаў

№ 34 (296), 13 верасьня 2002 г.

Бюракраты проці вытворцаў

Прадпрыемствы Пружаншчыны працівяцца перадачы
пад кантроль расейскага капiталу

У хуткiм часе прадпрыемствы Пружаншчыны могуць перайсьцi ў падпарадкаваньне ААТ “Белавеская харчовая кампанiя”, якое плянуюць стварыць пры актыўным удзеле расейскага капiталу. Гэтая iдэя прыйшла ў галаву Iвану Мазуру, якi раней жыў у тых краёх, а цяпер узначальвае расейскае прадпрыемства “Раснафтагазбуд”. Мясцовыя ўлады — абедзьвюма рукамi “за”, а вось заможныя прадпрыемствы вагаюцца цi актыўна пярэчаць стварэньню “пружанскай iмпэрыi”.

Афiцыйны праект стварэньня “Белавескай харчовай кампанii” надрукаваны сёлета 3 верасьня ў “Народнай газеце”. Яго распрацавала iнiцыятыўная група, у якую ўваходзяць Васiль Дадалка, сябар экспэртнай рады па эканамiчным разьвiцьці пры Саўмiне, Дзьмiтры Галубкоў, прадстаўнiк маскоўскага “Давернага й iнвэстыцыйнага банку”, ды Аляксандар Медавы, вiцэ-прэзыдэнт расейскага банку “Авангард”.

Праект прадугледжвае заснаваньне “вэртыкальна iнтэграванай аграпрамысловай кампанii”, якая аб’яднае ўсе прадпрыемствы Пружаншчыны, зьвязаныя з харчовай вытворчасьцю. У аддзеле эканомiкi пружанскага райвыканкаму патлумачылi так: у кампанiю могуць увайсьцi ўсе прадпрыемствы раёну, не абавязкова тыя, якiя займаюцца вырабам харчаваньня. Галоўная ўмова — каб гэта былi акцыянэрныя таварыствы. Спачатку сем найбуйнейшых прадпрыемстваў павiнны перадаць “Белавескай харчовай кампанii” кантрольныя пакеты сваiх акцыяў, а потым калгасы ды саўгасы Пружаншчыны пераробяць на акцыянэрныя таварыствы і таксама далучаць да “iмпэрыi”. Кампанiя будзе “кiраваць кiраўнiцтвам” — вырашаць, колькi грошай мусіць атрымлiваць адмiнiстрацыя падуладных прадпрыемстваў, каардынаваць іх матэрыяльнае забесьпячэньне ды продаж прадукцыі.

Сумнеўная дзяльба

Па-за напышлiвымi словамi канцэпцыi вымалёўваецца сапраўдны сэнс праекту. Яе стваральнiкi лiчаць, што прадпрыемствы Пружаншчыны працуюць неэфэктыўна з-за таго, што iмi дрэнна кiруюць. Нашмат лепш, паводле канцэпцыi, iмi будзе кiраваць “Белавеская харчовая кампанiя”. У вынiку, агульныя выдаткi на вытворчасьць зьменшацца на 30%, а прыбыткi павялiчацца ў 2 разы за першыя 2—2,5 году. Абгрунтаваньне таму — нейкiя “меркаваньнi экспэртаў”. Плянуюцца таксама “рэклямныя кампанii ў мэдыях”, прыцягненьне iнвэстараў, у першую чаргу з Расеi.

Сыстэма разьмеркаваньня акцыяў новай кампанii проста ўнiкальная: прадпрыемствы, якiя ўваходзяць у яе склад, скiдаюць свае кантрольныя пакеты ў агульную кучу, бо 56,2% так цi йначай атрымлiвае расейскi бок, а пружанскiм працаўнiкам дастаецца вартая жалю рэшта. Склад патэнцыйных расейскiх iнвэстараў такі: 27,2% акцыяў аддаюць невядомым фiзычным асобам, ААТ “Карпаратыўная фiнансавая iнвэстыцыйная кампанiя”, зарэгiстраванае толькi 4 месяцы таму ў Маскве, будзе трымаць 16%, а “Аграпрамысловы банк “Кацярынiнскi” — фiлiя расейскага банку, зарэгiстраванага ў нейкім Цiмашэўску, — будзе валодаць 13% акцыяў. Цiкава, што “Кацярынiнскi” займае ў рэйтынгу расейскiх банкаў 1238-е месца з 1309. Такі склад інвэстараў асаблівага даверу не выклікае.

Смачны кавалачак

Найбольш пасьпяховае мясцовае прадпрыемства — ААТ “Пружанскi малочны камбiнат”. Уваходзiць у кампанiю камбінат не жадае. Ягоны статутны фонд (па стане на 2000 г. без пераацэнкi) складае 1 мiльярд 413 млн. рублёў, а статутны фонд “Белавескай харчовай кампанii” — толькi 32 млн. Аднак камбiнату прапанавалi толькi 6,4% акцыяў. Да таго ж, лiцэнзію на даверчае кiраваньне, адпаведна з пастановай дзяржкамiтэту па каштоўных паперах, выдаюць толькi таму прадпрыемству, якое ня менш за тры гады працуе на рынку каштоўных папераў (а “Белавескую харчовую кампанiю” яшчэ нават не стварылi) i статутны фонд якога не перавышае статутнага фонду прадпрыемстваў, якiмi будуць кiраваць.

“Нашае прадпрыемства — гэта смачны кавалачак для Расеi. I яна жадае прыбраць нас да рук”, — кажа Вiктар Донiк, намесьнiк дырэктара Пружанскага малочнага камбiнату. “Каронная” прадукцыя камбiнату — цьвёрды сыр. Сёлета вырабiлi ўжо 1891 тону сыру. На пружанскі дасканалы “Галяндзкі” даўно зьвярнулі ўвагу беларускія гурманы. Таксама на камбінаце гоняць з малочнай сыроваткi сьпiрт, робяць зь яго алькагольныя напоi. Прадукцыя прадпрыемства ўвогуле карыстаецца добрым попытам.

“Кампанія” абяцае камбiнату выхад на расейскi рынак, але ягоная прадукцыя даўно прадаецца i ў Маскве, i на Сахалiне. “Нашто мяняць шыла на мыла?” — пытаецца сп.Донiк. Ён не выключае й такога варыянту разьвiцьця падзеяў: “Белавеская харчовая кампанiя” атрымлiвае крэдыт у нейкiм банку Расеi пад заклад акцыяў прадпрыемстваў (атрыманьне такiх крэдытаў — адзiн з пунктаў праекту стварэньня кампанii). Акцыi перадаюцца ў якасьцi закладу, i крэдыт не вяртаецца. Пасьля гэтага расейскi банк аўтаматычна робiцца ўладальнiкам адпаведных беларускiх прадпрыемстваў. У найгоршым выпадку ўся Пружаншчына зробiцца вотчынаю замежнай фiнансавай структуры.

Калi галоўная мэта кампанii — дапамагчы пружанскiм прадпрыемствам разьвiвацца, дык чаму б не аб’яднаць у яе толькi добраахвотнiкаў? Дырэкцыя пружанскага малочнага камбiнату прапанавала стварыць “Белавескую харчовую кампанiю” безь яго ўдзелу, але адказам быў цiск з боку мясцовых уладаў. Пружанскi малочны камбiнат фармальна падпарадкоўваецца Берасьцейскай вобласьцi, але мае больш за 2 тысячы акцыянэраў: кантрольны пакет належыць ягоным супрацоўнiкам ды жыхарам раёну. Райвыканкам спрабуе падпарадкаваць яго сабе, каб атрымаць большасьць галасоў на сходзе акцыянэраў ды дамагчыся зьмены кiраўнiцтва камбiнату. Зрабiць гэта паспрабуюць да 4 кастрычнiка, калi мусiць адбыцца ўстаноўчы сход “Белавескай харчовай кампанii”.

Алесь Кудрыцкi


Каментары

Цяпер чытаюць

Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі17

Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі

Усе навіны →
Усе навіны

Мінская пенсіянерка заплаціла выкуп за «арабскага мільянера». Ён развёў яе двойчы3

У алімпійскай чэмпіёнкі Ганны Гуськовай перад Алімпіядай памерла мама1

15‑гадовы акцёр з Гродна з надрывам зачытаў «Гой ты, Русь моя, родная». І справядліва адхапіў ад беларусаў41

Хірург-афтальмолаг расказаў пра першыя сімптомы катаракты3

Забіла мужа і напісала дзіцячую кнігу, каб перажыць гора. Як выкрылі пісьменніцу7

Бабарыка: Я быў кандыдат, зручны для ўсіх беларусаў. Хто быў за Расію, жылі ў міфе, што гэта выгадна Расіі36

У сталічнай паліклініцы на Захадзе-4 апарат МРТ цяпер працуе кругласутачна — можна прайсці абследаванне хоць пасярод ночы4

Скандал у футболе: праз два месяцы ў Сенегала забралі тытул пераможцы Кубка Афрыкі

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі17

Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць