Архіў

Аляксандар Фядута. Фронт за мяжой фронту

№ 37 (299), 4 кастрычніка 2002 г.

Фронт за мяжой фронту

Скончыўся месячнік, які ТБМ прысьвяціла беларускай мове як мове штодзённага побытавага ўжытку. Ідэя была добрая, але атрымалася — ізноў-такі — “як заўжды”. З кім мы размаўлялі па-беларуску, з тымі і размаўляем далей, а з кім па-расейску — з тымі па-расейску. Пры гэтым мае беларускамоўныя знаёмыя толькі ветліва пасьміхаліся, калі я ім нагадваў пра ініцыятыву шаноўнага Алега Трусава. Бо ініцыятыва была сама сабою, жыцьцё ж — само сабою, а сп.Алег апынуўся ва ўжо традыцыйнай сытуацыі, калі лідэр ТБМ прыходзіць на мітынг са скрыняй для ахвяраваньняў у рукох. Хто захацеў — падаў, хто не захацеў — не падаў.

Я не хачу сказаць гэтым, што ініцыятыва ТБМ недарэчная і бессэнсоўная. Таксама я ня маю намеру аспрэчваць права любой грамадзкай арганізацыі вылучаць любыя ініцыятывы. Але хацелася б разумець, чаму ТБМ вылучае ініцыятывы, выніковасьць якіх кепска паддаецца ўліку? Бо самае галоўнае — не прафанаваць ідэі. Калі ідэя робіцца сьмешнай, яна перастае валодаць масамі.

Узьнікае адчуваньне, што нашая грамадзянская супольнасьць у поўным складзе адарвалася ад рэальнага жыцьця. Сьпярша гэта адбылося з партыямі, якія ў большасьці сваёй ня толькі не зьбіраюць складак, але й сыстэматычна ходзяць “налева”, шукаючы “інвэстара”. Дзеля зьнешняга фінансаваньня яны гатовыя ня толькі паступіцца ідэалёгіяй (“Лібэралы направа, эсдэкі налева — разысьціся!”), але яшчэ і працуюць па прынцыпе: “Будзе хлеб, будуць і песьні!” А на ідэю (калі ня Леніна, дык хоць Мілтана Фрыдмана) маглі б папрацаваць і бясплатна.

Пасьля тым самым заняліся прафсаюзы. Пра “свабодныя” казаць ня буду: пішаш пра Генадзя Быкава, а на цябе гарлаюць так, нібы ты пасягнуў на гонар і сумленьне сп.Васіля. Але цяпер гаворка пра сп.Козіка. Гэтаму Козіку ў самы час заўстыдацца: найбуйнейшым наймальнікам у краіне зьяўляецца дзяржава, а Козік добрасумленна адмаўляецца ад барацьбы з гэтым наймальнікам і засяроджваецца на інвэстыцыях і турызьме, як калі б ён быў міністрам эканомікі ці турызму. Зрэшты, справа гэтая ёсьць справай саміх прафсаюзаў. Але ў тую дзірку ўляпалася і моладзь. Навасьпечаны лідэр разагрэтага БРСМ Аляксандар Нахаенка ўслых цьвердзіць пра дзяржаўнае фінансаваньне арганізацыі. Дзіўная рэч: паўтара месяца таму ён якраз і стаяў на чале канторы, якая фінансавалася дзяржавай на ўсе 100%, — Дэпартамэнту па справах моладзі. Але ж пайшоў у NGO! Навошта тады ўдаваць зь сябе NGO, калі ўсё адно фінансаваньне дзяржаўнае?

І, атрымаўшы ад дзяржавы грошы, гэтыя слупы наваяўленай дэмакратыі a-la Lukašenka будуць рэалізаваць свае “абарончыя” мэты, прадугледжаныя статутамі, з аглядкай на крыніцу фінасаваньня. А то ж чым іх спарадзілі, тым і прыбіць могуць. Гэта плата за манаполію на ажыцьцяўленьне абарончых функцыяў. Але і ў прафсаюзьнікаў, і ў маладняку ёсьць хоць нейкая альтэрнатыва: можна выбіраць паміж Нахаенкам і Севярынцам, паміж Козікам і Канахом. А ці ёсьць альтэрнатыва ў сяброў дэмакратычна арыентаваных NGO? Няма! Бо дэмакратычна арыентаваныя NGO закліканыя бараніць інтарэсы сваіх сяброў, а на практыцы іх дзейнасьць зводзіцца да вельмі дзіўных акцыяў. Накшталт, няхай даруе мне сп.Алег, блуканьня па мітынгах са скрыняй для ахвяраваньняў у рукох. А вось выбіць грант не на недарэчную мабілізацыйную кампанію, а на беларускамоўны ўнівэрсытэт сп.Алег ня можа. У гэтым не віна ягоная, а бяда. І бяда ўсёй краіны. Адам Мальдзіс распавядаў мне неяк, што прасіў Сораса: “Не давайце грошы на палітыку, давайце на культуру!” Усё правільна. Давалі NGO грошы на палітыку — цяпер няма грошай нават на культуру.

Пяць гадоў NGO ўспрымаюць сябе як партызанскія атрады ў варожым тыле. Гэта вельмі кепска. Частка зь іх ператварылася ў крыніцы існаваньня для дзеячоў палітычных партый. Гэта яшчэ горш, бо байцы, якія шукаюць грошай у прыфрантавой паласе, ператвараюцца ў марадзёраў. Трэба пакідаць поле бою прафэсійным рэвалюцыянэрам, статкевічам ці лябедзькам, няхай вырашаюць самі, хоць я асабіста бяз жаху і на гэтых глядзець не магу. А NGO хай бы засяроджваліся на пасільных акцыях, строга кантраляваных і асэнсаваных. Так, БАЖ пачаў зьбіраць подпісы за адмену трох артыкулаў крымінальнага кодэксу. Зразумела, навошта, хто і як гэтым займаецца. Ёсьць адказныя. Дасьць бог, будуць і вынікі. І пакуль мне асабіста зразумела, чым займаецца NGO пад назвай БАЖ, я буду плаціць гэтай арганізацыі штогадовыя складкі.

І што дзіўна: калі сапраўды ўзьнікае патрэбная і карысная ініцыятыва — па Курапатах ці па законе пра веравызнаньне — народ зьбіраецца сам, не чакаючы рэгістрацыі чарговага NGO. Можа, так яно і трэба?

Аляксандар Фядута


Каментары

Цяпер чытаюць

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына хацела арандаваць у Мінску стыльную двухпакаёўку за $380, але западозрыла нядобрае

Пяць гучных дыкпік-скандалаў апошніх гадоў12

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць