Лёс гістарычнага цэнтру Менску па ранейшаму застаецца адной з самых балючых нашых нацыянальных праблемаў.
Днямі група вядомых дзеячаў навукі й культуры накіравала адмысловыя лісты ў Адміністрацыю прэзыдэнта, пракуратуру, Камітэт дзяржкантролю і некаторыя мас-мэдыя. Сярод падпісантаў — архітэктары В.Аладаў, І.Іода, М.Кожар, Г.Патаеў, У.Трацэўскі, мастацтвазнаўцы Т.Габрусь, А.Кулагін, філёзафы Э.Дарашэвіч і У.Конан, а таксама гісторыкі, дызайнэры, культуролягі. У прыватнасьці, яны пішуць:
«…На тэрыторыі гістарычнага цэнтру, не зважаючы на прынятыя, у тым ліку раней, дакумэнты аб яго рэканструкцыі, у парушэньне заканадаўства РБ і нарматыўных актаў, якія рэглямэнтуюць горадабудаўнічую дзейнасьць, вядзецца актыўнае разьмяшчэнне і будаўніцтва буйных гандлёвых комплексаў, офісных збудаваньняў і іншых новых аб’ектаў камэрцыйных арганізацый. Ёсьць усе падставы прызнаць наяўнасьць супярэчнасьцяў прававога, працэдурнага і мэтадалягічнага характару па разьмяшчэньні аб’ектаў на тэрыторыі, якая ахоўваецца законам…
…Прыкладаў падобнага стаўленьня да сваёй спадчыны няма ня толькі ні ў адной эўрапейскай сталіцы, але і ні ў адным вядомым гістарычным горадзе сьвету…
…Мы трацім унікальную магчымасьць прафэсійнага і спакойнага вырашэньня пытаньняў захаваньня, рэканструкцыі і разьвіцьця гістарычнага цэнтру сталіцы нашай краіны, абапіраючыся ня толькі на дасканала распрацаваныя сёньня рэстаўрацыйныя мэтодыкі і заканадаўства, але і ўлічваючы вопыт і памылкі далёкіх і блізкіх суседзяў, якія ўжо завяршылі гэтую работу, а таксама свае ўласныя, што дазволіць нам захаваць і аднавіць гісторыка-культурныя каштоўнасьці на абсалютна іншым якасным узроўні і што ў выніку аб’ектыўна выведзе нашу краіну на культурны іміджавы рэйтынг cусьветнага маштабу».
Гэтыя звароты — адказ на пляны рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Менску паводле праекту інстытуту «Менскпраект», які быў ухвалены ўладамі. Аўтары лістоў спадзяюцца на разуменьне ў кіроўных колах. Адказу яны не прычакалі. Але гатовыя працягваць змаганьне.
СХ
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Хочаце жыць доўга — шукайце раён з нармальнымі дрэвамі. Навукоўцы высветлілі, што дрэвы ратуюць ад інфарктаў, а газоны могуць нават нашкодзіць здароўю
Каментары