Архіў

Вораг народу

Расейскія ўлады ненавідзяць ня столькі тэрор і тэрарыстаў, колькі журналістаў, якія наважваюцца расказваць праўду аб яго прычынах.

Гістэрыя па-расейску

Дыпляматычны скандал паміж Беларусьсю й Польшчай ня выклікаў належнай увагі ў Расеі ні СМІ, ні МЗС, да якога спрабавала апэляваць Варшава. Затрымка з прыездам у Менск новага расейскага пасла Аяцкава, выказваньні якога не спадабаліся Лукашэнку, таксама ня выклікала камэнтараў расейскіх афіцыйных асобаў. Ну а тэма беларускіх зьніклых большасьць расейскіх мас-мэдыя не цікавіць даўно…

Інтэрвію на амэрыканскім тэлеканале АВС, якое Шаміль Басаеў даў карэспандэнту расейскай службы «Радыё Свабода» Андрэю Бабіцкаму ў начным этэры, вы-клікала гнеўную рэакцыю расейскага замежнапалітычнага ведамства ў форме адмысловай заявы. У пятніцу 29 ліпеня большая частка галоўнай інфармацыйнай праграмы каналу РТР «Весткі» была прысьвечана асуджэньню паказу інтэрвію тэрарыста.

Здавалася б, адсутнасьць рэакцыі Масквы на неэўрапейскія паводзіны партнэра ў дачыненьні да Польшчы і амаль гістэрычная рэакцыя на зьяўленьне ў амэрыканскім тэлеэтэры Басаева можна калі не апраўдаць, то зразумець. Прынамсі, на гэта разьлічвалі арганізатары прапагандысцкай кампаніі, якую адразу падхапілі беларускія афіцыйныя СМІ. Басаеву прыпісваецца арганізацыя многіх тэрактаў — у тым ліку захоп тэатру на Дуброўцы ў Маскве і Беслан, дзе ў выніку штурму захопленай ваяўнікамі школы загінулі 330 чалавек, у тым ліку 186 дзяцей. А.Бабіцкі, карэспандэнт радыё «Свабода» ў Празе, такім чынам адразу ператварыўся ў несумленнага журналіста, здрадніка ды памагатага тэрарыстаў.

Боязь праўды

Праўда, пераканаўчымі доказамі датычнасьці Басаева да злачынства ў Беслане расейская пракуратура ды іншыя органы ўлады сябе не абцяжарваюць. Яны спасылаюцца на… тэрарыста Нурпашы Кулаева, які цяпер адзін адказвае ў судзе за ўсё, што адбылося ў гэтым асецінскім мястэчку амаль год таму. А гаворачы пра Бабіцкага, расейскія калегі неяк усе разам забыліся на тое, што некалькімі гадамі раней — задоўга да Дуброўкі й Беслану — ФСБ учыніла сапраўдную правакацыю супраць журналіста. Спачатку абвясьцілі, быццам «чэкісты» вызвалілі Бабіцкага з рук «чачэнскіх бандытаў», а потым — быццам ён зьнік пры таямнічых акалічнасьцях. Тым часам яго «прасавалі» ў лягеры для ўцекачоў, трымалі яго ды ягоную сям’ю пад страшэнным псыхалягічным ціскам. І толькі рэзкія пратэсты замежных журналістаў і палітыкаў вымусілі расейскія ўлады выпусьціць карэспандэнта на волю… Тады за свайго карэспандэнта заступілася кіраўніцтва радыё «Свабода», для якога Бабіцкі рабіў рэпартажы, пачынаючы зь першай чачэнскай вайны. Цяперашняе інтэрвію, запісанае ў гарах Каўказу, кіраўніцтва радыё ў этэр выдаць не наважылася. Відаць, збаялася абвінавачаньняў Масквы ў патураньні тэрарызму.

Кампанія АВС падобных комплексаў ня мае. Вядучы праграмы «Найтлайн» напачатку нагадаў слухачам, хто такі Басаеў — «адзін з самых небясьпечных тэрарыстаў у сьвеце, лідэр чачэнскіх паўстанцаў, галоўны вораг Расеі, за галаву якога прызначана ўзнагарода ў 10 млн. даляраў».

Расейскі бок усяляк спрабаваў перашкодзіць выхаду інтэрвію ў этэр. «ABC News» прыняла рашэньне праігнараваць довады пасольства Расеі супраць паказу інтэрвію. «Сваімі дзеяньнямі «ABC News» дэманструе абуральную пагарду да ўсіх стандартаў адказнай журналістыкі, а таксама асноўных чалавечых каштоўнасьцяў», — абураецца расейскае пасольства ў Вашынгтоне. Пра стандарты журналістыкі гаворка яшчэ наперадзе.

Двайныя стандарты Расеі

Што ж да прынятых ва ўсім цывілізаваным сьвеце стандартаў, то ўмешвацца ў праграмную палітыку незалежных мас-мэдыя іншых краін не прыходзіла ў галаву нават савецкім кіраўнікам. Адзінае, што яны маглі супрацьпаставіць заходняй прапагандзе і што сапраўды рабілі, — гэта глушыць замежныя «радыёгаласы». Такое ўражаньне, што, разграміўшы свае незалежныя тэлеканалы, паставіўшы на калені незалежную прэсу ды прылашчыўшы асобных журналістаў, цяперашняе расейскае кіраўніцтва вырашыла паспрабаваць «паставіць на месца» заходнюю прэсу. Не атрымалася.

Зразумела, фэльдфэбэльскім манерам, якім так хутка навучыліся расейскія ўлады ў Беларусі, надаюцца высакародныя матывы. Барацьба зь міжнародным тэрарызмам — што можа больш адпавядаць чалавечым каштоўнасьцям? Праўда, нешта не чуваць, каб Масква была ўстурбаваная тым, каб, напрыклад, дапамагчы Міжнароднаму трыбуналу ў Гаазе знайсьці Караджыча й Младзіча, на сумленьні якіх тысячы жыцьцяў мусульман Срэбраніцы. Што ўжо казаць пра чачэнцаў, жыцьці якіх увогуле нічога ня вартыя… Прынамсі, такая лёгіка прысутнічае ў развагах расейскіх афіцыйных асобаў і дэпутатаў Думы.

А ці можна, дарэчы, прыгадаць заявы МЗС Расеі з нагоды трансьляцыі фрагмэнтаў інтэрвію бэн Ладэна ці іншых дзеячаў «Аль-Каіды» ў заходніх СМІ?

Для таго каб падмацаваць высокамаральную пазыцыю расейскіх уладаў, у расейскім тэлеэтэры гэтым разам былі выкарыстаныя дзіцячы лекар Рашаль, брытанскі прэм’ер Тоні Блэр (ён асудзіў мусульманскіх тэрарыстаў пасьля выбухаў у лёнданскім мэтро!) і нейкі ізраільскі спэцыяліст у галіне антытэрору Ісак Штэрн, які лічыць, што тэрарыстам нельга «даваць пляцоўку» ў СМІ. Добра, што гэты спэцыяліст не вызначае палітыкі Ізраілю ў галіне свабоды слова. Інакш сьвет, у тым ліку і арабскі, ня змог бы бачыць і слухаць інтэрвію ды выступы Ясіра Арафата — чалавека, якога Ізраіль лічыў сваім ворагам нумар адзін, але які мог кантактаваць з журналістамі заходніх і ўсходніх выданьняў і тэлерадыёкампаній нават ва ўмовах «аблогі» ягонай рэзыдэнцыі ў Палестыне.

Інтэрвію з д’яблам

Цікава, што расейскія журналісты на канале РТР некалькі разоў сарамліва агаварыліся — інтэрвію з Басаевым амэрыканскіх (!) законаў і канстытуцыі не парушае. Але ж гаворка, бачыце, тычыцца маральнага боку справы. Лекар Рашаль заявіў, што браць сёньня інтэрвію ў Басаева — тое самае, што некалі было б узяць інтэрвію ў Гітлера. Дапусьцім, у амэрыканскіх і брытанскіх журналістаў не было магчымасьці запісаць такое інтэрвію. Але ў Сталіна заходнія журналісты інтэрвію бралі рэгулярна! Няўжо ім нічога не было вядома пра сталінскія злачынствы — пра раскулачваньне, голад, працэсы над трацкістамі-зіноўеўцамі, ГУЛАГ? Нават калі журналісты ня мелі на руках дакладных лічбаў, наўрад ці хоць адзін разумны чалавек на Захадзе мог сумнявацца ў прыродзе сталінскага рэжыму, заснаванага на татальным тэроры й рэпрэсіях. Ахвярай сталінскіх рэпрэсій быў і чачэнскі народ. Пра што нагадаў, дарэчы, амэрыканскі журналіст, даючы этэр Басаеву. Між іншым, ні тэлевядучы, ні журналіст, які запісваў інтэрвію зь ім, не апраўдвалі й тым больш не ўсхвалялі тэрарызму. Яны проста сумленна выконвалі працу. На Захадзе журналісцкая работа палягае ў тым, каб як мага паўней падаць падзею ці асобу, якая выклікае цікавасьць, закранае пачуцьці й думкі людзей. І праз тое — ня толькі пазабавіць, але й прыцягнуць увагу грамадзтва да болевых кропак сучаснасьці. Толькі так грамадзтва можа вылечыцца ад самых страшных праблем — не адварочваючыся, але пільна ўглядаючыся, спрабуючы зразумець саму іх сутнасьць. У тым ліку праблему тэраразму. Аксіёма? Не для ўсіх.

Параксізм нянавісьці

У Расеі, як і ў Беларусі, праца журналіста ва ўяўленьні ўладаў палягае ў тым, каб не закранаць забароненых тэм, чорнага й белага не называць, ні ў якім разе не гаварыць зь людзьмі, чые словы ці нават самі прозьвішчы могуць быць непрыемныя начальству. Сапраўды, якія эмоцыі можа выклікаць у Пуціна, Патрушава ці рознага кшталту генэралаў спэцслужбаў імя Басаева, якога столькі разоў абвяшчалі забітым, сьмяротна параненым, хворым на гангрэну і гэтак далей, а ён усё яшчэ застаецца на волі?

Што ж такога непрыемнага для расейскай улады сказаў ён у згаданым інтэрвію? Што выклікала параксізм нянавісьці ў Расеі?

«У Чачні я выкарыстоўваю мэтады, якія зьяўляюцца разумнымі і прымальнымі. Ні я, ні мае маджахеды не забівалі дзяцей. Ні тут, ні там. Не было забойстваў», — кажа Басаеў. «Мана!» — крычаць расейскія пракуроры. Гэтаксама яны крычалі пра газ, якім карыстаўся спэцназ на Дуброўцы, — газ, якога нібыта не было, а калі й быў, дык ніхто не атруціўся, а калі й атруціўся — дык гэта прымальныя страты…

А можа быць, вось гэтая цытата выклікала нэрвовую рэакцыю: «Так. Дзеці не вінаватыя. Але адказнасьць ляжыць на ўсёй расейскай нацыі»? Ці гэта: «Калі вайна ня дойдзе да кожнага зь іх, у Чачэніі гэта ніколі ня скончыцца». На пытаньне, ці можа паўтарыцца трагедыя ў Беслане, Басаеў адказвае: «Канечне. Пакуль будзе працягвацца генацыд у Чачэніі, пакуль гэтая разьня ня спыніцца, усё можа здарыцца». Можна ўбачыць за гэтымі словамі патураньне тэрарызму, здраду радзіме. А можна, нарэшце, задумацца над прычынамі таго тэрарызму і над пытаньнем, чым ёсьць сёньня Расея.

Генпракуратура Расеі афіцыйна прызнала факт выкарыстаньня ў Беслане танкаў і ручных агнямётаў аб’ёмнага выбуху. Прадстаўнікі ўладаў настойваюць на тым, што выкарыстаныя агнямёты не маглі выклікаць пажар.

Пацярпелыя ад тэракту ў Беслане падчас суду над тэрарыстам Нурпашом Кулаевым раз за разам паўтаралі ў сваіх паказаньнях, што пры штурме школы №1 вайскоўцы ўжывалі агнямёты «Чмель» і цяжкую тэхніку, у прыватнасьці танкі.

Пракуратура палічыла за лепшае нічога не гаварыць пра фазу штурму, падчас якой былі ўжыты агнямёты, — былі ў гэты час у школе закладнікі ці не. Сьведкі, што выступалі на судзе ва Ўладзікаўказе, паказвалі, што стральба з танкаў была ў той момант, калі яны ляжалі на падлозе спартзалі.

Пракуратура настойвае, што стралялі па школе з агнямёта «Чмель» РПО-А. Літара «А» паказвае на тое, што ў агнямёце прымяняецца зарад тэрмабарычнага дзеяньня, гэта значыць такі, які выклікае аб’ёмны выбух, што зьнішчае ўсё ў памяшканьні аб’ёмам да 90 кубічных мэтраў.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Я быў у такой дупе, але паглядзіце на мяне». Стаўкі давялі беларуса да дна — ён расказвае, як выбраўся назад

«Я быў у такой дупе, але паглядзіце на мяне». Стаўкі давялі беларуса да дна — ён расказвае, як выбраўся назад

Усе навіны →
Усе навіны

Жанчыну з Аўстраліі, якая накарміла сям'ю стравай з атрутнымі грыбамі, прызналі вінаватай. Тады памерлі тры чалавекі1

Блогерку з Мазыра Паліну Зыль асудзілі на год пазбаўлення волі

Памёр Эдуард Герасімовіч1

Здарэнне на фэсце ў Будславе: падчас набажэнства ўпаў дрон — цудам ніхто не пацярпеў2

Дубавец: Сіла Офіса Ціханоўскай у тым, што ён — за ўсіх беларусаў, у тым ліку і тых, якія прарочаць яму «канцы»32

Курсанты Разанскага вучылішча паветрана-дэсантных войск забілі свайго сяржанта, пашкодзіўшы яго парашут18

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я быў у такой дупе, але паглядзіце на мяне». Стаўкі давялі беларуса да дна — ён расказвае, як выбраўся назад

«Я быў у такой дупе, але паглядзіце на мяне». Стаўкі давялі беларуса да дна — ён расказвае, як выбраўся назад

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць