Архіў

Я ў іх веру, іх люблю

Зь Зянонам Пазьняком гутарыць Сяргей Навумчык.

Чытаючы рэпартаж пра родныя Суботнікі («НН», №31), Зянон Пазьняк быў насьцярожаны. Ня любіць ён гаварыць пра асабістае журналістам, бо «шмат пісалі няпраўды, зьдзекаваліся са сьвятога». А Суботнікі, адлюстраваныя ў паэме Зянона «Вялікае Княства», для Пазьняка сьвятыя. І вось рэпартаж прачытаны.

— Ці пазналі Вы сваё мястэчка?

— Так. І быў прыемна ўражаны што рэпартаж вытрыманы ў даволі прыхільных тонах. Заўсёды ёсьць небясьпека, ці спакуса для некаторых журналістаў выкарыстаць такое ў палітычных мэтах, яшчэ раз кінуць камяк з балота ў палітычнага апанэнта. Таму я разумею, што вельмі небясьпечна займацца палітыкай і паэзіяй адначасова. Людзі не аддзяляюць аднаго ад другога. Я — аддзяляю. І калі ўбачыў, што гэтых камякоў якраз няма, а напісана вельмі прыстойна — я быў прыемна ўражаны.

— Здаецца, упершыню ў прэсе былі згаданы некаторыя эпізоды Вашага дзяцінства. Крыся Макаўчук, аднаклясьніца… Памятаеце гэтую Крысю?

— Я памятаю ўсіх аднаклясьнікаў. Для мяне яны ўсе засталіся ў тым ўзросьце, а многіх я ня бачыў па 50, па 40 гадоў, і гэтыя ўспаміны — крыніца добрых уражаньняў. У мяне наагул усіх суботніцкіх ідэальнае ўспрыманьне. Крысю выдатна памятаю. Яе дзявочае імя Грынюк. Я з гэтай Крысяй сядзеў нават за адной партай у 9-й клясе. У нас былі тры Крысі ў клясе. Усе прыгожыя, харошыя.

— Але яна кажа, што не падзяляе поглядаў Пазьняка.

— Крыся? Яна падзяляе мае погляды! Гэта яна журналістам так кажа. Я ведаю суботніцкіх людзей. Крыся ніколі не была маім праціўнікам. Такая ў яе была натура, а натура і за жыцьцё ня зьменіцца, я думаю.

— Яна прыгадвае, што Вы прывязвалі яе косы. Праўда, не ўдакладняе да чаго — да парты ці да дзьвярной ручкі.

— Можа быць, яна перабольшвае… Нас у дзявятай клясе рассадзілі, таму што мы ўвесь час размаўлялі паміж сабой, аб «жыцьцёвых праблемах». Я ня памятаю гэты выпадак дзіцячы наконт косаў. Ну, пакеплівалі адно з аднаго…

— А вось яшчэ — Вы былі ў юнацтве закаханы ў такую гімнастку, Ядзю Шчыкнаву.

— Была такая дзяўчына. Харошая дзеўка… Людзі ў юнацтве трошкі любяць перабольшваць, бо назіраюць, хто на каго глядзіць, хто з кім танцуе, хто кім цікавіцца. Але яны заўважылі, што інтарэс у нас быў з гэтай Ядзяй Шчыкнавай. Юнацкія пагляды былі. Ну але што астатнія людзі вывады робяць праз 50 гадоў — гэта мітатворчасьць.

Там, дарэчы, столькі міталёгіі, што я чытаў рэпартаж зь вялікім сьмехам. Бо шмат такіх міталягічных карцін, якія былі нават не са мной, але мне прыпісаны. Накшталт анэкдоціка, як малы зьвярнуўся да дзядзькі па мянушцы — «дзядзька Хрэн». Гэта сапраўдны быў выпадак, але гэта было не са мной. Гэта было зь іншымі дзецьмі. А прыпісана мне.

— Там яшчэ суботніцкія цытуюць нібыта Вашу фразу «Лепш Лукашэнка, чым безуладзьдзе».

— Усе фразы — а ёсьць яшчэ «Хоць з лучынаю, але будзем жыць самастойна!» — міталёгія. Я такога не казаў. Здараецца, што часам людзі, слухаючы выступ, не заўсёды разумеюць зьмест ідыёмы, але запамінаюць некаторыя фразы. Памяць вырывае фразы з кантэксту — фраза гучыць нечакана. Але я ў гэтым выпадку бачу адпаведную работу. Таму што добра ведаю, як на Івейшчыне, калі я ішоў на прэзыдэнта, блукалі фразы, прыдуманыя ў адпаведных органах. Таму такая міталёгія мае адзіную крыніцу існаваньня, і яна запушчана ў народ маімі палітычнымі праціўнікамі. А «Я сам бачыў, сам чуў» — нічога ня значыць. Людзі не задумваючыся могуць казаць такое, каб пераканаць суразмоўцу, што гэта праўда. І самі пачынаюць у гэта верыць. Таму тое, што апісалі журналісты — яны й самі гэта адчулі, — міталёгія.

Дзівосны дух

— У рэпартажы Вашы землякі настальгічна прыгадваюць колішняе хараство Суботнікаў…

— Суботнікі — дзівоснае месца, нідзе такога на зямлі няма. Яно цяпер зьнішчанае. Там усё разбурана. Мне паказваў фатаграфіі мой сябар — Юзэф Русакевіч… Уся цэнтральная вуліца зьнесена. А ў 1950-х такое было хараство… Млын стаяў, вялікая рэчка! Дзясяткі карпусоў санаторыі ў сасновым лесе. Усё зьнішчылі, усё парасьцягалі, усё згадзілі.

Рака, як млын разбурылі, перасохла. А колісь коні тапіліся, такая была глыбокая. Ідзеш па беразе — рэчка кішыць ад рыбы! І вывучаеш, якія рыбы, бо ўсё відаць… Вада чыстая. У Суботніках жыве нейкі дзівосны дух… Там ёсьць месцы, дзе вельмі добра відаць, як раставаў ледавік, як марэнныя выдмы засталіся. Я ж карты рабіў… Бачна, як рэчышча Гаўі мянялася. Чалавек, які трошкі разумее ў археалёгіі і геалёгіі, можа гэта ўсё ўбачыць. І нідзе — як толькі ў Суботніках — я такога ня бачыў, каб вельмі добра ўсё было відаць. Як заплюшчыш вочы — быццам учора зьнік ледавік, учора высахла гэтая марэнная вада. Калі з вышыні, з узгоркаў глядзіш — гэта дзіўна, бо марэннай прыроды такой, як у Беларусі, нідзе няма. У Амэрыцы, у Канадзе зусім іншы ляндшафт, другое адчуваньне. Тут не было ледавікоў, тут скала выходзіць на паверхню. А віленская прырода — гэта дзівосна! І вось Суботнікі — гэта асаблівая мясьціна, дзе дыхаюць тысячагодзьдзі. І апісаны ў паэме сон — праўда. Я знайшоў гэтыя старыя Суботнікі цераз сон, ля Сіняга Вока. Калі пайшоў туды, калі капнуў рыдлёўкай, толькі ўскрыў гэты дзірван, і пад ім — кафля XVI ст. Мяне як апякло, як токам ударыла! А я ж там у дзяцінстве колькі разоў быў, колькі мы сядзелі там. І ня ведалі, што пад намі, празь дзесяць сантымэтраў, — жывая гісторыя нашага мястэчка.

— Пра Вашы школьныя гады з рэпартажу вынікаюць супярэчлівыя высновы. Вучыўся добра, а вось паводзіны… Вас са школы выганялі?

— Так, і гэта быў кашмарны час, гэтая школа за Сталіным. Часам дзецям помсьцілі за бацькоў. Мая маці была чалавек незалежны, справядлівы. Яна ніколі не паддавалася ні на якія правакацыі начальства, і помсту я адчуваў на сабе. Быў такі выпадак, што ў 4-й клясе маці мяне забрала са школы. Мяне як бы выключылі, а яна забрала і аддавала на «дзядзькаваньне» ў Васілевічы. У дзядзькі там на дзярузе спаў. Каб трошкі пазнаў іншага жыцьця. Потым ужо, як стаў дарослы, мне вядома стала ўся гэтая гісторыя.

Каб не сям’я загінулага на фронце — а гэта ўлічвалася бальшавікамі, — нас бы вывезьлі ў Сібір. Я малы даказваў настаўнікам, што Бог ёсьць, зьдзекаваўся з Варашылава. Дзеці ж ня ўтойваюць свайго стаўленьня. Я дзіцячым розумам неяк рэагаваў на тое, што цяжка яшчэ было асэнсаваць, але з гледзішча дзіцячай справядлівасьці трэба было выказацца.

— Яшчэ кажуць, што Вы праяўлялі фатаздымкі без электрычнасьці з дапамогай сонца — гэта таксама нешта міталягічнае?

— Не, гэта праўда. Была такая дзённая фоталябараторыя. Толькі ня ў хаце, а ў двары. Я зрабіў спэцыяльную лябараторыю пад сонцам, замест электрычнасьці, фільтры ставіліся… Рабілася такая хата, накрывалася чорнай тольлю, рабілася вэнтыляцыя.

— З чым гэта было зьвязана?

Зь перабоямі на электрастанцыі ў Замыславе. Часта летам не было сьвятла, а рабіць здымкі трэба было. Вось і знайшлі выйсьце. І гэта не адзін я так рабіў, многія фатографы, якіх было ў мястэчку шмат.

— Цяпер «Вялікае Княства» выходзіць асобным выданьнем — разам з Вашымі здымкамі розных часоў.

— Суботнікі здымаў з 1950-х. У мяне іх сотні тысяч, а мо і мільёны, гэтых нэгатываў. На вялікі жаль, гэта ня тут, а ў Менску. Некаторыя бракаваныя здымкі, якія я ня выкінуў (бо звычайна брак я рваў), — яны трапілі да мяне. Ёсьць здымкі з 1950-х. Але калі б я складаў гэтую кніжку ў Менску, дык я б зрабіў яе «на ўсю катушку» з пункту гледжаньня фатаграфіі. Таму што зьнята вельмі шмат. І гэта ўжо гісторыя.

Бацька беларускага «ню»

— Вы здымалі ня толькі Суботнікі. Увесну 1996-га мая жонка хацела правесьці ў Менску выставу Вашых фататвораў, якія ў 1970-я зрабілі фурор тым, што ўяўлялі сабой эротыку…

— Не эротыку, а ню. У 1970 г. у Менску перадавым журналістам, фатографам і фотарэпартэрам удалося прабіць выставу сучаснай фатаграфіі. Яна адбывалася ў залі Саюзу мастакоў на праспэкце Скарыны, і там былі 22 мае вялікія фатаграфіі (уся выстава — каля 200 здымкаў). І яе, канечне б, зарэзалі, бо Мінкультуры ўбачыла там крамолу. Там упершыню былі выстаўлены ню, што ў савецкай фатаграфіі абсалютна адсутнічала.

— І гэта былі Вашы ню?

— Якраз толькі мае. Але рэч ня ў тым, я гэтым асабліва не захапляўся. Проста паспрабаваў у фатаграфіі ўсе жанры, усе тэхнікі. Я ведаю некаторыя тэхнікі, якіх у Беларусі ня ведаў ніхто. Цяпер яны ўжо з разьвіцьцём кампутарнай графікі мала патрэбныя.

— Як Вы ў пурытанскія 1960-я ўгаворвалі жанчын здымацца аголенымі?

— Я вучыўся ў мастацкай акадэміі, там былі натуршчыцы, з гэтым не было ніякіх праблем. Іншая справа, што натуршчыца для мастака не падыходзіць для фатографа. Альбо спэцыяльную здымку рабіць, каб пазьбегнуць натуралізму, бо эфэкт можа быць адваротны.

— Значыць, суботніцкіх дзяўчат на тых здымках не было?

— Натуральна! Дык вось, мусілі выставу «зарэзаць», але дапамог выпадак. Калі прымалі экспазыцыю, прыйшоў адзін з кіраўнікоў ЦК КПБ, які цікавіўся фатаграфіяй. Ён ніколі ня бачыў нічога падобнага. Ня ведаў, што такое ізабэль, фотабарэльеф, якім чынам атрымліваецца псэўдасалярызацыя — тыя тэхнікі, якія тады яшчэ мала ўжываліся. А яны на выставе найбольш былі прадстаўлены ў мяне. Ён настолькі ўразіўся, што папрасіў аўтара. Я падышоў, растлумачыў. І ўбачыў, што яму спадабалася. Калі адбывалася абмеркаваньне, першым выступіў міністар культуры і проста растаптаў усю нашу выставу як «антыідэалягічную», заявіўшы, што яе трэба закрыць. І тут гэты прадстаўнік ЦК даў па носе міністру. І вось гэтае самадурства (менавіта самадурства, з такім жа посьпехам ён мог і адваротнае рашэньне прыняць, калі б яму не спадабалася нейкае адно маё слова ў размове) дало штуршок да таго, што выставу дазволілі. Сапраўды, гэта быў фурор — у 1970-м нічога падобнага не было. Было шмат наведвальнікаў. Пасьля гэтага я зрабіў выставу са 120 вялікіх фатаграфій, і гэтую экспазыцыю на працягу двух дзесяцігодзьдзяў хацеў выставіць. За Саветамі мне гэта зрабіць не ўдалося. Яна і цяпер ляжыць у адным месцы, яе твая жонка і зьбіралася выставіць. Цяпер прайшло больш як трыццаць гадоў, амаль сорак… Здымкі састарэлі, пайшлі, відаць, пацёкамі… Ну нічога. Некалі вернемся ў Беларусь — паглядзім.

Каб не ўкладвалі ў рану пальцы

— Якраз вяртаньнем Вашым у Беларусь рэпартаж і завяршаецца. Усе мае суразмоўнікі — і ў Нью-Ёрку, і ў Празе — пытаюцца пра вяртаньне Пазьняка і яго ад’езд. Гэта абрасло такой міталёгіяй, што прыйдзецца выдаваць кнігу пра тую эпапэю з нашым ад’ездам і палітпрытулкам, каб урэшце паставіць кропку.

— Я даўно кажу — трэба выдаваць. Бо калі мы маўчым — гавораць непрыяцелі.

— Хочацца, каб кніга была фактам мэмуарыстыкі, а не палітыкі, бо некаторыя цяперашнія лідэры апазыцыі выявяцца ў зусім непрывабным сьвятле. Ваша зямлячка Марыся Гражынская пераканана, што Пазьняк вернецца. У 2001-м Вы зьбіраліся вярнуцца, калі б Вас зарэгістравалі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты — дзеля гэтага трэба было сабраць сто тысяч подпісаў, але некаторыя былыя паплечнікі зьбіралі подпісы не за Вас. Якая ўмова вяртаньня цяпер?

— Умова зразумелая. Пакуль будзе гэты кагэбоўскі рэжым з Лукашэнкам, вярнуцца будзе немагчыма. І я думаю, што людзі гэта разумеюць. Ва ўсялякім разе, у Суботніках. Мае суботніцкія вельмі талкова гавораць. І Фэлька Балдоўскі, сусед, і Марыся Гражынская. Праўда, Гражынская — гэта вельмі пашыранае прозьвішча, можа, гэта і ня тая жанчына. Была Марыя трошкі старэйшая за мяне, вельмі прыгожая, яна пазьней была сакратаром сельсавету. Можа, гэта яна гаварыла, цяжка сказаць… Прыкладам, з маёй маці Ганнай Пазьняк — ёсьць у Суботніках другая Ганна Пазьняк, дарэчы, сваячка. Таму невядома, пра каго ідзе гаворка.

Але сам зьмест паказвае (і журналісты ў «НН» гэта адлюстравалі): суботніцкія людзі — яны ўсе за мяне. Але ня кожны хоча гэта сказаць голасна, бо пабойваецца. Ці мала што? Гэта такая псыхалёгія асьцярожнасьці, застрашанасьці. Але потым дзесьці, цішочкам, сам-насам (што журналісты заўважылі), яны скажуць, што яны за Пазьняка і за тое, каб ён вярнуўся. Я сваіх людзей ведаю. І я ў іх веру, іх люблю. І гэта ж адлюстравана ў паэме. І што недзе гэта адчулі журналісты — мне гэта вельмі прыемна.

Гэта вельмі шчымлівая размова, і не хацелася пра ўсё гэта шчыра гаварыць у прэсу, каб ніхто ня ўкладваў у раны свае пальцы. Але рэпартажам разварушылі ўспаміны… Во такія, брат, справы…

Прачытаўшы пасьляслоўе Сяргея Навумчыка да асобнага выданьня паэмы «Вялікае княства», дзе будуць вершы і фатаздымкі, Пазьняк запатрабаваў паўсюль прыбраць ягонае прозьвішча, пакінуўшы толькі «Зянон». «Няўжо Вы думаеце, што нехта ня ведае прозьвішча Зянона?» «Ня проста «нехта», а палова чытачоў, а то і болей, ня ведаюць, — адказаў Пазьняк. — І ня трэба, каб ведалі. Палітыка — асобна, паэзія —асобна».

Каментары

Цяпер чытаюць

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння24

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Усе навіны →
Усе навіны

На пажары ў Камянецкім раёне загінулі двое дзяцей

У Расіі мама папрасіла знаёмага ўтапіць сваю 12-гадовую дачку, бо тая кепска сябе паводзіла1

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць14

Схемы, па якіх дзейнічае ГБ. Выйшла расследаванне пра піцерскіх сексотаў ФСБ

Памёр 19-гадовы мінскі міліцыянер15

«Шмону ўжо няма»: як цяпер правяраюць беларусаў на мяжы з Літвой

У самым сэрцы Варшавы пачала сваю працу беларуская крама Vyraj1

«Морды кіслыя. Што з тварам?» Прапагандыст Пуставы зноў раз'юшаны беларусамі25

У Чачэрску правялі паказальны суд над маладзёнамі, якія сарвалі чырвона-зялёны сцяг1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння24

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць