Літаратура1414

Раечка, жывая душа. Каляднае апавяданне Наталкі Бабінай

Доктар Ціхі выразна адчуваў сябе аддзеленым ад міру і ад вайны. І ў чым сэнс жыцця — ведаць ніколі не прэтэндаваў. Але ён працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення ў цэнтральнай раённай бальніцы. Аднак гэта так, рэмарка.

* * *

— Стой! Куда ты? Это ідіотізм! — галасіў здаровы сэнс доктара Ігара Васілевіча Ціхага, загадчыка хірургічнага аддзялення райбальніцы, калі ён праз дзве прыступкі ляцеў па лесвіцы ўніз, да выхаду, куды на інвалідным вазку павезлі Раечку, жывую душу. — Это больше чем ідіотізм! Опомнісь!

— Заткнісь на время, ладно? — кінуў доктар свайму здароваму сэнсу, ірвануўшы ўваходныя дзверы і вырваўшыся на двор.

Марозны вецер падхапіў незашпілены халат, узвіў за спінай нейкай гратэскнай плашчаніцаю, хлопнуў. Раечка ў інвалідным вазку, каля адчыненых дзверцаў недабітага «Фальксвагена», і гэтыя, так сказаць, дзеці каля яе — не ведаюць, як загрузіць маці. З акон аддзялення — доктар ведаў — глядзяць пацыенты.

Доктар перайшоў на крок, хаця і хуткі.

— Везіте мать назад.

Раечка — 70 год, ногі босыя, пастаўлены коса, бо інакш не становяцца, ужо пасінелі ад холаду і ад недахопу крыватоку — глядзіць на ўсё з гэтай сваёй безабароннай усмешкай.

— Везіте, говорю, мать назад.

Дзеці Раечкі – высокі хлопец, які і перабіў маці ногі тры месяцы таму, і дачка (гожая ж, хоць на твары алкагалізм цвіце цветам) — паслухмяна адразу ж завярнулі каталку. Дзецям так было прасцей і лепш. Бо яны, пасля таго як участковы міліцыянер прыгразіў, што калі не забяруць маці з бальніцы, ім не паздаровіцца, а старшыня сельскага савета сказаў, што выпрэ іх нахер у ЛТП, калі маці не забяруць, збіраліся адвезці Раечку зусім не ў іх развалюху, куды, тым не менш, старая жанчына імкнулася, як у рай. І яны добра прадчувалі, што трэба будзе яшчэ ім перажыць сёння: як іх маці будзе крычаць, супраціўляцца, вырывацца з іх рук, калі павалакуць па снезе яе ў дом састарэлых...

А пасля загаду Ціхага ўсё для ўсіх стала прасцей і лепш. Стала правільна, хаця доктар Ціхі пакуль што не да канца быў упэўнены ў гэтым.
Калі вось так развязваюцца праблемы — гэта называецца прынцыпам брытвы Окама.

А здаровы сэнс доктара працягваў галасіць: «Как так? Ты эту асоціальную элементку домой попрёшь? Её, которую-то і в богадельню не стоіт отдавать, самое лучшее, что она может сделать — умереть как можно быстрее… Зачем она тебе, даже еслі она і действітельно мать? Ведь она тебя бросіла, і ты лішь чудом выжіл…»

А ветравыя марозныя сняжынкі ляцелі і ляцелі, а хвоі высокія снежнымі шапкамі нахіляліся над будынкамі ЦРБ, нічога не жадаючы ведаць пра жарсці чалавечыя, а з рэанімацыі ўжо назвоньвалі, жадаючы бачыць доктара Ціхага там неадкладна.

* * *

Ах, Раечка, Раечка.

Калі ж гэта доктар Ціхі западозрыў?

Не тады, калі Раечку прывезлі, і косткі тырчалі з галёнкі.

Доктар Ціхі ў такіх выпадках адразу ператвараўся ў доктара Беспамылковага і адсякаў усё асабістае і лішняе, акрамя дыягностыкі.

— Анэстэзію. Рэнтген. Гіпс.

Не на наступны дзень, калі пачалося запаленне:

— Катэтар, антыбіётык унутрывенна.

Але потым Раечка стала доўгажыхаркай аддзялення — ляжала месяц, пакуль усё зраслося і загаілася, а потым два месяцы яе ніхто не забіраў — і ў доктара Ціхага быў час прыгледзецца.

О, доктар быў фізіянамістам! Прапрацуйце дваццаць год са скальпелем на каруселі людскога болю, і вы станеце.

Раечка біла напавал сваімі вачыма і ўсмешкай — безабароннымі. Сваёй нікчэмнасцю. Сваёй мяккасцю. Жыццё было ў яе бесталковае.

Прагрэс і цывілізацыя прыйшлі ў яе глухую беларускую вёску, і вось у 70 гадоў у Раечкі былі двое дзяцей­алкаголікаў, калгасная пенсія палявода, і сама яна любіла выпіць, і сын перабіў ёй ногі так, што хадзіць яна не зможа ніколі. Нават на ногі не зможа стаць.

І лічыўся за ёй вялікі грэх у кнігах быцця: першага свайго сыночка яна нарадзіла ў дзеўках і падкінула ў дзіцячы дом, а сама з'ехала на цаліну…

А пацыенткі, якія ляжалі з Раечкай у палаце, таксама ставілі дыягназ беспамылкова, і тоўстая «нырачніца» Ніна Іванаўна, суседка па палаце, уздыхнула:

— Што ж, таксама жывая душа...

Многа іх, жанчын, змянілася за тры месяцы ў палаце, і ўсе тры месяцы санітарка Ляля штодня варочала Раечку, каб перасцяліць пасцель, і суседкі ўздыхалі:

— Што ж, таксама жывая душа.

Чаму Ляля — душа маўклівая і моцная, як вада, — варочае Раечку штодзень, хаця па інструкцыі і не абавязаная? Да санітаркі Лялі загадчык заўсёды моцна прыслухваўся.

— Павяртайся ж, халера на цябе, павяртайся, бо здохнеш! — Ляля у выразах ніколі не цырымонілася.

Западозрыў — ды не, атрымаў упэўненасць, як пад дых кулаком, — калі, абыходзячы палаты, — а рабіў ён гэта ў любыя вольныя хвіліны, зноў-такі не па інструкцыі, — затрымаўся за дзвярыма і пачуў Раеччын аповед Ніне Іванаўне:

— І дзе ж ён цяпер, мой сыночку? Прапаў ён, прапаў, як спасаўскае кацяня…

І сэрца доктара тохнула і стала.

* * *

Бо ён быў дзетдомаўскім.

Прозвішча Ціхі Ігар Васілевіч атрымаў у дзіцячым доме, куды трапіў, калі было яму прыкладна два гады.
Век вызначыла спецыяльная камісія, якую збіралі ў такіх выпадках. Што хлопчыка завуць Ігарам, а бацька яго Васіль — пазначана было ў запісцы, а Ціхі — так вырашылі загадчыца і выхавацелька, бо хлопчык не плакаў, не скуголіў і не гаварыў — маўчаў, калі яго знайшлі на ганку, маўчаў, калі мылі, пераапраналі з ягонай кашулькі з абшморганымі рукавамі, маўчаў, калі далі паесці… Таму і Ціхі.

Так ён і вырас, з такім прозвішчам, з такімі звычкамі.

Доктар Ціхі, які штодня рэзаў чалавекаў, быў зацятым матэрыялістам і ведаў, што, згодна з навукай, дзіця пачынае памятаць сябе з трохгадовага веку, не раней.

Але Ігар памятаў, памятаў гэта: грэе сонца, ён у калысцы на полі, кругом зялёнае жыта, над калыскай нахіляецца маладзенькая і самая-самая любімая ў свеце жанчына ў белай хустачцы: «А мой ты сыночку…» — чуе хлопчык прыгожы, поўны любові голас і смех. І грэе сонца.

І за тры месяцы, што Раечка правяла ў давераным яму хірургічным аддзяленні, доктар Ціхі ўпэўніўся: яна, гэтая бесталковая беларуская жанчына з вечна вінаватай усмешкай і цягай да алкаголю — ягоная маці.

* * *

А добра, што апераваў мяне менавіта доктар Ціхі. Пашанцавала.

Доктар Ціхі працаваў у гэтым згустку болю і дабра — цэнтральнай раённай бальніцы — ужо дваццаць год і кожны дзень меў справу з чалавекам як ён ёсць.
І доктар любіў сваю справу, і справа любіла яго. І супрацоўнікі ў яго былі класныя — бо, заўважу у дужках, які ідзе, такіх і сустракае. І чалавекаў сваіх, пацыентаў, доктар глыбока любіў.

Усіх.

І дзеда з панкрэатытам, набытым ад шкодных звычак. Шыкоўны дзед — які пчаляр, які казачнік! Прааперавалі яго ўдала.

І ружавашчокую дырэктарку прыдарожнага рэстарана, на якую напалі рабаўнікі, каб забраць выручку. «Сама не ведаю, як я адбівалася. Толькі знала: грошы ім не аддам, бо вяртаць няма чым, а прымусяць жа, а ў мяне ж дзеткі», — ужо ў гіпсе, з сінякамі на ружовых шчоках, расказвала кабетка на посце медсястрычкам за чаем.

І будаўніка, які зваліўся з верхатуры, бо хацеў утрымаць вітраж, каб не ўпаў і не разбіўся…

І хлопчыка, які пабіўся з міліцыянтам на дыскатэцы.

І таго міліцыянта, да слова.

І тоўстую «нырачніцу» Ніну Іванаўну, аўтарку афарызма «Раечка, жывая душа». Штовечар да яе прыходзіў муж, шчупленькі, разы ў два драбнейшы, і так яны ўжо прыгожанька сядзелі побач на пасцелі, і так ужо той Хведар Хведаравіч заглядаў за сваёй Ніначкай…

А намеснікі міністраў і супрацоўнікі службы бяспекі прэзідэнта сюды, у раённую бальніцу, не траплялі.

* * *

Не, я гляджу, гэты аповед ніколі не скончыцца.

Зараз трэба расказаць пра жонку доктара Ціхага — гэта да яе паехаў наш эскулап, стырно кіравання аддзяленнем пакінуўшы Змітру Сцяпанавічу.

Жонкі ж розныя бываюць, праўда?

І хаця ўсё доктар Ціхі для сябе вырашыў, але да канца не быў пэўны, што паступае згодна з прынцыпам брытвы Окама, і ён мусіў і абавязаны быў атрымаць дазвол ад жонкі, і вельмі хваляваўся, што выяўлялася ў нейкай пустаце пад лыжачкай і трымценні рук.

Святлана спалохалася, пабачыўшы мужа ў працоўны час — такое здаралася выключна рэдка, апошні раз — калі іх старэйшы трапіў пад машыну.

— Што? — прашаптала ціха, устаючы з­за стала.

— Ды нічога, не лякайся. Я хачу ўзяць яе да нас дамоў.

Святлана плюхнулася назад ў сваё крэсла.

Як Вы думаеце, што яна сказала далей? Вылупіла вочы і стала крычаць, што муж здурэў? Адрэзала, што не збіраецца цярпець чужога чалавека ў сваім доме, нейкую старую бязногую алкагалічку? Што яна не наймалася выграбаць гаўно за нейкай бамжыхай? Што яна і так стамляецца, што ў яе няма футра, што кватэра маленькая нават для іх з дзецьмі?

— Дзякуй Богу! — сказала яна.

І гэты выраз палёгкі меў два сэнсы: па-першае, Святлана радавалася, што нічога такі не здарылася з дзецьмі, а па-другое — што маці мужа цяпер будзе жыць пры сыне.

Бо хаця доктар Ціхі і не рашаўся наўпрост расказаць Святлане пра тое, пра што апошні час неадрыўна думаў, але паколькі меў звычку штовечар расказваць пра тое, чым жыў днём, і паколькі Святлана па чуйнасці сваёй да сэрца і розуму каханага мужа магла даць фору самаму найлепшаму сейсмографу, яна даўно зрабіла высновы з расказаў пра Раечку, жывую душу, і чакала толькі, што будзе далей…

Калі Ангеліна Хрыстафораўна заглянула ў кабінет да загадчыцы, каб паведаміць, што дзеці гатовыя, бацькі сабраліся і можна пачынаць ранішнік, Святлана Іванаўна і Ігар Васілевіч стаялі пасярод пакоя абняўшыся і на рыпенне дзвярэй павярнулі заплаканыя твары. Але было ў гэтых мокрых тварах нешта такое прасветленае, што Ангеліна Хрыстафораўна не спалохалася за сваю загадчыцу і яе мужа, а толькі ціхенька прычыніла дзверы. Можна ж трошкі і пачакаць, нікуды той ранішнік не падзенецца…

* * *

А теперь надо ешчё два слова сказать про мову.

— Прічём тут вообшче мова? — абурыцца, напрыклад, нейкі такі Дзімыч.

Мінутку терпенія.

Сколько себя помніл доктор Тіхій — он говорил по-русскі.

В детдоме все говорілі по-русскі.

Все говорілі по-русскі і в медінстітуте.

Але працаваў доктар у райбальніцы, і вось да тоўстых нырачніц, будаўнікоў і дзядоў з панкрэатытам інтэлігент Ціхі звяртаўся на іх мове
— з прыроджанай і набытай павагі да людзей і таму, што разумеў, што найлепш лечыць слова простае, а не крывое, сваё слова.

Помніліся, помніліся доктару беларускія словы ў сонечным цяпле...

Так што мова мае дачыненне да прынцыпу брытвы Окама, дарагі Дзімыч.

Да таго, што гэта правільна, калі гаварыць па-беларуску, як правільна не кідаць дзяцей і прабачаць маці.

Так што давялося і здароваму сэнсу доктара Ціхага ўрэшце перайсці на беларускую мову. Пасля таго як доктар Ціхі канчаткова перайшоў на Раеччыну мову і на планёрках.

Пасля таго як Ігару і Святлане ўдалося падняць маці на ногі.

І намеснікі міністра ды супрацоўнікі службы аховы прэзідэнта, калі сталі трапляць у хірургічнае аддзяленне ЦРБ, лавілі цяпер беларускія словы свайго доктара з надзеяй і пашанай, як і заўсёды ловяць хворыя словы сваіх дактароў, якія вядуць іх да ацалення.

***

Наталка Бабіна. Пісьменніца. Жыве ў Ждановічах (Мінскі раён). Аўтарка рамана «Рыбін горад» і кнігі апавяданняў «Крыві не павінна быць відна».

Каментары14

Цяпер чытаюць

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»11

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

Прарасійскі амерыканскі інфлюэнсер папрасіў апісаць Пуціна адным словам. УСУ адказалі24

Літоўскі міністр расказаў, як вучыўся чытаць па-беларуску з часопіса «Вожык»29

Мінчанін паставіў на дзверы біяметрычны замок — яго выклікалі ў міліцыю3

«А людзей спытаць?» Адны клянуць Лукашэнку за намер ліквідаваць маршруткі, іншыя хваляць10

Беларускі добраахвотнік атрымаў статус інваліда вайны ва Украіне. Гэта першы выпадак, які стаў вядомы3

Жанчына дапамагла беларускаму ўцекачу незаконна перайсці мяжу — праз гэта ёй адмовілі ў польскім грамадзянстве. Што вырашыў суд8

У Маскве забілі і расчлянілі школьніка. Яго парэшткі кінулі ў сажалку12

Трамп, Пуцін, гомасэксуальныя кантакты і іншыя брудныя намёкі — у ЗША апублікавалі 20 тысяч файлаў Эпштэйна36

Два пасажырскія аўтобусы сутыкнуліся пад Мінскам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»11

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць