Меркаванні1111

Беларуская глыбіня. Палацык

Піша Павел Севярынец.

І рабіў ён спадобнае
ў вачах Гасподніх…
І ў лясах пабудаваў
Палацы і вежы.

2 Летапісаў 27:2, 4

Калі вы раптам спыніцеся ў Пружанах на цэнтральнай Савецкай вуліцы, паміж касцёлам і раённай міліцыяй — з парку насустрач вам ціха выйдзе элегантны, шляхетнай асанкі пружанец з яснымі вачыма. Ён прыўздыме шырокі капялюш, павітаецца, і вы адразу здагадаецеся: гэта і ёсць той самы знакаміты Палацык.

Італьянская віла ў мадэрнавым стылі, шляхецкая сядзіба, павятовая ўправа, штаб генерала Гудэрыяна ў 1941, дзіцячы садок, стаматалогія, пустая руіна… — і нарэшце, скарбніца беларускай прыгажосці, згубленая сярод пушчаў. Так, у маштабах ліцвінскай велічы, у параўнанні з палацамі Сапегаў, Радзівілаў ці Пацаў ён сціплы Палацык — і называецца так дагэтуль нават на дарожных указальніках.

У сярэдзіне ХІХ ст. Палацык пабудаваў уладальнік маёнтка Пружанскі ключ Валенці Швыкоўскі. На ягоную замову архітэктар італьянскага паходжання Францішак Лянчы стварыў сапраўднае шляхецкае гняздо, натхнёнае неарэнесансам. Дзяцей маршалак Валенці і ягоная жонка Гермінія не мелі — і ўсю сваю душу ўклалі ў сядзібу, пейзажны парк на восем гектараў і шыкоўны сад — вішні, яблыні, грушы, слівы, чарэшні. За расейскай акупацыяй Швыкоўскія рабілі ўсё, што маглі: адчынілі ў Пружанах грамадскую бібліятэку і народныя школы для вясковых дзяцей, займаліся дабрачыннасцю, ладзілі святы… Сілаў не хапала, і Валенці горка казаў: «Чаго нельга ўкрасці, тое знішчае чужая мова».

Сядзібу Швыкоўскіх наведваў знакаміты Юзаф Крашэўскі, чыё родавае гняздо, Куплін, зусім побач: у многіх з ягоных шасціста тамоў твораў угадваюцца інтэр’еры ды сцэнкі Палацыка. Тут спыняўся і маляваў Напалеон Орда, з чыёй дасканалай графікі можна аднавіць не толькі Палацык ды шыкоўны парк, але і дзясяткі іншых беларускіх сядзібаў. Тут гасцявала і напаўголаса раілася вакольная шляхта.

І ўрэшце, у 1863-м усю гэтую поўную чашу раскошы, прыгажосці і супакою Валенці, быццам рыцарскі кубак, паставіў на кон: узяўся збіраць грошы і лекі для паўстанцаў. Пасля баёў, адчаю, вышуквання каліноўцаў па пружанскіх лясах, катавання палонных і следства Палацык сканфіскавалі за «спрыянне мяцяжу». Высілкамі Гермініі, заступніцтвам уплывовых знаёмых, бясконцымі лістамі сядзібу ўсё-такі вярнулі, але ў 1895-м Швыкоўскія ўсё адно мусілі маёнтак прадаць — сваячцы жонкі Пушкіна Веры Клейнміхель. Некалькі хваляў вайны. Рэвалюцыя. Акупацыі… І над Палацыкам бела-чырвоны сцяг: павятовае староства Другой Рэчы Паспалітай.

Першыя саветы толкам не ведалі, што рабіць з сядзібай. А ў чэрвені 1941-га, пасля разбуральнага нямецкага ўдару, Палацык заняў штаб генерала Хайнца Гудэрыяна, таго самага заснавальніка танкавага роду войскаў у свеце, практыка бліцкрыгаў, які 22 верасня 1939 падчас сумеснага парада з Чырвонай Арміяй перадаваў Берасцейскую крэпасць бальшавікам.

Інтэрнат вучэльні. Аграбіястанцыя. Дзіцячы садок. Стаматалагічная паліклініка… Хто яшчэ мог кватараваць у шляхецкім Палацыку за савецкім часам? Урэшце, горад састарэлага будынка выракся. Развал Саюза Палацык сустрэў пустымі вокнамі.

Аднаўленне і рэстаўрацыю Палацыку дало беларускае Адраджэнне.

Палацык — гэта малады, усмешлівы беларускамоўны дырэктар Юрый Зялевіч, які ладзіць вечарыны ў шляхецкім стылі, «ночы музеяў» і запрашае сюды бардаў ды пісьменнікаў.

Каманда Палацыка з чатырох чалавек робіць сваю справу без вялікіх грошай і без помпы: збірае, захоўвае і шчодра рассявае перад беларусамі даўнія прыгажосці; ладзіць сустрэчы, канцэрты і цэлыя балі, дае пружанцам удыхнуць казачнага водару шляхетнасці, удумлівай інтэлігентнасці, беларускага дома, які натхняў геніяў і эпохі.

Палацык — гэта пакоі, адныя назвы якіх гучаць як музыка: кветкавая зала, паляўнічы кабінет, трафейны пакой, салон. Гэта жырандолі, вялізныя люстры, вырабленыя скуры, крэслы, канапы, камін. Калекцыя керамікі, манетаў, дакументаў. Выстава драўлянай «батлейкі» Мікалая Тарасюка. Палацык — гэта раскошная аранжарэя, «раёк», роўнага якому не было і ў Радзівілаў: будынак на тры коміны, крыты гонтай, з катлом для абагрэву вады — і без малога тысячай раслінаў. Пальмы, агавы, адаліі, апельсінавыя, лімонныя ды васковыя дрэвы, абуцымоны, камеліі, мацыёлы, мірты…

Палацык — гэта 200-гадовы юбілей Крашэўскага і нядаўняя рэспубліканская канферэнцыя, прысвечаная паўстанню 1863 г.

Палацык — гэта неацэнны абраз «Таемная вячэра» з Варанілавічаў, пачатак ХVII ст., залаты век Беларусі, што глядзіць на цябе з паўзмроку стагоддзяў, быццам дванаццаць апосталаў і праўда тут, у пакоі схаванага ў цяні дрэваў Палацыка, сабраліся слухаць Хрыста.

Шляхецкія сядзібы, крэпасці пяшчотнай і празрыстай беларускай красы — не легенды, а сапраўдная гісторыя. І не прывіды ды здані, а малітвы, высілкі волі і Божыя адкрыцці ажываюць для нас, нашчадкаў, у гэтых расчыненых залах, ахопленых водсветамі свечак паркетах і светлых вокнах-вачах. У тыя часы, калі Беларусь баялася Бога, а не ўладароў, калі да вас дахаты пілігрымам заходзіла Евангелле, калі любоў пераплаўляла супярэчнасці, а вера тварыла цуды — у гулкіх, сляпушчых, з высокімі столямі залах адлюстроўвалася вялікае пакліканне.

Палацык — гэта пасланне да кожнага з нас ад тае шляхты, якая не спынілася, не прадалася, не выраклася радзімы пад шыбеніцамі. Сведчанне росквіту, цэласці, моцы, якія напаўняюць да краёў беларускае жыццё і беларускую душу, аддадзеныя Айчыне і Богу.

Павел Севярынец

палітык, пісьменнік. Сузаснавальнік Маладога Фронту, пасля Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Асуджаны на тры гады «хіміі» па справе так званых «масавых беспарадкаў» — так лукашэнкаўцы называюць пратэсты з патрабаваннем дэмакратыі і справядлівасці, што адбыліся ў дзень выбараў 19 снежня. Адбывае пакаранне ў Купліне Пружанскага раёна.

Куплін

Каментары11

Цяпер чытаюць

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме22

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманы журналіст Кірыл Пазняк8

Ці сапраўды цыклічны сон дапамагае выспацца?4

Два прычалы і нафтавы танкер пашкоджаны ў нафтаналіўным порце Прыморск пад Пецярбургам пасля атакі БПЛА3

Расіяне праз газавую трубу заходзяць у Купянск, як колісь у Суджу2

«Усё — хлусня і маніпуляцыі». Спецыялісты рэзка адказалі на істэрыю вакол рэканструкцыі Чырвонага касцёла3

Украіна навучылася лепш супрацьстаяць расійскім «Кінжалам»

Марк Рутэ абвясціў пра запуск спецыяльнай праграмы НАТА для абароны ўсходняга флангу альянсу3

Трагедыя пад Бярозай: як 30 гадоў таму збілі паветраны шар з амерыканцамі1

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме22

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць