Меркаванні1717

Берыя: кара

Камертон Сяргея Ваганава.

Час ад часу некаторыя чытачы папракаюць мяне тым, што, закранаючы з’явы сучаснасці, згадваю тыя ці іншыя выпадкі з дзяцінства. Маўляў, якое яны маюць дачыненне да сёняшніх людзей, падзей і праблем?!

Яно, вядома, так. Але і не так.

Калі, напрыклад, ад 26 чэрвеня 2013 года адгарнуць, бы ў кнізе, 60 старонак-гадоў, абавязкова натрапім на арышт Берыі. І я абавязкова ўспомню, што партрэт Берыі вісеў у «жывым кутку»...

Не, паважаны чытач, што хочаш рабі са мной, але і праз 60 гадоў, нібыта ўчора, я памятаю зарасні бузіны над рэчкай Пціч, цяністы дубовый гай, што называўся «калоннай залай», сыпучы на ўзгорку акопчык, дзе ў вільготным пяску знайшоў алавяную лыжку і спражку ад салдацкага рэменя, руіны касцёла з невядома адкуль заляцелымі бярозкамі, што ўчэпіста нараслі ў расколінах сценаў з разбітай рудой цэглы... І, вядома, барабанны дробат... «труба зовет»... «по долинам и по взгорьям»... марш, марш... уздым сцяга роснай раніцай, вячэрнія вогнішчы, выкладзеныя пяціканцовымі зоркамі, і штодзённыя — фізкультпрывітанне! — піраміды, што будаваліся з нашых лядашчых даўгатрусых целаў...

І раптам Берыя, ангельскі шпіён!

Дык вось, партрэт Берыі ў маршальскім мундзіры вісеў у «жывым кутку». Дакладней, «жывы куток» мы зладзілі ў тым закутку атраднага барака, дзе вісеў партрэт Берыі. Астатнія правадыры віселі паблізу, а Берыя якраз над клеткамі, дзе жылі вожык, чарапаха, два вужы, вавёрка і некалькі трусоў. Мы кармілі іх, даглядалі за імі. А вось да сарачанят Саша, наш важаты, студэнт-біёлаг, не падпускаў.

З гэтымі сарачанятамі адбылася цэлая гісторыя. Ладзячы нашы вайскова-індзейска-тарзанавыя гульні, мы гнулі лукі з дубовых галінаў, вастрылі стрэлы, увенчвалі іх кулямі, што здабывалі з патронаў, балазе такога дабра ў лесе і навокал было навалам. Нават цяжка ўявіць сёння, як высока ляцелі тыя стрэлы...

Аднойчы, спаборнічаючы, мы забілі сароку. Прынеслі да Сашы — глядзі, якія трапныя. Ён узяў сароку, агледзеў і, не сказаўшы ані слова, пайшоў у лес.

Саша кульгаў. Дакладней, цягнуў нагу. Мы ведалі, што хлопчыкам ён ваяваў у партызанскім атрадзе, быў паранены. Яму цяжка было ўзлазіць на высачэзную бярозу, дзе пасярод галля чарнела сарочынае гняздо. Але ён не пусціў анікога з нас, нават самага спрытнага — узлез на дрэва сам і асцярожна зняў гняздо, у якім бездапаможна папісквалі птушаняты. Таксама беражна прынёс да сябе ў каморку і нікога з нас да птушанят не падпускаў. Сам выходжваў сарачанят, даглядаў за імі, а потым, калі падраслі, выпусціў на волю...

Сёння мне зразумелы патаемны сэнс ягонай кары. Бо калі б мы самі выходжвалі птушанят, дык і віну сваю быццам бы загладзілі і як бы заслужылі дараванне... Не, занадта простым было б тое загладжванне віны. І нават не сёння, а тады ж, не ведаю, праз каторае, шостае ці дзясятае, пачуццё ўвайшло ў нас разуменне таго, што грэх забойства загладзіць ніякім чынам немагчыма. Ніякім. І ніколі.

...А партрэт Берыі вісеў у «жывым кутку». Божа, як кідалася вавёрка ў сваёй клетцы, палахліва туліліся адзін да аднаго трусы, калі мы, падсаджваючы самых даўжэзных, намагаліся сцягнуць яго са сцяны. А потым, ламаючы запалкі, выпальвалі яму вочы праз ненавіснае пенснэ, што нават на партрэце блішчэла халодным шклом... Смерць! Смерць шпіёну!..

І зноўку Саша спыніў экзекуцыю, жорсткі дзіцячы самасуд. Адабраў знявечаны партрэт і пацягнуў, кульгаючы, на гаспадарчы двор у цёмны, зарослы дзядоўнікам, падплотны кут, куды звальваліся разнастайныя адходы піянерскага энтузіязму: зламаныя стулы, падраныя мячы, ржавеючыя бездапаможнымі спружынамі ложкавыя сеткі...

Што? Шкадаваць шпіёна?! Мы рынуліся за ім, ён абярнуўся:

— Хлопцы, — сказаў спакойна, — вавёрка галодная...

Не, не жадаў ён, каб мы, пазбаўляючыся страху, спалілі сябе нянавісцю. Бо нам наканавана было жыць і жыць. Можа быць, вечна.

Бо калі хто і мяркуе жыць вечна, дык гэта толькі дзеці і правадыры...

* * *

Дык ці мае дачыненне да сённяшняга жыцця ўспамін пра Сашу, Берыю ды сароку?

Па афіцыйнай версіі, Берыя быў расстраляны 23 снежня таго ж 1953 года. Адразу пасля хуткага, некалькі гадзінаў, квазісуда генерал-палкоўнік Баціцкі па ўласным, гавораць, жаданні стрэліў яму ў лоб...

Рознае гавораць.

Адное толькі хавалася і хаваецца дасюль у тагачасным смуро­дзе злачынных крамлёўскіх гульбішчаў: кара, да якой прыгаварылі Берыю паплечнікі па крывавых справах, мэтай сваёй мела ўвесці людзей, грамадства, народ і нават чалавецтва ў зман ілюзіяй таго, што Зло нібыта пакарана. Ад чаго і карнікі нібыта загладзілі віну за ўдзел у забойствах мільёнаў і заслугоўваюць даравання.

Але за гэтай ілюзіяй канчаткова хавалася адно: пазбегнуць трыбунала над сталінізмам. Назаўсёды.

Ці мо ёсць сумненні, што пачвара жыве?

[email protected]

Каментары17

Цяпер чытаюць

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам13

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам

Усе навіны →
Усе навіны

«Як з пластыліну». Беларуска паскардзілася на смятану ад «Савушкавага»7

Наладчыка станкоў з «Пеленга» асудзілі і абвесцілі «тэрарыстам». Летась на прадпрыемстве была аблава сілавікоў1

Ментусава расказала, што адчувала пасля таго, як яе фэйкавыя здымкі загрузілі на порнасайт26

Расія згодная абмяркоўваць пытанне перадачы ЗША кантролю над Запарожскай АЭС3

Ціханоўскай давяраюць 83%, Латушку — 65%, Пазняку — 13%, Краўцову і Ягораву — па 4%80

У Мінску прадаюць нестандартную 3-узроўневую кватэру. Цана можа прыемна здзівіць2

Ксяндза з Шуміліна Анджэя Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зняволення5

Выйшаў на свабоду палітвязень Андрэй Асмалоўскі

Трэнер жаночай зборнай Беларусі па гандболе: У мяне ў кожнай камандзе былі лесбіянкі. Замілоўваюць спробы гэта рэгуляваць10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам13

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць