Літаратура

Зося Іванюціна. Ясны пераднавагодні аповед

У гэтым аповедзе мне нічога і прыдумляць не трэба. Усё так і было.

Цёмнай марознай раніцай я з цяжкасцю ўлезла ў свой аўтобус №9.

У нас на працы такая завядзёнка — апошні дзень года трэба праводзіць як след. У ладным пакеце я валакла кантэйнеры з салатамі (так, так, з аліўе і селядцом пад «футрам»!), а яшчэ зверху, у празрыстай скрынцы, чакаў свайго трыумфу торт «Графскія руіны».

Ну во! Ледзь-ледзь выбралася з аўтобуса ля метро. Уздыхнула на поўныя грудзі — і…

Жах! Пакет у руцэ быў, а маёй дарагой, маёй каханай жаночай сумачкі — не было! Відаць, слізганула ўніз з рукі

(на руках жа тоўстыя футравыя рукавіцы!). Я стаяла засмучаная, развітваючыся з мілай сумачкай і ўсім яе каштоўным змесцівам. Але нядоўга. Кінулася да абочыны, замахала штосілы рукой. Прытармазіў легкавік.

— Злодзей тваю сумку даўно абчысціў і выкінуў, — сказаў малады кіроўца легкавушкі, і ўсё ж пачаў гонку за аўтобусам.

Мы дагналі яго на наступным прыпынку.

— Сумачку не знаходзілі?.. Колеру кавы з малаком… — кінулася я да кіроўцы.

— Твая?

— Мая!

— Пасажыры перадалі.

Я доўга махала аўтобусу і легкавушцы на развітанне.

На працы павохалi над маім здарэннем. Добра пасядзелі за святочным сталом і разышліся, каб сустрэцца ўжо ў новым, дай Бог, шчаслівейшым годзе.

І вось вяртаюся дамоў. Настрой — пераднавагодні. Раптам чорны безаблічны натоўп распаўся на людзей.

Я ўбачыла сімпатычную дзяўчыну і хлопца, якія стаяць абдымаюцца, каб зручней было чытаць пухлы канспект. Канец года — у студэнтаў час залікаў.

Маладая мама ледзь трымае цікаўнага малога за руку. На ёлку вязуць — Дзеда Мароза абяцалі.

Бабулька асцярожна ступае па ледзяной сцежцы…

А вось у вестыбюлі метро маленькі хлопчык, на ўсе вочы вывучае рэкламнае дзіва. Хлапчук чамусьці у дзяўчынчыных ботах — ружовых, з махрамі, дый на пару памераў большых. Яўна з вёскі прыехаў, у Мінску так, здаецца, ужо не носяць. Але чаму адзін?

…Цягнік метро падышоў да платформы. Што ж мяне спыніла? Міма прабеглі дзве дзяўчынкі, трымаючыся за рукі. І раптам — рэзка павярнуліся і сталі прабірацца праз натоўп назад. У старэйшай, гадоў дванаццаці — твар спалоханы, а малодшая — заліваецца слязьмі. Потым кінуліся ў бок пераходу. Я дагнала іх.

— Што здарылася?

— Янку згубілі, браціка…

— Стойце тут. Я прывяду вашага брата.

Бягом узляцела па эскалатары.

Хлопчык ужо не глядзеў на рэкламу. Ён азіраўся вакол і вочы яго патроху наліваліся слязьмі.

— Янка? Я завяду цябе да сястрычак. Адкуль прыехалі?

— З Вязынкі.

Як хутка высыхаюць у дзяцей слёзы!

Малодшая сястрычка абняла браціка, а старэйшая дала поўху. Што ж, выхоўвае брата… Да платформы падыходзіў цягнік…

Каментары

Цяпер чытаюць

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі11

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі

Усе навіны →
Усе навіны

Таксіст высадзіў з машыны дзіця, якое затым згубілася6

«Я разумею, што можна зрабіць копію красовак…» Расіяне сплагіяцілі мінскі дзіцячы садок4

Келаг назваў два пытанні, якія патрэбна вырашыць, каб зрушыліся перамовы па Украіне11

«Убачыла падэшву — жахнулася»: жыхарка Брэста паказала, што стала з яе абуткам ад «Марка» пасля прагулкі па снезе18

Смяротнае ДТЗ пад Магілёвам: адзін мужчына загінуў, другі ў бальніцы

Былы рэдактар Nexta Ян Рудзік ажаніўся ў Кіеве і расказаў, як пагроза «Арэшнікам» падштурхнула зрабіць прапанову7

Кітай і Расія правялі трэція сумесныя вучэнні па супрацьракетнай абароне ў РФ2

Расіяне масіраваным ударам атакавалі Крамянчуг: у горадзе зніклі электрычнасць, вада і ацяпленне6

Пакаянне за 2020‑ы не дапамагло — канцэртаў «Драздам» не даюць. Гурт спыняе выступы, Карпанаў ідзе ў беларускамоўны стэндап13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі11

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць