Культура33

Ірына Саламаціна: «Нашай краіне вельмі выгадна сімуляваць перад сусветнай супольнасцю гендарную роўнасць»

Каб лепш разабрацца ў працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве, яна праслухала курс дзвюх магістратур — па гендарных і візуальных даследаваннях. Яна сцвярджае, што ў свеце, які ўсё больш глабалізуецца, размовы аб прыродзе полаў з’яўляюцца тупіковымі. У гутарцы з Ірынай Саламацінай, кіраўніцай лабараторыі гендарных даследаванняў ECLAB, спрабуем высветліць, наколькі моцныя гендарныя стэрэатыпы ў нашым грамадстве і хто больш за ўсё пакутуе ад дыскрымінацыі па палавой прыкмеце. Ці праўда, што жанчыны атрымліваюць менш за мужчын за адну і тую ж працу, і чаму так імкліва «маладзее» мужчынская смяротнасць? Наколькі рэальна даказаць у нашых судовых інстанцыях факт дыскрымінацыі і чаму ў Беларусі больш за дзесяць гадоў не могуць прыняць законы аб гендарнай роўнасці і абароне ад хатняга гвалту? Чарговая серыя праекта «Будзьма беларусКамі!»

— На адной з канферэнцый у Літве мне расказалі, як у іх правяраюць эфектыўнасць укаранення сацыяльных праграм: калі за тры месяцы ўдалося памяняць стэрэатыпы людзей на зададзеную тэму, то праведзеная праца лічыцца паспяховай. Жывучы ў Мінску і назіраючы за рэалізацыяй нашых шматлікіх планаў па гендарнай роўнасці, я не магу назваць ніводнай паспяховай сацыяльнай кампаніі, якая змяніла б стаўленне да дыскрымінацыі па прыкмеце полу ці хаця б заахвоціла нашых людзей звярнуць увагу на гэтую праблему.

— Чаму вы прыходзіце да такой высновы?

— Я мяркую па выніках апытанняў, якія рэгулярна праводзяцца ў нашай краіне ў рамках праграм па дасягненні гендарнай роўнасці. Аднак больш паказальная сітуацыя з хатнім гвалтам, статыстыка па якім стабільна высокая. І гэта пры тым, што праграма па дасягненні гендарнай роўнасці існуе ў нашай краіне з 1993 года, а праграма па барацьбе з хатнім гвалтам — з 1996. Гэта значыць, што дзейнасць, якая ажыццяўляецца МУС сумесна з ААН і жаночымі арганізацыямі ў рамках гэтых праграм, да гэтага часу не прыносіць патрэбнага эфекту.

— У чым жа рэч? Чаму намаганні такіх уплывовых структур аказваюцца марнымі?

— Перш за ўсё таму, што ў свядомасці нашых грамадзян бытавы гвалт не з’яўляецца праблемай. Апошнія сацдаследаванні Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) кажуць пра тое, што і мужчыны, і жанчыны лічаць, што нічога страшнага няма, калі муж і жонка на кухні пабіліся, маўляў «мілыя лаюцца». Але давайце такую ж сітуацыю ўявім не паміж мужам і жонкай, а паміж незнаёмымі людзьмі на вуліцы: калі мужчына ўдарыць жанчыну, то справа хутчэй за ўсё дойдзе да міліцыі, і мужчына панясе адказнасць па поўнай праграме. Чаму ж для такой самай сітуацыі ў сям’і прыдумляюцца нейкія апраўданні? Сёння мы можам казаць пра тэндэнцыю: у нашай краіне высвятленне адносін у сям’і з дапамогай рукапрыкладства сацыяльна ўхваляецца, то бок гэта лічаць нормай!

— Як такое можа быць у сучасным грамадстве?

— А хто сказаў, што грамадства ў нас сучаснае? Калі добра прыгледзецца, то можна выявіць вельмі шмат стэрэатыпаў у людзей. З аднаго боку, стэрэатыпы патрэбныя: яны дазваляюць нам хутка рэагаваць, калі розум не жадае ўключаць аналітычныя функцыі. Але пры гэтым стэрэатыпы вельмі хутка старэюць, бо жыццё развіваецца імклівей, чым яны выпрацоўваюцца.

Вось, напрыклад, адзін з самых распаўсюджаных стэрэатыпаў: маўляў, інтарэсы жанчыны — выключна сям’я і дзеці, менавіта для гэтага яе прырода-матухна і задумала. Гэтая мадэль паводзінаў жанчыны была актуальная ў дакапіталістычныя часы, калі сем’і былі вялікія, дзяцей шмат, і менавіта сям’я выступала адзінай эканамічнай адзінкай з пэўнымі і раўназначнымі падзеламі роляў і абавязкаў, ды і ўмовы жыцця не такія камфортныя былі, як сёння. Тады жанчыне патрабавалася шмат часу і сіл, каб забяспечваць і падтрымліваць побыт сваёй сям’і, пакуль мужчына знаходзіўся па-за домам. Але вытворчасць ужо даўно аддзялілася ад дому і перамясцілася ў сферу аплатнай працы. І хіба можа жыццё сучаснай жанчыны вычэрпвацца мадэллю «калыска-кухня-ўборка»? Безумоўна, не. Але стэрэатып жывы, у масавай свядомасці асноўны «карміцель» — мужчына, і гэта накладае адбітак на сістэму аплаты працы. Жанчына лічыцца ў працадаўцаў ненадзейным работнікам, бо можа зацяжараць ці ў яе могуць хварэць дзеці. Таму па статыстыцы жанчыны ў РБ атрымліваюць на 25-30% менш за тую ж працу, чым мужчыны.

— Складваецца ўражанне, што ад гендарнай няроўнасці больш пакутуюць жанчыны, яны ж часцей робяцца закладнікамі састарэлых стэрэатыпаў. Мужчыны ў нашай краіне ў гэтым плане ў больш бяспечнай сітуацыі?

— Зусім не. Яны таксама могуць падвяргацца дыскрымінацыі. Існуюць прафесіі, якія ў нашай краіне могуць выконваць толькі мужчыны. Як правіла, яны звязаныя з цяжкай або небяспечнай працай. З аднаго боку, гэта падаецца лагічным — абарона жанчыны як будучай маці. Але пытанне ў тым, што жанчына без мужчыны нарадзіць не здольная, тады чаму дзяржава не клапоціцца пра здароўе мужчын? Можа, трэба не дзяліць прафесіі на мужчынскія і жаночыя, а падумаць аб укараненні тэхналогій, якія зрабілі б умовы працы больш бяспечнымі?

Калі мы ўводзім спіс таго, што забаронена жанчынам і дазволена мужчынам — вось гэта дыскрымінацыя па нашай Канстытуцыі, прычым ад яе абодва полы пакутуюць. Калі ж казаць пра мужчынскія стэрэатыпы, мы ўжо пажынаем горкія плады аднаго з іх, я маю на ўвазе раннюю смяротнасць нашых мужчын. Нядаўна памерлы Пётр Марцаў (52 гады) — не выключны выпадак, на жаль. Калі мы паглядзім статыстыку за апошнія 20 гадоў, то мы ўбачым, што мужчынская смяротнасць у Беларусі маладзее. У параўнанні з 2000 годам каэфіцыент смяротнасці мужчын вырас і пераўзыходзіць аналагічны паказчык для жанчын. І хіба нехта абмяркоўвае гэтыя катастрафічныя дадзеныя?

У Беларусі перманентны эканамічны крызіс, і мужчыны, залучаныя ў рынкавыя адносіны, вымушаныя не шкадуючы сябе выконваць ролю «карміцеля». Пры гэтым ёсць стэрэатып, што «мужчыны не плачуць, румзы непатрэбныя», і ніхто іх не вучыць, што трэба сябе берагчы, не заахвочвае і не заклікае звяртацца да доктара рэгулярна. Чаму ў нас не ўкараняецца ў грамадскую свядомасць думка, што клопат мужчыны пра сябе — гэта клопат пра сваіх дзяцей, іх будучыню, што ігнараваць уласнае здароўе для мужчыны — гэта не паказчык яго сілы і падстава для гонару, а поўная безадказнасць у дачыненні да сваёй сям’і?

— Давайце ўявім, што некаторыя грамадзяне нашай краіны ўсвядомілі, што сталі ахвярай дыскрымінацыі, і вырашылі аднавіць сваё канстытуцыйнае права на гендарную роўнасць. Як яны могуць гэта ажыццявіць?

— Усё вельмі складана. На адной праграме мне давялося абмяркоўваць праблему гендарнай няроўнасці з намесніцай старшыні Канстытуцыйнага суда. Яна сказала, што судовымі органамі прызнаецца факт шматлікіх парушэнняў правоў нашых грамадзян падчас прыёму на працу. Вось вельмі паказальны прыклад: у нас па Канстытуцыі кожны мае права атрымаць працу па-за залежнасцю ад узросту, полу і месца жыхарства, але калі пачытаць аб’явы аб вакансіях, то выявіцца прыкладна наступнае: «На вакансію менеджара патрабуецца мужчына 30-45 гадоў, з вышэйшай адукацыяй, з мінскай прапіскай». У гэтай аб’яве ёсць адкрытая дыскрымінацыя па трох прыкметах — узросце, поле і месцазнаходжанні.

Канстытуцыйны суд выявіў гэтую праблему і даручыў Палаце прадстаўнікоў унесці шэраг дапаўненняў у дзейнае заканадаўства. Дэпутаты прынялі Закон № 94-З аб унясенні дапаўненняў і змянення ў Закон РБ «Аб занятасці насельніцтва», аднак з нейкіх прычынаў забыліся ўнесці дапаўненні ў Працоўны кодэкс. Гэта значыць, што нават калі чалавек выйграе суд і дакажа, што яго правы парушаныя, то ў дачыненні да парушальніка ніякіх санкцый не будзе, таму што ў Кодэксе РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях няма прыдатных для гэтага нормаў (іх не прапісалі), а значыць, пытанні адказнасці за дыскрымінацыю па-ранейшаму застаюцца неўрэгуляванымі.

— Гэта звязана з няўзгодненасцю працы судовай, заканадаўчай і выканаўчай галін улады?

— Беларускае заканадаўства, накіраванае на прадухіленне дыскрымінацыі, улічвае далёка не ўсе праблемы, звязаныя з дыскрымінацыяй як сістэмнай з’явай, таму ў цяперашні момант не можа ў поўнай меры садзейнічаць іх ліквідацыі. Гэта звязана з адсутнасцю законаў, якія строга рэгламентуюць пытанні гендарнай роўнасці. Надзея Цыркун, будучы ў свой час дэпутатам другога склікання, лабіравала прыняцце закона аб прадухіленні хатняга гвалту. У сваіх інтэрв’ю яна казала, што такімі праблемамі дэпутаты не хочуць займацца, бо сацыяльная сфера ў нас дрэнна фінансуецца, ды і актуальнасці пытання дэпутаты асабліва не адчуваюць. Кожнаму новаму скліканню даводзілася тлумачыць усё спачатку, трэба нанова ўгаворваць і агітаваць за прыняцце закона аб прафілактыцы хатняга гвалту, але ўсё яшчэ безвынікова.

У нас з 1996 года абмяркоўваюць мэтазгоднасць прыняцця законаў «Аб забеспячэнні роўных правоў і магчымасцяў мужчын і жанчын» і «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту». З іншага боку, прыняцце законаў аб гендарнай роўнасці і абароне ад хатняга гвалту пацягне за сабой істотнае змяненне нашага заканадаўства. У МУС выдатна разумеюць, што калі прыняць закон, то трэба выпрацоўваць нейкі механізм яго рэалізацыі, і старую прававую базу трэба перарабляць, а рабіць гэтага ніхто не хоча. Акрамя таго, у праваахоўных органах працуюць людзі, у якіх сваё ўяўленне пра значныя і нязначныя справы. Ёсць эканамічныя крадзяжы ў асабліва буйных памерах, а хатні гвалт можа і пачакаць. Аднак статыстыка па гвалце высокая, і даваць справаздачу міжнароднай супольнасці трэба, таму нашым праваахоўным органам даводзіцца перыядычна праводзіць прафілактычную працу, бо МУС з’яўляецца партнёрам ААН і ўдзельнічае ў рэалізацыі кампаніі «Разам скончым з гвалтам у дачыненні да жанчын».

— Каму і навошта наша краіна павінная даваць справаздачу за праведзеную працу?

— Па-першае, Беларусь спрабуе інтэгравацца ў сусветную прастору і не адставаць ад глабальных сацыяльна-палітычных трэндаў. Акрамя таго, наша краіна ратыфікавала досыць шмат канвенцый, напрыклад, па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Калі краіна прызнае наяўнасць праблемы, яна павінная даваць справаздачу міжнароднай супольнасці за праведзеную працу. А наўзамен атрымлівае досыць вялікія краіназнаўчыя траншы на рэалізацыю праграм, напрыклад, гранты фонду ААН па барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын у памеры 1 млн долараў. У рамках адной такой справаздачы па рэалізацыі гендарнай палітыкі міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна расказвала пра планы гендарнай роўнасці, якія рэалізуюцца ў РБ, і згадала пра дыскрымінацыю ў пытаннях аплаты працы і пра тое, як дзяржава гэтую праблему вырашае. Камітэт CEDAW (Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын) уважліва яе выслухаў, а потым нагадаў, што яны ўжо давалі рэкамендацыі па выніках разгляду мінулай справаздачы, аднак законы не прынятыя, юрыдычная практыка не адпрацоўваецца праз суды, у плане выраўноўвання аплаты працы назіраецца стагнацыя. І Мар’яна Шчоткіна зрабіла як добры палітык: яна сказала, што мы прызнаем свае памылкі, гатовыя вучыцца, і папрасіла падказаць, як мы можам сітуацыю палепшыць. Разумееце, з вуснаў міністра гэта гучыць прыгожа. Пасля гэтага перформансу асобна ўзятай жанчыны-міністра камісія засталася задаволеная, а гэта гарантыя таго, што фінансаванне сацыяльных праграм будзе працягнутае.

Усё гэта вялікая палітычная гульня, і мы ў ёй удзельнічаем, таму што нашай краіне не хапае ўнутраных сродкаў на вырашэнне сацыяльных пытанняў.

— А на што хапае, што ў нас у прыярытэце?

— У нас вельмі моцна раздзьмутыя мілітарысцкія структуры, незразумела для чаго. Для мяне дзейнасць МУС — яшчэ адна балючая тэма, бо гэтая структура вельмі моцна тармозіць рашэнне гендарных пытанняў, а ў некаторых выпадках сама парушае правы грамадзян. Да прыкладу, МУС цалкам незаконна абмяжоўвае паступленне жанчын у свае навучальныя ўстановы. У 2010 годзе прахадны бал у Акадэмію МУС РБ на факультэт міліцыі па спецыяльнасці «Эканамічнае права» для асоб мужчынскага полу быў роўны 165, жаночага — 340 для гараджанак, 248 для сяльчанак. У 2013 годзе на спецыяльнасць «Судовая экспертыза» для юнакоў быў 161 бал, для дзяўчат — 285. У мяне была ідэя напісаць ім адкрыты ліст з патрабаваннем пракаментаваць сітуацыю з дыскрымінацыяй на ўступных экзаменах, але як прыватнай асобе яны не абавязаныя мне адказваць. Сярод жаночых арганізацый я не знайшла ніводнай, якая пагадзілася б мне паспрыяць у гэтай задуме. Відавочна, яны не палічылі разумным «сварыцца» з праваахоўнымі органамі, якія, дарэчы, з’яўляюцца партнёрам агенцтваў ААН у рэалізацыі праграм па дасягненні гендарнай роўнасці!

— Як ідуць справы з гендарнай роўнасцю ў нашых еўрапейскіх суседзяў і наколькі яны гатовыя дапамагаць нам вырашаць гендарныя праблемы?

— У ЕС адштурхоўваюцца ад таго, што індэкс гендарнай роўнасці і індэкс чалавечага развіцця — гэта цесна ўзаемазвязаныя паказчыкі і што абедзве гэтыя велічыні вызначаюць патэнцыял чалавечага развіцця ў цэлым у краіне і свеце. Адпаведна, грамадства, зацікаўленае ў сваім прагрэсе, абавязанае думаць пра захаванне нормаў роўнасці полаў. У Еўропе гэта вельмі выразна працуе, прычым як на заканадаўчым, так і на выканаўчым узроўні. Больш за тое, там існуе такая тэндэнцыя, што любую дзейнасць арганізацыі, любы закон можна апратэставаць на прадмет магчымай гендарнай дыскрымінацыі. Гэта значыць, грамадства спрабуе глядзець наперад і прагназаваць наступствы прыняцця той ці іншай праграмы або ініцыятывы. Безумоўна, гэта найвышэйшы пілатаж, і такія рэчы могуць сабе дазволіць толькі багатыя краіны, напрыклад, Швецыя, бо любыя сацыяльныя эксперыменты з’яўляюцца дарагімі мерапрыемствамі.

Што да падтрымкі ў вырашэнні праблем гендарнай няроўнасці, то дапамога нам, безумоўна, аказваецца. Але міжнародная супольнасць чакае і ад нас большай ініцыятывы ў гэтых пытаннях і канкрэтных прэцэдэнтаў, калі людзі публічна адстойваюць свае правы і перамагаюць сістэму. Сумесна з Хельсінскім камітэтам мы рабілі даследаванне па наяўнасці дыскрымінацыі ў РБ, і ў яго рамках прапаноўвалі людзям, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй, паспрабаваць адстаяць свае інтарэсы ў судзе. Але для чалавека гэта можа быць вельмі траўматычна, і многія аддаюць перавагу таму, каб змагацца за свае правы, не выносячы гэтыя працэсы на ўсеагульны агляд.

— Як псіхалагічна мяняюцца людзі, калі адчуваюць дынаміку ў вырашэнні пытанняў гендарнай роўнасці? І што будзе з нашай краінай, калі мы не прасунемся ў вырашэнні гэтых пытанняў?

— Любы чалавек адчувае сябе псіхалагічна больш камфортна, калі ведае, што на варце яго інтарэсаў стаіць закон і перад гэтым законам усе роўныя. Невыпадкова сёння ў свеце так заўзята адсочваюць гендарную дыскрымінацыю і імкнуцца яе папярэдзіць. Усё гэта робіцца для таго, каб людзі, па-за залежнасцю ад полу, узросту, сацыяльнага паходжання, якіх-небудзь фізічных асаблівасцяў, адчувалі сябе камфортна і маглі працаваць з найвышэйшай прадуктыўнасцю. Нам час ужо вызначыцца, ці хочам мы быць сапраўды сучаснай, дэмакратычнай краінай, ці нам больш звыкла і зручна жыць з састарэлымі і стэрэатыпнымі ўяўленнямі пра жыццё. Ад гэтага выбару залежыць тое, наколькі прагрэсіўнымі будуць нашы законы, а нашы грамадзяне — менш канфліктнымі і закамплексаванымі, наколькі нам будзе камфортна жыць і працаваць у сваёй краіне, а не шукаць лепшага жыцця за яе межамі.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»9

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

Усе навіны →
Усе навіны

У Гродне каларытнага вулічнага музыку папрасілі пакінуць цэнтр горада. А разам з ім і іншых рамеснікаў13

У Мінску больш не дадуць зямлі пад будаўніцтва прыватнікам4

У кастрычніку самы дарагі дом у Беларусі купілі ў закрытым пасёлку каля Мінскага мора1

«Фуры расцягнуліся на кіламетры. Стаяць уздоўж дарогі — проста, бокам. Стаяць у полі». Відавочца расказаў пра сітуацыю перад «Каменным Логам»11

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»10

Адна з беларусак, пацярпелых падчас ДТЗ у Тайландзе, у цяжкім стане

На Беларускай чыгунцы аднаго з супрацоўнікаў затрымалі за нібыта спрыянне кантрабандзе цыгарэт3

Прэм'ер Літвы прыехала на беларускую мяжу15

Як выглядае старажытны беларускі човен1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»9

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць