«Схаваныя мясціны» Мінска — ФОТЫ Міхала Залескага
Міхал Залескі — вядомы беларускі эканаміст.
Але ягоная старонка ў Фэйсбуку адметная іншым.
«Мой Менск, — піша ён, — застыў у канцы 50-х пачатку 60-х і ў ім няма людзей, амаль што; мне, ва ўсякім разе, тубыльцы сустракаюцца вельмі рэдка і тое, мабыць толькі тыя, што на блізкай тэмпаральнай хвалі існуюць».
Уласна, самае блізкае Залескаму — не Мінск. А «да-мінская» прастора.
Вёскі вакол Мінска калісьці былі беларускім морам: ментальна, моўна, этычна. Залескі на тым моры вырас.
Нарадзіўся ён на Браслаўшчыне. Ягоны тата быў патрыётам. Таму калі яны пераехалі ў Мінск, дзе беларускамоўных школ не было, Міхала адправілі ў беларускую школу ў Кунцаўшчыне…
Мора таго больш няма, яго «засыпаў» Мінск — рускі, па вялікім рахунку, усё яшчэ рускі горад Мінск. Ад «мора» засталіся толькі азёрцы, балотцы, крынічкі.
Залескі амаль штодзённа наведвае тыя вокны «да-мінскай» прасторы і «да-мінскага» часу, што захаваліся ў Драздах, Крупцах, Міхалове, Мядзвежыне… Ён там ловіць рыбу, збірае грыбы, назірае за казулямі і курцікамі. Ён тым жыве і дасканала той малы свет ведае.
«Паміж Банцараўшчынаю і Крупцамі ёсць месца сілы дзеля краснапёрак. Аб ім напісана навэт у артыкуле «Свіслач» з энцыклапедыі Бракгаўза. Але я краснапёрак не лаўлю. Яны надта далікатныя і мне іх шкада», — піша ён.
Ягоныя фоты поўняцца глыбокай філасофіяй.
«Чалавеку не трэба многа месца, каб жыць, і свет Божы прыгожы ва ўсіх частках», — гэта сутнасць ягонай жыццёвай дактрыны.
Усе подпісы да фотаў — аўтарскія. Мы толькі месцамі дадалі геаграфічную лакалазіцыю фота.
Каментары