Культура1414

Іспанка, якая піша па-беларуску, выдала ў Мінску зборнік вершаў

Ангела Эспіноса Руіз праз мову Купалы і Коласа «спрабуе адшукаць сябе».

Фота з асабістага архіва Анхелы Руіз

Хіба ўпершыню ў гісторыі нашай літаратуры з’яўляецца кніга іспанкі, якая піша па-беларуску. Анхела Эспіноса Руіз распавяла Еўрарадыё пра свой незвычайны зборнік вершаў «Раяль ля мора».

Хачу адшукаць сябе па-беларуску

22-гадовая паэтка пачала пісаць вершы на іспанскай мове з 6 гадоў. Пазней у яе з’явіліся творы на англійскай і французскай. Цяпер ёсць нават адзін верш па-ўкраінску. Беларускую мову іспанка вывучае толькі з 2013 года.

На пытанне, чаму першая кніга выходзіць менавіта па-беларуску, Анхела адказвае так:

«Асоба і характар змяняюцца, калі ты пачынаеш пісаць вершы на іншай мове. І ў гэтай кніжцы я хачу адшукаць сябе па-беларуску. У гэтых вершах — частка мяне і маёй душы».

«Раяль ля мора» — гэта адлюстраванне яе асобы. Паэтка нарадзілася ў Малазе. Усё жыццё жыве побач з морам і з маленства грае на піяніна. «Нават калі я пішу верлібрам, шукаю заўжды музыку ў вершах. Для мяне музыка — вельмі важная частка жыцця».

Анхела распавядае, што фармавалася на іспанскай паэтычнай традыцыі, патрапіла пад уплыў французскага сімвалізму, і ў зборніку гэта вельмі лёгка заўважыць. Але калі пачынае пісаць па-беларуску, яе стыль змяняецца.

«Мне сказалі, што ніхто так па-беларуску не піша, прынамсі, ніхто значны ў беларускай літаратуры. Я не магу сказаць, што мая паэзія блізкая да іншай беларускай паэзіі», — характарызуе сваю творчасць Анхела.

Беларуская мова — добрая для складання вершаў

Анхела шмат вывучала беларускую паэзію. З класікаў асабліва ёй падабаюцца Купала, Багдановіч, Геніюш. З больш сучаснай паэзіі — творы Барадуліна. Таксама падабаюцца вершы Міхаіла Баярына, Аляксея Арцёмава.

«Я лічу, што беларуская мова вельмі мілагучная і добрая для складання вершаў. Я гэта адразу заўважыла. Я ведаю недзе 9-10 моў. Ёсць мовы, на якіх я магу лёгка пісаць вершы, а ёсць, на якіх — не. А па-беларуску выходзіць вельмі натуральна».

Чытачамі гэтай кнігі бачу тых, хто шукае новае

Паэтка бачыць чытачамі сваёй кнігі людзей, якія шукаюць нешта новае. Яна адзначае, што яе паэзія — «крыху дзіўная».

«Я бачу жыццё сімваламі. Я пішу вельмі шчыра, гэта для тых, каму прыемна чуць праўду ў літаратуры», — кажа дзяўчына.

Анхела Эспіноса Руіз пакуль не ведае, ці будзе перакладаць гэтыя вершы на іспанскую, «але ўжо шмат хто цікавіцца».

Літаратарка таксама перакладае беларускую паэзію на іспанскую мову. Сярод самых вядомых перакладаў — купалаўскія «Малітва», «Ворагам беларушчыны» і «Белая яблыня грому» Барадуліна.

Верш са зборніка «Раяль ля мора»:

Горад

Легенда абвяшчае, што дзесьці ёсьць горад,
Восеньню золата і агню,
Дзе зіма разразае паветра, як тысяча нажоў,
Пакідаючы кроплі крыві, зь якіх будуць расьці кветкі
Вясны, якая заўсёды спазьняецца.
Горад, які абмываецца успамінам пра паўночнае мора
Ды старадаўныя сны.
Дзесьці ёсьць горад, дзе трэба прабачаць неба
За ягоную шэрасьць, за шчырасьць.
Горад, куды ўсмешкі ідуць на сьмерць,
Дзе хаваецца каханьне пад белай коўдрай,
А паэзія пад зямлёй.
Горад, які выжыў сто бітваў,
Верхам на першабытным кані.
Горад, дзе, быць можа, жыве той чалавек,
І губляецца сярод сумных, чужых твараў у мэтро,
І адначасова бачыш, і ня бачыш.
Горад, дзе хтосьці знаходзіць шчасьце…
А хтосьці, ну, ня тое, праўда, што шчасьце,
Але вельмі падобнае адчуваньне.
Гэтага дастаткова.

Зборнік вершаў «Раяль ля мора» ад сёння можна набыць у кнігарні «Логвінаў».

Каментары14

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну8

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне двух магілёўцаў: нібыта яны ехалі ў краіну з пашпартамі Новай Беларусі15

Ад чаявання з абаранкамі да песень пра «герояў СВА». Як Рускі дом прыносіць у Гродна рускі свет17

Беларускі верталёт Мі-24 збіў расійскі беспілотнік, які ляцеў ва Украіну8

Забойства палкоўніка СБУ ў Кіеве здзейснілі грамадзяне Азербайджана6

Жыхары аграгарадка звярнуліся да Лукашэнкі: дзіцячы садок закрываюць, а малых, нават двухгадовых, будуць вазіць за 20 км10

Як жыве просты мінскі зваршчык, які выйграў тры мільёны рублёў5

Куды аддаць сёлета сваіх дзяцей, каб яны вучыліся па-беларуску1

Краіны ЕС пагадзіліся знізіць цэнавае абмежаванне на расійскую нафту на 15 %

У Францыі зняволены змог збегчы з турмы — яго вынес у сумцы сукамернік, які вызваліўся

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну8

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць