Алянд уручыў амерыканскім вайскоўцам, якія скруцілі тэрарыста, найвышэйшыя ўзнагароды Францыі

Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд узнагародзіў ордэнам Пачэснага легіёну амерыканцаў і брытанца, якія скруцілі тэрарыста ў цягніку.
На фота злева направа: брытанскі бізнэсовец Крыс Норман, амерыканскі студэнт Энтані Сэдлер, прэзідэнт Францыі, паранены тэрарыстам баец Вайскова-паветраных сіл ЗША Спэнсэр Стоўн і баец Нацгвардыі ЗША Алек Скарлатас.
Адвакат затрыманага тэрарыста заявіў, што ягоны падабаронны проста «збіраўся абрабаваць цягнік», а не меў тэрарыстычных намераў.
«У пацана быў калаш і 8 поўных ражкоў. Калі ідуць рабаваць, 8 ражкоў да калаша з сабой не бяруць», — пракаментаваў Скарлатас.
Стоўн хоць і быў сам паранены, уратаваў жыццё пасажыра, якога тэрарыст парэзаў. Ён прыціснуў пальцамі парэзаную артэрыю і так трымаў да прыезду медыкаў.
Смеласць салдат прадухіліла крывавую разню.
Мараканец з аўтаматам кіраваўся з Бельгіі ў Францыю цягніком Амстэрдам—Парыж.
Ён падрыхтаваўся да атакі. У туалеце ён дастаў і зарадзіў аўтамат АК-47 і выйшаў з ім у вагон. Аднак імгненна зрэагавалі трое пасажыраў-амерыканцаў — двое вайскоўцаў і адзін цывільны.
Яны пачулі гук, як у туалеце зараджаўся аўтамат, і насцярожыліся. І разам наваліліся на араба, перш чым той паспеў адкрыць агонь. У таго, акрамя аўтамата, быў яшчэ і нож, і ён актыўна супраціўляўся. У выніку адзін амерыканец і два пасажыры вагона, адзін з якіх — французскі акцёр, былі параненыя. Паранены і сам тэрарыст. Амерыканец, які вырваў у яго аўтамат, стукнуў прыкладам па галаве, каб нейтралізаваць.
Як аказалася, затрыманы знаходзіўся ў спісе падазраваных французскіх спецслужбаў.
У выніку цягнік быў спынены ў французскім памежным горадзе Арас.

Міністр унутраных спраў Францыі Бэрнар Казнёў выказаў падзяку і захапленне амерыканскімі вайскоўцамі.

Цяпер чытаюць
«Я супраць. Мовы, якія пакінулі пасля сябе каланізатары ў Афрыцы, сталі шляхам да цывілізацыі». Алексіевіч адказала, як ставіцца да адмовы ад рускай мовы ва Украіне
«Я супраць. Мовы, якія пакінулі пасля сябе каланізатары ў Афрыцы, сталі шляхам да цывілізацыі». Алексіевіч адказала, як ставіцца да адмовы ад рускай мовы ва Украіне
«Як Вольскі прыходзіў з ператрусам да Коласа, а Крапіва і Глебка даносілі на калег». Апублікаваныя жахлівыя ўспаміны Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі 1920—1940-х
Каментары